Мінск 16:26

Цапкала абмеркаваў у Белым доме вылучэнне Трампа на Нобелеўскую прэмію міру

Фота: тэлеграм-канал Валерыя Цапкала

5 сакавіка, Позірк. Пра чарговую праведзеную сустрэчу ў Белым доме паведаміў у сваім тэлеграм-канале 5 сакавіка экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта (2020), былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій (2005–2017) і экс-амбасадар Беларусі ў ЗША (1997–2002) Валерый Цапкала.

Гэтым разам суразмоўцам Цапкалы стаў спецыяльны памочнік прэзідэнта ЗША Чарльз Маклафлін IV.

“Мы выказалі падзяку прэзідэнту Злучаных Штатаў Амерыкі Дональду Трампу і ўсёй камандзе Белага дома, уключаючы дзяржаўнага сакратара і дарадцы па нацыянальнай бяспецы Марка Рубіа, а таксама спецыяльнага пасланніка Джона Коўла за рашучыя дзеянні па пераадоленні гуманітарнага крызісу ў Беларусі”, — адзначыў палітык.

“Праінфармавалі Белы дом аб тым, што, як і абяцалі ў асабістым лісце Дональду Трампу, накіраваным напярэдадні яго сустрэчы на Алясцы з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным, што ў выпадку далейшага прагрэсу ў гэтым кірунку мы сумесна з нефармальным клубам Нобелеўскіх лаўрэатаў, распачнем усе намаганні па падтрымцы яго кандыдатуры на Нобелеўскую прэмію міру за выдатныя намаганні ў гуманітарнай сферы. Таксама адзначылі, што ў выніку сумеснай працы з міжнароднымі партнёрамі шэраг дэпутатаў нацыянальных парламентаў і Еўрапейскага парламента афіцыйна вылучылі Дональда Трампа на Нобелеўскую прэмію міру”, — паведаміў Цапкала.

На сустрэчы, паводле яго слоў, таксама абмяркоўвалася “сітуацыя ў Беларусі і рэгіёне ў цэлым”. “Былі прапанаваныя канкрэтныя крокі, якія адміністрацыя ЗША магла б распачаць для вызвалення палітычных зняволеных. Гэтыя крокі не павінны прыводзіць да новых арыштаў, як гэта адбываецца цяпер, а, наадварот, забяспечыць закрыццё ўсіх палітычна матываваных крымінальных спраў”, — падкрэсліў ён.

На думку Цапкалы, “такія нядаўнія рашэнні ў Венесуэле былі сустрэтыя грамадствам з энтузіязмам — парламентарыі віталі іх стоячы”.

“Палітычная амністыя ў Беларусі па аналогіі з Венесуэлай і закрыццё крымінальных спраў мелі б не меншы, калі не большы эфект, спрыяючы завяршэнню адной з найбуйнейшых гуманітарных трагедый пасляваеннай Еўропы, калі каля паўмільёна беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну з-за пагрозы палітычнага пераследу”, — дадаў палітык.

“Таксама прапанавалі разгледзець магчымасць уключэння Беларусі ў будучую мірную дамову паміж Расіяй і Украінай з акцэнтам на міжнародныя гарантыі бяспекі для Беларусі, неразмяшчэнне ядзернай зброі на яе тэрыторыі, абмежаванне замежнай вайсковай прысутнасці і правядзенне вучэнняў выключна ў адпаведнасці з механізмамі АБСЕ, уключаючы палажэнні Венскага дакумента”, — напісаў у тэлеграм-канале экс-дыпламат.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі сустракаўся з Чарльзам Маклафлінам у лютым 2026-га і верасні 2025-га (разам з Сяргеем Ціханоўскім).

За дзень да сустрэчы з Маклафлінам Цапкала абмеркаваў “шэраг пытанняў міжнароднага парадку дня” з намеснікам дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Эндру Бэйкерам.

24 снежня мінулага года спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл абверг дачыненне Цапкалы да перамоваў з амерыканскай адміністрацыяй, у выніку якіх былі вызваленыя беларускія палітвязні.

Коўл адрэагаваў у сетцы “Х” на пытанне з фэйкавага акаўнта суда Цэнтральнага раёна Мінска, у якім яго прасілі пацвердзіць або зняпраўдзіць інфармацыю аб тым, што Цапкала даваў парады і дапамагаў Коўлу ў пытанні вызвалення палітвязняў.

“Не, ён гэтага не рабіў. Гэта было зроблена мною, прэзідэнтам Трампам, [намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША] Крысам Смітам і выдатнай камандай урада ЗША”, — напісаў Коўл.

Пра свае пастаянныя кантакты з Коўлам Цапкала паведаміў у інтэрв’ю ютуб-каналу The Insider Live 23 снежня. Паводле яго сцвярджэння, яны стэлефаноўваюцца “прыкладна раз на тыдзень”.

Падзяліцца: