Мінск 11:21

Прадстаўнік BelPol: Эйсмант, Баскаў, Шакута, байцы САХРа датычныя да забойства Бандарэнкі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 12 лістапада 2025 года ў 20:04

Ілюстрацыя: "Позірк"

12 лістапада, Позірк. Пяць гадоў таму, “безумоўна, адбылося забойства чалавека — Рамана Бандарэнкі, — здзейсненае службовымі асобамі“, заявіў у каментары “Позірку” прадстаўнік ініцыятывы BelPol, былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Уладзімір Жыгар.

Прозвішчы ўсіх датычных да злачынства, паводле яго слоў, вядомыя: “Прычыны таксама не выклікаюць ніякіх пытанняў. Безумоўна, [прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі] Наталля Эйсмант, [хакейны трэнер Лукашэнкі, бізнесмен, член Савета Рэспублікі, у той час старшыня Федэрацыі хакея] Дзмітрый Баскаў, [майстар усходніх адзінаборстваў] Дзмітрый Шакута, байцы САХРа (спецыяльны атрад хуткага рэагавання МУС. — “Позірк”.), а таксама іншыя ўстаноўленыя асобы — усе яны датычныя да гэтага забойства“.

Дзякуючы групе “Кіберпартызаны” былыя сілавікі ў верасні 2021 года падрыхтавалі расследаванне, у якім фактычна па хвілінах і з указаннем персон распавялі пра здарэнне. Да гэтага ўлады даводзілі да грамадства процілеглую інфармацыю.

“Гэта татальная хлусня, і яна з’яўляецца тыповай рэакцыяй рэжыму і яго прапагандыстаў на падобныя злачынствы, — адзначыў Жыгар. — У сваім матэрыяле пра забойства Рамана Бандарэнкі мы падрабязна распавялі пра ўсё і прадставілі неабвержныя доказы ўтойвання абставінаў злачынства і яго фігурантаў. Гэта злачынства не мае тэрміну даўнасці, і рана ці позна адказныя за смерць Рамана абавязаны панесці пакаранне“.

На думку прадстаўніка BelPol, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі пайшоў бы на больш “крывавы сцэнар”, калі б пратэст насіў больш радыкальны характар.

“Для Лукашэнкі ўлада — гэта найбольш важнае, і дзеля яе захавання ён не спыніўся б ні перад чым. Такая яго псіхалогія. Ён атаясамлівае сябе з Беларуссю. Такая выснова зыходзіць з логікі таго, што адбываецца ўсе гэтыя гады і ў цэлым з псіхатыпу Лукашэнкі. Калі ён кажа “Беларусь”, ён мае на ўвазе сябе. Калі кажа пра сябе, то мае на ўвазе Беларусь“, — лічыць Жыгар.

На думку суразмоўцы “Позірку“, пасля змены рэжыму нельга будзе проста “перагарнуць старонку“ дзеля “згоды ў грамадстве“: “Гэта папросту недапушчальна. Ніякай згоды ў грамадстве не будзе, пакуль злачынцы не панясуць заслужанае пакаранне. Гэта проста несумленна і несправядліва. Тыя, хто прасоўвае падобныя наратывы, — крывадушныя людзі. Калі такія злачынствы будуць забытыя, гэта значыць, што рана ці позна ўсё паўторыцца”.

Увечары 11 лістапада 2020 года невядомыя зрэзалі белыя і чырвоныя стужкі, якія ўпрыгожвалі “плошчу Пераменаў“ (двор на вул. Чарвякова ў Мінску). 31-гадовы Бандарэнка паспрабаваў умяшацца, яго збілі, даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна, адкуль ён праз некалькі гадзін паступіў у бальніцу хуткай дапамогі ў стане комы. Актывіст памёр на наступны дзень не прыходзячы ў прытомнасць.

Улады і дзяржаўныя СМІ паспрабавалі ачарніць Бандарэнку пасля смерці, заявіўшы, што ён быў п’яны. 13 лістапада гэтае сцвярджэнне дакументальна зняпраўдзіла ў сваім артыкуле журналістка Кацярына Барысевіч. Праз тыдзень яе і лекара Арцёма Сарокіна, які падаў адпаведнае медыцынскае заключэнне, затрымалі. Пасля за разгалашэнне медычнай таямніцы Барысевіч была прысуджаная да 6 месяцаў пазбаўлення волі (выйшла на волю 19 траўня 2021 года), Сарокін — да 2 гадоў з адтэрміноўкай выканання прысуду на год.

15 лістапада 2020 года ў адной з кватэр дома на “плошчы Пераменаў“ затрымалі журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і аператара Дар’ю Чульцову, якія вялі прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Бандарэнкі. Абедзве былі прышавораныя да 2 гадоў пазбаўлення волі за “дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак“ (у ліпені 2022-га Андрэеву прызналі вінаватай у “здрадзе дзяржаве” і прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі, Чульцова ў верасні таго ж года выйшла на волю і з’ехала з краіны).

18 лютага 2021 года Генпракуратура паведаміла аб узбуджэнні крымінальнай справы “па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць Бандарэнкі Рамана Ігаравіча“ (ч. 3 арт. 147 КК). Пры гэтым было заяўлена, што “дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення Бандарэнкі Р. І. цялесных пашкоджанняў не ўстаноўлена“. Праз сем месяцаў гэтае ж ведамства прыпыніла расследаванне “з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага”.

У жніўні 2022 года ініцыятыва “Кіберпартызаны” апублікавала запіс тэлефонных размоў Эйсмант, Баскава і Шакуты пра паездку на “плошчу Пераменаў” 11 лістапада 2020 года, калі там быў збіты Бандарэнка, а пасля — пра абставіны яго смерці. ДзяржСМІ не сталі адмаўляць сапраўднасць аўдыёзапісаў, але назвалі іх інсцэніроўкай, якая праводзілася пад кантролем беларускіх спецслужбаў.

Праваабаронцы перакананыя, што Бандарэнка загінуў “у выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і пры адабрэнні ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Лукашэнкі“.

Падзяліцца: