Мінск 14:33

СК справаздачыўся аб раскрыцці забойства мужчыны ў Мінску ў 1995 годзе

Фота: “Позірк”

10 верасня, Позірк. Следчы камітэт паведаміў 10 верасня аб устанаўленні абставінаў забойства ў Мінску 43-гадовага мужчыны ў 1995 годзе.

Паводле звестак ведамства, забойства здарылася ў адным са спальных раёнаў сталіцы, цела мужчыны “з перарэзаным горлам” было знойдзена ў пад’ездзе жылога дома.

Адзначаецца, што забіты пражываў разам з былой жонкай і сынам.

“Жанчына на допыце распавяла, што яе былы муж з’яўляўся прадпрымальнікам і падтрымліваў цесную сувязь з крымінальнымі аўтарытэтамі, што, паводле яе версіі, і стала прычынай такой жорсткай расправы”, — паведаміў СК.

Заяўляецца, што, акрамя рэзанай раны, у пацярпелага былі выяўленыя “множныя пераломы костак чэрапа”, усяго яму было нанесена “не менш за 10–14 удараў па галаве і не менш за 4 парэзы ў вобласці шыі”. Смерць наступіла ад кровазліццяў у мозг і вострай кровастраты, удакладнілі ў ведамстве.

“Праз 13 гадоў удалося ідэнтыфікаваць адбіткі пальцаў, канфіскаваныя на месцы здарэння. Яны належалі калегу былой жонкі забітага, з якім яна была ў блізкіх адносінах. Мужчына адмаўляў дачыненне да злачынства, сцвярджаючы, што мог пакінуць адбіткі, змяняючы лямпачку, і нават прадаставіў алібі на дзень забойства”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што даказаць дачыненне падазраванага да забойства ўдалося ў 2025 годзе “дзякуючы развіццю тэхналогій у 2025”, у выніку “мужчына прызнаўся ў здзяйсненні злачынства”.

У дачыненні да 66-гадовага жыхара Мінска ўзбуджаная крымінальная справа, ён заключаны пад варту.

Сілавыя структуры перыядычна справаздачацца аб раскрыцці старых крымінальных спраў. Раней Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што ў 2024 годзе раскрыта не менш за сем спраў тэрмінам даўнасці ад пяці да 25 гадоў. Яшчэ пра два паведамлена сёлета.

Падзяліцца: