Мінск 23:58

Латушка: Важна паскорыць легалізацыю дэпартаваных экс-палітвязняў

Архіўнае фота: “Позірк”

13 студзеня, Позірк. Найважнейшая задача дэмсілаў па дапамозе прымусова вывезеным былым палітвязням — паскорыць працэдуру іх легалізацыі на тэрыторыі Польшчы і Літвы. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 13 студзеня намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

У Польшчы, адзначыў ён, вялікая колькасць украінцаў і беларусаў падаюць заявы на атрыманне міжнароднай абароны, у сувязі з чым адпаведныя ўстановы перагружаныя працай.

Палітык паведаміў пра прызначаную ў яго на 14 студзеня сустрэчу з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Томашам Цытрыновічам, якога ён будзе прасіць аб адпаведнай дапамозе.

Паводле слоў Латушкі, найхутчэйшая легалізацыя вельмі важная з пункту гледжання сацыялізацыі дэпартаваных, іх магчымасці атрымаць доступ да рынку працы, а таксама “зніжэння цяжару фінансавання, якое нясуць <…> праваабарончыя арганізацыі, а таксама простыя беларусы”.

“Бо ўвесь гэты час палітвязняў трэба ўтрымліваць, забяспечваць іх пражыванне, харчаванне, вырашаць бытавыя пытанні. А з доступам да рынку працы яны будуць мець магчымасць утрымліваць сябе (чаканне міжнароднай абароны прадугледжвае абмежаванні з доступам да яго. — “Позірк”.)”, — адзначыў палітык.

Кіраўнік НАУ таксама паведаміў, што ў канцы снежня мінулага года на сустрэчы з кіраўніцтвам МЗС Польшчы абмяркоўваў візавае садзейнічанне былым палітвязням, іх сем’ям і блізкім, у тым ліку — атрыманне гуманітарных віз для ўз’яднання сем’яў.

Пры гэтым спікер падзякаваў Варшаве за садзейнічанне ў легалізацыі прыбылых.

Закрануўшы апяшняе вызваленне беларускіх палітвязняў з ініцыятывы амерыканскага боку (13 снежня летась) палітык падкрэсліў: “Мы ўсе былі сведкамі прымусовай высылкі, дэпартацыі беларусаў з тэрыторыі сваёй краіны. Гэтую дзейнасць ажыццяўляе рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі ўжо на працягу не аднаго года”.

Лукашэнка, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе ў снежні мінулага года заявіў, што адхіліў просьбу ЗША аб тым, каб вызваленыя зняволеныя маглі застацца на тэрыторыі сваёй краіны, нагадаў прадстаўнік АПК.

“Ім таксама фактычна адмоўлена ў магчымасці вярнуцца ў Беларусь, а шэраг з іх быў пазбаўлены пашпартоў”, — дадаў палітык.

“Усе выказванні Лукашэнкі пасля вызвалення гэтай групы палітвязняў зафіксаваныя камандай НАУ, перакладзеныя на ангельскую мову і афіцыйным лістом накіраваныя ў офіс пракурора МУС летась 23 снежня. Атрымана пацверджанне, што дакументы прынятыя”, — удакладніў Латушка.

Кіраўнік НАУ таксама падзякаваў амерыканскаму, украінскаму, польскаму і літоўскаму боку, а таксама беларускім арганізацыям за дапамогу, аказаную вызваленым і гвалтоўна вывезеным з краіны.

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны.

109 беларусаў і пяць украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны. Яшчэ адзін палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.

Вялікая група з 89 беларускіх палітвязняў у ноч на 18 снежня прыбыла з Украіны ў Варшаву.

Сярод прыбылых у польскую сталіцу былі Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка, якія пасля з’ехалі ў Германію.

20 чалавек прыехала ў Вільнюс.

Падзяліцца: