Мінск 15:57

Ціханоўская прапанавала Еўракамісіі пачаць рыхтаваць праекты супрацы з дэмакратычнай Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

7 сакавіка, Позірк. Пасля дэмакратычных пераўтварэнняў цэнтральныя органы і мясцовыя ўлады Беларусі змогуць атрымаць доступ да фінансавання Еўрасаюза. Пра гэта было заяўлена на праведзенай напрыканцы рабочага тыдня ў Бруселі сустрэчы беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай з выканаўчым віцэ-прэзідэнтам Еўракамісіі (ЕК) па згуртаванасці і рэформах, еўракамісарам па палітыцы згуртаванасці, рэгіянальным развіцці і гарадах Рафаэле Фітам.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага палітыка, патэнцыйна гаворка ідзе пра “сотні мільёнаў еўра падтрымкі”.

“Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што ўжо цяпер трэба рыхтавацца да “постлукашэнкаўскай” Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні. — Рана ці позна перамены адбудуцца, і Беларусі спатрэбіцца дапамога Еўрасаюза для правядзення рэформ і адбудоўвання краіны. Ціханоўская прапанавала разам з Еўракамісіяй ужо зараз пачаць падрыхтоўку магчымых напрамкаў і праектаў супрацы”.

Палітык таксама нагадала пра абвешчаны кіраўніцай ЕК Урсулай фон дэр Ляен “ўсёабдымны план”, які прадугледжвае “да 3 млрд еўра на эканамічныя рэформы ў Беларусі пасля дэмакратычных перамен”.

На сустрэчы з еўракамісарам па пытаннях абароны і космасу Андрусам Кубілюсам, якая, як паведамляў “Позірк”, адбылася 5 сакавіка — другі раз менш чым за месяц, абмяркоўвалася “цяперашняя ваенна-палітычная сітуацыя, гуманітарны трэк вызвалення палітзняволеных, які праводзяць ЗША, а таксама месца Беларусі ў будучай архітэктуры бяспекі Еўропы”.

Дэмлідар прапанавала ЕС глядзець на Беларусь “з улікам доўгатэрміновых стратэгічных інтарэсаў”, каб у “будучай еўрапейскай стратэгіі бяспекі было месца для Беларусі”.

Ціханоўская адзначыла, што Еўрасаюз і Украіна “найбольш зацікаўленыя ў дэмакратычнай, незалежнай, еўрапейскай Беларусі, бо гэта іх жыццёвы інтарэс і інтарэс бяспекі”. Падкрэсліўшы, што “ад таго, якой будзе Беларусь, залежыць бяспека ўсяго рэгіёна”, палітык заклікала ўжо цяпер думаць, “як выцягнуць Беларусь з татальнай залежнасці ад Расіі і вярнуць яе на дэмакратычны шлях развіцця”.

“Ціханоўская таксама распавяла пра працу дэмакратычных сіл у галіне бяспекі, перадала Red Paper па еўрапейска-беларускай бяспецы і абмеркавала супрацу з Украінай, у тым ліку планаваны візіт у Кіеў. Яна таксама распавяла пра беларускіх добраахвотнікаў і іх унёсак у абарону Украіны. Ціханоўская адзначыла, што беларусы і беларускія дэмакратычныя сілы гатовыя ўдзельнічаць у еўрапейскіх праграмах бяспекі, бо бяспека Еўрасаюза — гэта і бяспека Беларусі”, — падкрэсліла прэс-служба дэмлідара.

Падзяліцца: