Мінск 18:28

Справа журналіста Паўла Дабравольскага будзе разгледжана ў Мінгарсудзе

Фота: інстаграм-акаўнт Паўла Дабравольскага

3 лютага, Позірк. Крымінальная справа палітвязня Паўла Дабравольскага накіраваная ў Мінскі гарадскі суд, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Паводле даных БАЖ, працэс над журналістам можа пачацца ў канцы лютага.

Раней “Позірк” паведамляў, што тэрмін утрымання пад вартай Дабравольскага працягнуты да 22 снежня.

Дабравольскі быў затрыманы 22 студзеня 2025 года, праз 10 дзён пасля свайго 35-годдзя. Абвінавачваецца ў “здрадзе дзяржаве” (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

26 жніўня праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітвязнем.

Згодна з наяўнай інфармацыяй, абвінавачанне звязана з прафесійнай дзейнасцю журналіста, які раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі). Апошняе месца працы Дабравольскага ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частка супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 года, напярэдадні яе 30-годдзя, рашэннем КДБ была прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і потым арыштаваны на 15 сутак.

Згодна з адкрытай інфармацыяй у акаўнтах Дабравольскага ў сацыяльных сетках, пасля ад’езду з Беларусі ў канцы 2021 года ён падарожнічаў па розных краінах, у тым ліку Ірану і Расіі, быў у Паўднёвай Амерыцы, дзе зазнаў напад рабаўнікоў. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.

Акаўнт журналіста ў “Тэлеграме” мінімум тройчы актываваўся пасля яго арышту — 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка. Цяпер яго акаўнта ў месенджары няма.

Паводле звестак БАЖ, у няволі ўтрымліваецца не менш як 28 супрацоўнікаў айчынных СМІ.

Падзяліцца: