Мінск 02:08

Неабходна зрабіць так, каб тыраніі ніколі не было месца ў Еўропе — Ціханоўская

Відэа: ютуб-канал DW Беларусь Стоп-кадр: “Позірк”

7 снежня, Позірк. Дыктатарскія рэжымы “могуць здавацца непераможнымі”, але затым яны руйнуюцца — “як гэта адбылося з Берлінскай сцяной, з Савецкім Саюзам або нядаўна з Сірыяй”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 7 снежня ў Боне (Германія) на цырымоніі атрымання Міжнароднай прэміі за дэмакратыю і вяршэнства права.

“Мы не ведаем, калі і як гэта адбудзецца, але гэта адбудзецца. І мы павінны быць гатовыя да гэтага”, — адзначыла палітык, маючы на ўвазе канечнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі.

Гаворачы аб прэміі, Ціханоўская нагадала, што раней ўзнагароду атрымлівалі “многія выдатныя людзі”: “У тым ліку і мой асабісты кумір Вацлаў Гавел”.

“Вы ведаеце, Гавел таксама называў сябе выпадковым палітыкам, і менавіта яго праца ў тэатры дапамагла яму падрыхтавацца да гэтай новай ролі”, — сказала дэмлідар.

“Што падрыхтавала мяне? Будучы маці дваіх дзяцей, ты вучышся кіраваць крызіснымі сітуацыямі, весці перамовы і працаваць, амаль не высыпаючыся”, — дадала яна.

Паводле слоў палітыка, Бон быў “першым горадам у Еўропе, які 32 гады таму стаў горадам-пабрацімам Мінска”. “І я мару, што мой Мінск аднойчы стане такім жа, як Бон, — дэмакратычным, квітнеючым і мірным”, — падкрэсліла Ціханоўская.

“Бон, некалі сталіца свабоднай Германіі, быў маяком надзеі для ўсходніх немцаў, якія жылі ва ўмовах тыраніі. Для нас, беларусаў, сёння гэтым маяком з’яўляецца Еўрапейскі саюз — месца, дзе мы знаходзім надзею, дом і сям’ю. Вядома, сёння гэта можа здацца нязбытнай марай, але такая мара вартая таго, каб за яе змагацца. Калі ты змагаешся, калі ты нястомна працуеш дзеля таго, у што верыш, — у цябе заўсёды ўсё атрымліваецца”, — сказала дэмлідар.

У сваёй прамове яна сказала пра мужа — былога палітвязня Сяргея Ціханоўскага (ён прысутнічаў на цырымоніі): “Ён быў у адзіночнай камеры, ізаляваны, падвяргаўся катаванням. Я думала, што ніколі не ўбачу яго жывым. Але сёння ён са мной: змучаны, але не зламаны. Калі ласка, акажыце яму цёплы прыём”.

“Вызваленне Сяргея — мая асабістая радасць, і я хачу, каб усе беларускія сем’і адчувалі тое ж самае. Вось чаму мы працягваем змагацца за ўсіх 1.300 чалавек, якія застаюцца за кратамі”, — адзначыла палітык.

Яна таксама выказала надзею на хуткае вызваленне палітвязняў Марыі Калеснікавай і Алеся Бяляцкага.

“Алесь Бяляцкі заўсёды казаў, што дэмакратыя і бяспека непарыўна звязаныя — адно немагчыма без іншага. І Беларусь дэманструе гэта вельмі выразна. Урад, які дрэнна абыходзіцца са сваім уласным народам, ніколі не будзе паважаць сваіх суседзяў. Таму, калі мы хочам сапраўднага і трывалага міру ў Еўропе, мы павінны зрабіць так, каб тыраніі ніколі не было месца на нашым кантыненце”, — заявіла Ціханоўская.

Яна таксама адзначыла, як важна цяпер “быць на баку Украіны”, бо “Украіна сёння змагаецца за ўсю Еўропу”.

“Лёсы нашых краін пераплеценыя. Калі Украіна будзе моцнай, а Расія слабой, гэта адкрые акно магчымасцяў і для Беларусі”, — падкрэсліла дэмакратычны лідар.

Ціханоўская прысвяціла беларусам атрыманую прэмію Menschen in Europa

28 лістапада, Позірк. Беларусам прысвяціла атрыманую 27 лістапада прэмію Menschen in Europa (намінацыя "Cмелыя жанчыны за свабоду і дэмакратыю") дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. "Менавіта людзі вызначаюць Беларусь і яе будучыню, а не злачынны рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі, — адзначыла палітык у сваім тэлеграм-канале. …

Падзяліцца: