Мінск 10:44

Экс-кіраўнік Віцебскай вобласці Субоцін адпраўлены ў адстаўку, напярэдадні Лукашэнка абяцаў яму перавод на “іншую пасаду”

Фота: vitbichi.by

16 студзеня, Позірк. Указ № 11 аб адстаўцы Аляксандра Субоціна падпісаў 15 студзеня Аляксандр Лукашэнка. Дакумент апублікаваны 16 студзеня на Нацыянальным прававым партале.

Ва ўказе “выхадам у адстаўку” матываванае вызваленне 49-гадовага чыноўніка ад пасады старшыні Віцебскага аблвыканкама.

Рашэнне прынята ў адпаведнасці з падпунктам 1.8 (адстаўка) пункта 1 арт. 46 (“Падставы для спынення грамадзянскай службы”) закона “Аб дзяржаўнай службе”.

Напярэдадні Лукашэнка прызначыў старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Рагожніка, які раней паўтара года працаваў амбасадарам Беларусі ў Расіі.

Пры гэтым Лукашэнка, як паведамляла яго прэс-служба, “паабяцаў загрузіць на ўсю катушку на іншай пасадзе Аляксандра Субоціна, які пакінуў пасаду старшыні Віцебскага аблвыканкама ў сувязі з пераводам на іншую працу”. “Гэта датычыцца знешняга контуру нашай краіны і іншых напрамкаў, дзе трэба сур’ёзна папрацаваць”, — сказаў ён.

Пры прызначэнні Рагожніка Лукашэнка заявіў, што “гэта не надзвычайшчына, але вобласць мае патрэбу ў нейкім прарыве”. “Проста мы працавалі па-старому, пра гэта ўжо таксама шмат гаварылася. Трэба свежым поглядам зірнуць на праблемы, якія там існуюць, і дзейнічаць”, — заклікаў ён.

Пры гэтым палітык зрабіў акцэнт на вырашэнні праблемы з падзяжом жывёлы. “Вам трэба прыстойна гэтым займацца. І хачу вас папярэдзіць, Барані Гасподзь, там у вас будзе назірацца мор маладняку”, — сказаў ён кіраўніку вобласці.

Субоцін нарадзіўся 23 траўня 1976 года ў гарадскім пасёлку Руба (Віцебскі раён). Скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны (ВДАВМ) і Міжнародны інстытут менеджменту. Працаваў у ВДАВМ на шэрагу пасад, ад асістэнта кафедры да першага прарэктара акадэміі.

У 2014 годзе быў прызначаны намеснікам начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта, у 2015-м — намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэктарам дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду.

З 2017 года па верасень 2018 года быў памочнікам Лукашэнкі па Віцебскай вобласці.

З верасня 2018 года па студзень 2020 года член калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі.

16 сакавіка 2020 года прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці.

З 4 ліпеня 2020 года працаваў намеснікам прэм’ер-міністра.

Віцебскую вобласць узначаліў 13 снежня 2021 года.

Падзяліцца: