Мінск 01:24

На фоне наведвання старшынёй Еўракамісіі мяжы з Беларуссю МЗС абвінаваціў ЕС у эскалацыі канфлікту ў рэгіёне

1 верасня, Позірк. “Пакуль на Усходзе і нават на Захадзе па той бок Атлантыкі робяць крокі для аднаўлення міру, у Брусэлі, прыкрываючыся лозунгамі аб “агульнай адказнасці” і “абароне дэмакратычнага свету”, дэ-факта робяць усё для эскалацыі і пашырэння маштабаў канфлікту ў нашым рэгіёне”. Такое сцвярджэнне ўтрымліваецца ў распаўсюджанай 1 верасня заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі “ў сувязі з візітам у Польшчу і Літву прадстаўнікоў ЕС”.

У беларускім знешнепалітычным ведамстве “перакананыя”, што “такая бяздумная і, па сутнасці, у вышэйшай ступені безадказная палітыка еўрапейскіх бюракратаў — гэта прамая пагроза для будучыні самой Еўропы”.

Заяўляецца, што “замест таго, каб абмяркоўваць рэальныя пытанні і разам шукаць доўгатэрміновыя рашэнні, у Брусэлі аддаюць перавагу складаць усё новыя страшылкі і аб’яўляць “прыфрантавымі” тэрыторыі, дзе, на шчасце, не вялося і не вядзецца ніякіх баявых дзеянняў”.

МЗС абвінаваціў ЕС у правядзенні “агрэсіўнай і адкрыта мілітарысцкай палітыкі”, павелічэнні вайсковых выдаткаў і стварэнні “вобразу ворага са свайго суседа”.

31 жніўня і 1 верасня старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен наведала адпаведна польска-беларускую і літоўска-беларускую мяжу. Прадметам яе перамоваў з уладамі Польшчы і Літвы было ўмацаванне ўсходніх межаў ЕС.

Наведванні адбыліся ў рамках распачатай 29 жніўня паездкі кіраўніцы ЕК ва ўсходнія краіны Еўрасаюзу з мэтай “падкрэсліць падтрымку ЕС краін — членаў, якія сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з агульнымі межамі з Расіяй ці Беларуссю”.

29 жніўня ў МЗС Беларусі заявілі, што візіт Урсулы фон дэр Ляен на беларуска-польскую і беларуска-літоўскую межы “мог бы стаць важным мерапрыемствам, якое спрыяе аб’ектыўнаму і ўсебаковаму аналізу працэсаў, якія адбываюцца”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Афіцыйны Мінск таксама падтрымлівае распачатую 24 лютага 2022 года расійскую агрэсію супраць Украіны.

Падзяліцца: