Мінск 03:33

Да сваякоў вывезеных экс-палітвязняў прыходзяць спецслужбы — Зазулінская (дапоўнена)

Ілюстрацыя: pixabay.com

14 студзеня, Позірк. На сваякоў вызваленых і прымусова вывезеных з Беларусі экс-палітвязняў аказваюць ціск спецслужбы, вынікае са слоў прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай.

На прэс-канферэнцыі ў Варшаве 13 студзеня палітык паведаміла пра іх нядаўні візіт да бацькоў аднаго з вывезеных у краіне: “Яму прапануюць вярнуцца ў Беларусь і адседзець 15 гадоў”.

“Яго спачатку выкідваюць за межы краіны, не пытаючыся, ці хацеў ён з’язджаць, а потым прапануюць [гэта]. <…> Калі маці сказала пра тое, што “вы ж яго самі вывезлі”, то ёй адказалі, што ён уцёк з калоніі”, — сказала прадстаўніца АПК.

“Тое, што сёння адбываецца ў сем’ях людзей, чыіх сваякоў вывезлі за межы Беларусі, — гэта ціск. Прыходзяць супрацоўнікі розных інстанцый з мэтай устанавіць [іх] месца знаходжання. І выкарыстоўваюць розныя формы ціску <…>. Гэта можа быць не толькі жонка і дзіця, гэта могуць быць і сталыя бацькі”,  — дадала яна.

Зазулінская звярнула ўвагу на невыразны прававы статус былых палітвязняў, якіх улады выдвараюць за мяжу.

Паводле яе, у даведках аб вызваленні з месцаў пазбаўлення волі, якія часта з’яўляюцца адзіным дакументам у іх на руках (пашпарты, як правіла, не аддаюцца. — “Позірк”.), не ўказваецца падстава выхаду.

Вываз людзей палітык пры гэтым ахарактарызавала як прымусовую дэпартацыю.

Прадстаўніца АПК падзякавала Варшаве за магчымасць для былых зняволеных абраць краіну для канечнага выезду: “На жаль, у папярэдніх групаў [вывезеных] — а іх было тры — такой магчымасці не было”.

“Мы павінны спыніць гвалтоўнае перамяшчэнне людзей праз межы краіны іх грамадзянства. Таму што разрываюцца сем’і”, — заклікала яна.

Паводле Зазулінскай, былыя палітвязні павінны мець выбар, ці заставацца ў Беларусі: “Гвалтоўная дэпартацыя — гэта <…> парушэнне. Калі мы адно злачынства прыкрываем другім і кажам “ну дзякуй богу, людзі на волі”… Але яны павінны быць на волі ў сябе дома <…>, а далей яны самі будуць выбіраць”.

Працяг практыкі прымусовага вывазу за мяжу яна назвала магчымай “гуманітарнай катастрофай”.

“Ці гатовыя мы сёння па-за межамі Беларусі забяспечыць усіх людзей сацыяльнай падтрымкай?” — задалася пытаннем прадстаўніца АПК.

Таксама Зазулінскую “вельмі хвалюе”, што апошняя група вызваленых, самая вялікая, была вывезена ў краіну, дзе ідзе вайна (109 чалавек 13 снежня прывезлі ва Украіну).

Яна выказалася за пашырэнне геаграфіі краін, якія прыймаюць вывезеных з Беларусі.

Дэпартацыя, альбо прымусовае перамяшчэнне насельніцтва, з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці, нагадала прадстаўніца праваабарончага цэнтру “Вясна” Ганна Морская.

Латушка: Важна паскорыць легалізацыю дэпартаваных экс-палітвязняў

13 студзеня, Позірк. Найважнейшая задача дэмсілаў па дапамозе прымусова вывезеным былым палітвязням — паскорыць працэдуру іх легалізацыі на тэрыторыі Польшчы і Літвы. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 13 студзеня намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага …
Падзяліцца: