Мінск 12:49

На беларуска-ўкраінскай мяжы зноў уз’ядналіся расійскія і ўкраінскія сем’і

17 снежня, Позірк. На беларуска-ўкраінскай мяжы 16 снежня адбылося ўз’яднанне 11 расійскіх і 10 украінскіх сем’яў, раздзеленых у выніку вайны РФ супраць Украіны.

Паводле інфармацыі расійскіх дзяржаўных СМІ, у Расію і Украіну вяртаюцца па 15 чалавек.

Украінскі амбудсмен Дзмітрый Лубінец паведаміў у сваім тэлеграм-канале таксама аб праведзенай (мяркуючы па фота — на тэрыторыі Беларусі) сустрэчы з расійскай упаўнаважанай па правах чалавека Таццянай Маскальковай, а таксама з кіраўнікамі місій Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ва Украіне і Расіі.

У выніку сустрэч, паводле яго інфармацыі, было перададзена дзве тысячы пасылак з гуманітарнай дапамогай для ўкраінскіх ваеннапалонных, а таксама лісты ад родных; дасягнуты дамоўленасці аб вэрыфікацыі асоб, якія зніклі без вестак пры асаблівых абставінах, і перададзены спісы; перададзены спісы асоб з асобнай катэгорыі грамадзян: цяжкапараненыя і цяжкахворыя; асобна абмеркаваны пытанні вяртання незаконна затрыманых мірных украінскіх грамадзян і перададзены спісы; абмеркаваны пытанні асуджаных у РФ украінскіх ваеннапалонных і перададзены спіс; “абмеркаваны шэраг іншых гуманітарных пытанняў”.

“Акрамя таго, яшчэ 45 грамадзян Украіны былі вернутыя на Радзіму — гэта асобы, якія ўтрымліваліся ў пунктах часовага ўтрымання замежнікаў на тэрыторыі РФ”, — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага боку.

Уз’яднанне ўкраінскіх і расійскіх сем’яў на мяжы Беларусі і Украіны адбылося таксама 4 верасня.

Беларусь з’яўляецца адзінай краінай, якая мае непарыўную мяжу як з РФ, так і з Украінай.

24 лютага 2022 года РФ пры непасрэднай падтрымцы рэжыму ў Мінску пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, праз уварванне ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: