Мінск 14:03

Наяўныя рэсурсы хатніх гаспадарак за квартал павялічыліся на 6,6% — Белстат

Ілюстрацыйнае фота: pexels.com Kindel Media

28 жніўня, Позірк. Наяўныя рэсурсы хатніх гаспадарак за другі квартал 2025 года выраслі на 6,6% у параўнанні з першым кварталам, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, якія раз у тры месяцы прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт.

У красавіку — чэрвені 2025 года наяўныя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 2 790,4 рубля. У першым квартале (студзені — сакавіку) — 2.616,5.

У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 2.923,8 рубля (2.749,8, +6,3%), сельскіх населеных пунктах — 2.361,3 рублі (2.186,2 +8%).

Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені — чэрвені 2025 года выраслі на 10,2% да таго ж перыяду 2024-га, паведамляў Нацыянальны статыстычны камітэт.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 66,1% (месяцам раней — 66%), трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 22,2% (доля не змянілася), даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 7,3% (не змянілася), даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 4,4% (4,5%).

У студзені рост складаў 13,8%, студзені — лютым — 12,5%, студзені — сакавіку — 12%, студзені — красавіку — 10,8%, студзені — траўні — 10,5%. Такім чынам, пяты месяц назіраецца запаволенне гэтага працэсу.

Па выніках 2024 года названыя даходы павялічыліся на 9,7%, 2023-га — на 6,3%, 2022-га — на 3,6%.

Даведка “Позірку”:

Наяўныя рэсурсы — грашовыя сродкі хатніх гаспадарак, кошт спажытых прадуктаў харчавання, вырабленых у асабістай падсобнай гаспадарцы, за мінусам матэрыяльных затрат на іх вытворчасць і (або) паступілі з іншых крыніц без аплаты, і кошт атрыманых у натуральнай форме льгот і выплат.

Спажывецкія выдаткі — грашовыя выдаткі хатніх гаспадарак на харчаванне (уключаючы выдаткі на грамадскае харчаванне), куплю алкагольных напояў, тытунёвых вырабаў, нехарчовых тавараў ды аплату паслуг. У склад спажывецкіх выдаткаў не ўключаюцца падаткі, матэрыяльная дапамога ды іншыя выдаткі, не злучаныя са спажываннем, а таксама ўсе выдаткі, злучаныя з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі ў асабістай падсобнай гаспадарцы і назапашваннем (банкаўскія ўклады, купля нерухомасці, замежнай валюты і гэтак далей).

Падзяліцца: