Мінск 14:24

Чацвёра замежных студэнтаў дэпартаваныя з Беларусі за парушэнні правіл дарожнага руху

Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

26 снежня, Позірк. “Без дыпломаў аб вышэйшай адукацыі вернуцца на радзіму чацвёра замежных грамадзян”, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні па лініі Дзяржаўтаінспекцыі, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Грамадзянства дэпартаваных не называецца. Адзначаецца, што яны прыцягнутыя да адказнасці ў выглядзе штрафу паводле ч. 12 арт. 18.13 КаАП (стварэнне аварыйнай абстаноўкі).

“Усе яны пагасілі спагнанні, аднак за парушэнне ПДР маладыя людзі прыцягваліся не ўпершыню, што сведчыць аб іх схільнасці да невыканання грамадскага парадку. У дачыненні да замежных грамадзян прыменена высылка з забаронай уезду ў Беларусь на тэрмін два гады. Калі гэтую забарону яны парушаць, то будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адметна, што рашэнне аб дэпартацыі было абвешчана “ў інтарэсах грамадскага парадку” ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў прысутнасці іншых замежных студэнтаў.

“Замежнікам падабаецца наша краіна. Адны прыязджаюць сюды за яркімі ўражаннямі ад наведвання турыстычных аб’ектаў, іншыя жадаюць атрымаць добрую адукацыю або працаўладкавацца. Але з якой бы мэтай выхадцы з-за мяжы ні знаходзіліся ў Беларусі, яны не павінны парушаць закон”, — заявіў на “прафілактычным мерапрыемстве” прарэктар універсітэта па вучэбнай рабоце Лявонцій Паўлаў.

“Вы прыехалі ў Беларусь, каб атрымаць якасную адукацыю, і асноўная ваша задача — вучыцца, — дадаў ён, звяртаючыся да іншаземцаў. — Пры гэтым вы абавязаны выконваць правілы пражывання ў інтэрнатах, парадак навучання і, вядома, заканадаўства нашай краіны. Але, на жаль, ва ўніверсітэт перыядычна паступае інфармацыя ад службы па грамадзянстве і міграцыі аб тым, што студэнты здзяйсняюць тыя ці іншыя правапарушэнні. І часцяком у спісах фігуруюць адны і тыя ж асобы, што становіцца падставай для спынення іх навучання і высылкі за межы рэспублікі”.

Паўлаў заклікаў студэнтаў “задумацца пра тое, якія наступствы цягне за сабой парушэнне закона”.

Адзначаецца, што двое з дэпартаваных, знаходзячыся за рулём, стварылі аварыйную сітуацыю ў Мінску. Яшчэ двое “груба парушылі ПДР у Гродне, што таксама прывяло да аварый з прычыненнем механічных пашкоджанняў транспартным сродкам”.

Беларускія ўлады рэгулярна дэпартуюць замежных студэнтаў.

23 верасня паведамлялася аб высылцы 19-гадовага замежнага студэнта за сістэматычнае парушэнне ПДР.

27 чэрвеня МУС паведамляла пра высылку з Беларусі студэнткі з Нігерыі: “Устаноўлена, што дзяўчына была працаўладкаваная ў інтэрнэт-краму, якая распаўсюджвае наркатычныя сродкі на пасаду “закладчыка”, але наркатычныя рэчывы для рэалізацыі не атрымала і да непасрэднай працы не прыступала”. Дзяўчыне забаранілі ўязджаць у Беларусь цягам пяці гадоў.

За дзень да гэтага паведамлялася, што за крадзеж булачкі ў краме, спробу вынесці ў кішэні фарш і безбілетны праезд з Беларусі выправаджаны грамадзянін РФ — студэнт медуніверсітэта ў Гродне.

У траўні стала вядома пра высылку з Беларусі “ў добраахвотным парадку” грамадзяніна Туркменістана, які ўчыніў “правапарушэнне ў частцы выканання правілаў дарожнага руху”. Замежніку на год забаранілі вяртацца ў Беларусь.

У тым жа месяцы паведамлялася аб выдварэнні з Беларусі двух студэнтаў з Марока, якія ўчынілі бойку ў Гомелі.

Як правіла, аб высылцы замежных студэнтаў прадстаўнікі МУС абвяшчаюць публічна ў рамках “прафілактычных мерапрыемстваў” з прыцягненнем іншых навучэнцаў.

З пачатку 2025 года “меры ў выглядзе добраахвотнай або прымусовай дэпартацыі” ўжытыя да 3 тыс. замежнікаў, заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на палях цырымоніі адкрыцця абноўленага адміністрацыйнага будынка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Гомельскага аблвыканкама.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіліся 20 снежня, Беларусь вядзе “адкрытую і добразычлівую міграцыйную палітыку”.

“Мы заўсёды рады гасцям, якія прыязджаюць да нас для адпачынку, вучобы або працы. Пераважная большасць паводзіць сябе годна, — адзначыў ён. — Аднак адкрытасць не азначае ўсёдазволенасці. Кожны іншаземец у нашай краіне атрымлівае тлумачэнні правілаў паводзінаў і асаблівасцяў заканадаўства. З парушальнікамі мы размаўляем коратка і дзейнічаем жорстка: спачатку папярэджваем, а ў выпадку паўтарэння — абавязваем пакінуць рэспубліку”.

Вата адзначыць, што апошнім часам рэжым Аляксандра Лукашэнкі практыкуе дэпартацыю ўласных грамадзянаў. У прыватнасці, палітвязняў, якіх вызваляюць у выніку перамоваў з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, адразу ж вывозяць з краіны — часцяком без дакументаў.

Падзяліцца: