Мінск 10:41

Ціханоўская: Мы спадзяемся, што аднойчы Беларусь стане паўнапраўным членам еўрапейскай сям’і

Архіўнае фота: старонка Святланы Ціханоўскай у сацсетцы Х

19 сакавіка, Позірк. Цягам паловы стагоддзя Еўрапейская народная партыя (ЕНР) “выступала ў якасці аднаго з галоўных слупоў еўрапейскага дэмакратычнага праекта, абараняючы свабоду, чалавечую годнасць, вяршэнства закона і салідарнасць паміж народамі. Пра гэта заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 18 сакавіка ў Брусэлі на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 50-годдзя ЕНР.

“Для беларусаў Еўрапейская народная партыя прадстаўляе нешта большае, чым проста найбуйнейшую палітычную сям’ю ў Еўропе. Яна ўвасабляе каштоўнасці, за якія мы змагаемся, — дэмакратыю, еўрапейскі выбар і павагу правоў чалавека”, — адзначыла палітык.

Паводле яе слоў, менавіта ЕНП “упершыню ў гісторыі запрасіла беларускую палітычную партыю — Аб’яднаную грамадзянскую партыю — далучыцца да сваёй сям’і”. “Быў зроблены адзін з першых інстытуцыйных крокаў у Еўропу. З тых часоў да яе далучыліся яшчэ дзве партыі — Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і “Рух за Свабоду”. Мы ўдзячныя вам за пастаянную падтрымку, якую вы ім аказваеце”, — падкрэсліла Ціханоўская.

“Калі беларусы сутыкнуліся з рэпрэсіямі і ізаляцыяй, ЕНП не адвярнулася. Мы з удзячнасцю ўспамінаем візіты прэзідэнта ЕНП Джозэфа Доля ў Беларусь у падтрымку дэмакратычных сіл у 2016 годзе. Мы цэнім пастаянную ўвагу і кіруючую ролю Дональда Туска, а сёння і Манфрэда Вебера, якія ўтрымліваюць Беларусь у парадку дня еўрапейскай дэмакратычнай супольнасці”, — сказала дэмлідар.

“Урсула фон дэр Ляен, Роберта Метсола, Анджэй Халіцкі, Антоніа Таяні і многія іншыя — вы мае героі і гераіні, змагары за свабоду. Вы праявілі мужнасць і яснасць у падтрымцы нашых агульных дэмакратычных каштоўнасцяў. Ад напісання лістоў палітвязням да падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве з Еўрапейскім парламентам — вы заўсёды былі з намі”, — дадала яна.

“Некаторыя жэсты” ЕНП “могуць здацца нязначнымі, але для людзей, якія жывуць ва ўмовах рэпрэсій, яны нясуць велізарную маральную сілу”, лічыць Ціханоўская. “Ваша падтрымка дасягнула нашых журналістаў, актывістаў і палітвязняў і глыбока кранула іх. Усе яны ведаюць, што вы сапраўды народная партыя, таму што больш за ўсё вы клапоціцеся пра рэальных людзей”, — удакладніла палітык.

“Пяцьдзесят гадоў ЕНП — гэта пяцьдзесят гадоў пабудовы больш моцнай і свабоднай Еўропы. Мы спадзяемся, што аднойчы дэмакратычная Беларусь стане паўнапраўным членам гэтай еўрапейскай сям’і”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Пра ўдзел дэмлідара ў пашыраным саміце ЕНП, прысвечаным 50-годдзю партыі, стала вядома напярэдадні. Мерапрыемства пройдзе 19 сакавіка ў Бруселі.

Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, у саміце ЕНП возьмуць удзел прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, прэзідэнт Еўрапейскага парламента Роберта Метсола, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск (узначальваў ЕНП у 2019–2022 гадах), кіраўнік урада Швецыі Ульф Крыстэрсан і інш.

На з’езды ЕНП Ціханоўская запрашалася ў 2022, 2024 і 2025 гадах.

У рамках цяперашняга візіту ў Бельгію дэмлідар наведае Бруге, дзе выступіць у каледжы Еўропы, які займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў па справах Еўрасаюза.

Падзяліцца: