Мінск 12:12

Мінабароны паведаміла пра пачатак комплексных вучэнняў у Брэсцкай і Мінскай абласцях

19 сакавіка, Позірк. Аб правядзенні з 19 па 25 сакавіка комплексных вучэнняў з войскамі Заходняга аператыўнага камандавання паведаміла Міністэрства абароны.

Паводле слоў начальніка Генеральнага штаба Паўла Муравейкі, вучэнні з’яўляюцца “адным з галоўных мерапрыемстваў у рамках праверкі баявой гатоўнасці”.

“У аснову задумы была пакладзена самая сучасная ваенна-палітычная абстаноўка, а таксама дасягненні ваеннага мастацтва ў галіне развіцця сродкаў ўзброенай барацьбы і тэндэнцый вядзення сучасных баявых дзеянняў у рамках сучасных ваенных канфліктаў”, — падкрэсліў военачальнік.

Адзначаецца, што вучэнні пройдуць на тэрыторыі Брэсцкай і Мінскай абласцей, “максімальна набліжаных” да ландшафту краіны, а таксама “на значнай адлегласці ад дзяржаўнай мяжы”.

“Мы плануем адпрацаваць падрыхтоўку абарончых рубяжоў і пазіцый з апорай на вузлы супраціву, участкі загарод, пры гэтым максімальна выкарыстоўваць мясцовую прамысловую і адміністрацыйна-гаспадарчую базу”, — сказаў Муравейка.

Будуць задзейнічаныя беспілотныя лятальныя апараты, “комплексы радыёэлектроннай барацьбы і інфармацыйнага проціборства”, плануюцца “стрэльбы на вялікія далёкасці”, дадаў ён.

“Не выключана, што ў рамках актыўнага этапу вучэнняў будуць адпрацаваныя актыўныя дзеянні механізаваных і танкавых падраздзяленняў па барацьбе з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка, а таксама адбіццё магчымых нападаў і актыўны манеўр”, — адзначыў кіраўнік Генштаба.

Ён таксама паведаміў, што вышэйшае кіраўніцтва “ўважліва сочыць за працэсамі ваеннай актыўнасці, якая адбываецца каля нашых межаў”.

Раптоўная праверка боегатоўнасці ўсіх відаў і родаў Узброеных сіл па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі праводзілася з 16 студзеня — у абыход Мінабароны. Мерапрыемствы першапачаткова планавалася праводзіць да вясны, аднак 3 сакавіка іх ініцыятар заявіў, што праверка будзе працягвацца.

Паралельна з 26 студзеня па ініцыятыве Мінабароны праводзіцца “планавая” комплексная праверка боегатоўнасці воінскіх часцей і падраздзяленняў.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны, афіцыйна называючы яе ўслед Крамлём “спецыяльнай ваеннай аперацыяй (СВО)”. Увесь гэты час улады практычна бесперапынку праводзяць вучэнні сілавога блока.

Падзяліцца: