Мінск 14:21

У рамках візіту ў Нідэрланды на кангрэс PES Ціханоўская сустрэнецца з прэм’ер-міністрам, кіраўніком МЗС, амбасадарамі ЕС, дыяспарай

Святлана Ціханоўская
Архіўнае фота: "Позірк"

17 кастрычніка, Позірк. 17 кастрычніка пачаўся двухдзённы візіт Святланы Ціханоўскай у Нідэрланды, яна правядзе сустрэчы ў Гаазе і Амстэрдаме, паведаміў “Позірку“ галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Раней анансаваўся ўдзел Ціханоўскай у кангрэсе Партыі еўрапейскіх сацыялістаў (PES). Запланаваныя таксама перамовы з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Дзікам Шуфам, кіраўніком МЗС краіны Дэвідам ван Вілам, з амбасадарамі краін ЕС дэлегацыі Еўрапейскай камісіі.

18 кастрычніка адбудзецца сустрэча з дыяспарай беларусаў у Нідэрландах. Дэмлідэр дасць некалькі інтэрв’ю мясцовым і сусветным СМІ.

На кангрэс чакаецца прыбыццё прэзідэнта Еўрапейскага савета Антоніу Кошты, прэм’ер-міністра Іспаніі Педра Санчаса, віцэ-канцлера Германіі Ларса Клінгбайля і інш.

Ціханоўская выступала на кангрэсе PES у лістападзе 2023 года ў Малазе (Іспанія).

Партыя еўрапейскіх сацыялістаў аб’ядноўвае сацыялістычныя і сацыял-дэмакратычныя партыі кантынента. Заснаваная ў 1992 годзе. У Еўрапейскім парламенце ўтварае другую па велічыні фракцыю Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў (18,9% месцаў па выніках выбараў 2024 года) пасля правацэнтрысцкай Еўрапейскай народнай партыі (26,1%).

Падзяліцца: