Каманда Ціханоўскай чакае ад Кіева пацвярджэння па датах візіту ва Украіну

21 сакавіка, Позірк. Спадзеў на тое, што атрымаецца сустрэць ва Украіне Дзень Волі (25 сакавіка) — “народнае нацыянальнае свята беларусаў, якое рэжым не вітае”, выказала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю “Еўрапейскай праўдзе”, апублікаваным увечары 20 сакавіка.
“Цяпер чакаем ад украінскага боку пацвярджэння па датах, вядзем перамовы і пра змястоўную частку, — сказала яна. — Тут шмат пытанняў — і лагістыка, і бяспека. І, вядома, я хачу прыехаць не з пустымі рукамі, а прывезці дапамогу для добраахвотнікаў. Для мяне вельмі важна падтрымаць Украіну цяпер, бо ад лёсу Украіны залежыць лёс Беларусі”.
Паводле слоў палітыка, такі візіт “стаў бы моцным сігналам для беларусаў”: “Сігналам пра тое, што Украіна — за свабодную Беларусь, што Лукашэнка — ваенны злачынец, што беларусы і ўкраінцы — разам супраць расійскага імперыялізму”. “Гэта сапраўды важна, бо беларусы глядзяць на Украіну з вялікай надзеяй і ўспрымаюць прэзідэнта [Украіны Уладзіміра] Зяленскага як лідара не толькі Украіны, але і ўсяго рэгіёну”, — падкрэсліла яна.
Ціханоўская заявіла, што кожная заява Зяленскага ў падтрымку свабоднай Беларусі “натхняе людзей на барацьбу супраць лукашызму”, іх вельмі натхніла з’яўленне “такога моцнага саюзніка”.
Украіна, на яе думку, “пазбягала стасункаў” з беларускімі дэмсіламі і паводзіла сябе асцярожна з Аляксандрам Лукашэнкам, каб “не дапусціць эскалацыі, не адкрыць новы фронт з поўначы”, спадзяючыся, што “Лукашэнка неяк ачомаецца”, але “гэта было памылковае ўспрыманне”.
“Усё дрэннае, што Лукашэнка мог зрабіць Украіне, ён зрабіў, — канстатавала палітык. — Беларусь дае неба для пралёту дронаў, і дапамога ў навядзенні авіяўдараў зараз ідзе з беларускай тэрыторыі. Гэта і сустрэчы з акупацыйнымі адміністрацыямі, і дапамога ім, і вываз украінскіх дзяцей, і пастаўкі зброі Расіі. То бок, Лукашэнка зарабляе грошы на крыві ўкраінцаў і дапамагае Расеі атакаваць вашыя гарады”.
Таму “змена палітыкі Кіева”, лічыць Ціханоўская, з’яўляецца “дэманстрацыяй моцнай пазіцыі Украіны”, сігналам Лукашэнку — яго больш не баяцца, наадварот, баяцца варта яму.
Паводле слоў дэмлідара, яе сустрэча з Зяленскім 25 студзеня ў Вільнюсе “была хвілін на 20–25”: “Я выказала падтрымку Украіне, распавяла, як беларусы ўкладаюцца ў гэтую барацьбу, і, вядома, падзякавала прэзідэнту і ўкраінскаму народу за мужнасць”. “Гэта была наша першая сустрэча, знаёмства, і яе галоўны вынік — тое, што калі я сказала, што хацела б прыехаць ва Украіну, Уладзімір Зяленскі ў адказ сказаў: “Вядома, прыязджайце”, — адзначыла яна.
У будучага візіту, сказала палітык, будзе “практычнае напаўненне”. У прыватнасці, яна мае намер адкрыць Місію дэмсіл Беларусі ва Украіне — прадстаўніцтва, як тыя, што ўжо працуюць у Бельгіі, Эстоніі, Чэхіі, Італіі, неўзабаве з’явіцца ў Іспаніі.
“Таксама мы разлічваем вырашыць шэраг практычных пытанняў, у прыватнасці, адносна статусу беларусаў ва Украіне, — заявіла Ціханоўская. — Гэта балючае для многіх, вельмі важнае пытанне. Гаворка ідзе і пра тых беларусаў, хто служыў у Сілах абароны Украіны і завяршыў службу; гэта і пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў, гэта і беларускія дзеці, народжаныя ва Украіне”.
“Мы таксама вядзем перамовы пра сумесныя праекты — як беларусы могуць дапамагчы ў аднаўленні Украіны; мы маем прапанову пра каардынацыю ў інфармацыйнай палітыцы, у барацьбе з расійскай прапагандай. Я вельмі спадзяюся, што атрымаецца сустрэцца і з Вярхоўнай Радай, і з дыяспарай, і з добраахвотнікамі, і з беларусамі-валанцёрамі”.
Акрамя таго, паводле слоў дэмлідара, супраца з Украінай вельмі важная для таго, каб “не дапусціць зняцця санкцый з Лукашэнкі і [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна”.
На пытанне, навошта дэмакратычнай Беларусі патрэбная Украіна, а Украіне — Беларусь, палітык падкрэсліла, што “без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны, а без перамогі Украіны <…> практычна няма шанцаў вырваць Беларусь з лап Расіі”.
“Мы маем тысячу кіламетраў агульнай мяжы, таму для Украіны свабодная Беларусь — не расійская, а еўрапейская — гэта экзістэнцыйны інтарэс, — сказала яна. — Мы — натуральныя саюзнікі. Нас аб’ядноўвае не толькі геаграфія, нас аб’ядноўваюць каштоўнасці, імкненне да свабоды, жаданне вырвацца з лап імперыі, еўрапейская будучыня. Мы з Украінай маем агульнага праціўніка — ідэалогію “рускага свету”.
Усё тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, паводле слоў Ціханоўскай, адбываецца і на акупаваных тэрыторыях Украіны: “Гэта і русіфікацыя, і падпарадкаванне Расіі ўсіх сфер — эканомікі, медыя, адукацыі”.
“Таму аб’яднанне нашых намаганняў вельмі важнае, — канстатавала дэмлідар. — Асабліва для нас, бо мужнасць Украіны паказвае нам, што наогул усё магчыма. Многія ў Беларусі 30 гадоў не верылі, што мы маем выбар. Нас штурхалі ў Расію, а з Еўропы ніхто і не казаў, маўляў, вы — частка нашай сям’і. Ну і людзі пасіўна ішлі туды”.
“Але я ўпэўненая: калі ва Украіны атрымаецца ўступіць у ЕС, то ў будучым атрымаецца і ў нас. І, вядома, нам важна дзейнічаць разам, каб утрымліваць увагу міру на Украіне і Беларусі, на расійскай пагрозе”, — дадала Ціханоўская.
МЗС Украіны рыхтуе кандыдатуры на пасаду спецпрадстаўніка па Беларусі — Зяленскі
Украіна даўно выступае за прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці — кіраўнік МЗС Сібіга
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва за суткі спыніла 18 спробаў парушэння мяжы з тэрыторыі Беларусі — новы рэкорд 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–20 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская: Заходнія палітыкі часам забываюць, што дыктатары — прафесійныя ашуканцы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Лукашэнка заявіў пра кантроль спецслужбаў за экс-палітвязнямі, у АПК заклікалі гарантаваць іх правыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


