Мінск 01:52

Журналіст Шустэр у артыкуле для Time назваў Лукашэнку дыктатарам і паведаміў, што інтэрв’ю з ім адбылося па “настойлівай ініцыятыве” Мінска

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

8 жніўня, Позірк. Пра падрабязнасці арганізацыі інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў журналіст амерыканскага выдання Time Сайман Шустэр у публікацыі “Эксклюзіў: сакрэтны канал сувязі Белага дома, які праклаў шлях да саміту Трампа з Пуціным”.

“Насуперак распаўсюджанай практыцы арганізацыі інтэрв’ю з лідарамі замежных дзяржаў, калі асноўная цікавасць да размоў праяўляецца з боку СМІ”, сустрэча з Лукашэнкам адбылася па “настойлівай ініцыятыве” афіцыйнага Мінска, адзначыў Шустэр.

“Рэдка калі прапановы былі такімі настойлівымі, як тыя, што прыйшлі да мяне гэтай вясной ад саюзнікаў Аляксандра Лукашэнкі, дыктатара Беларусі”, — напісаў журналіст.

“Не адразу стала зразумела, чаго хацелі пасярэднікі, — апавядае супрацоўнік Time. — Я ніколі не быў у Беларусі і шмат пра яе не пісаў, хоць мае матэрыялы пра яе суседзяў, Расію і Украіну, далі мне ўяўленне пра Лукашэнку. У Еўропе яму выпаў сумніўны гонар утрымлівацца ва ўладзе даўжэй, чым любому іншаму дзейнаму лідару — дзіўныя 31 год без перапынку. Гэта азначае, што большасць з дзевяці мільёнаў жыхароў яго краіны, якая не мае выхаду да мора, ніколі ў сваім дарослым жыцці не бачылі іншага кіраўніка”.

Рэжым Лукашэнкі Шустэр назваў “адным з самых рэпрэсіўных і ізаляваных у свеце”, Беларусь пры цяперашняй уладзе мае “жудасныя адносіны і практычна поўную адсутнасць гандлю з чатырма з пяці суседзяў, і практычна цалкам залежыць ад пятага — Расіі”.

“Таму для мяне не было відавочным рашэннем адказаць на званок у траўні чыноўніка з урада Лукашэнкі, які, здавалася, быў трохі неспрактыкаваны ў зносінах з заходнімі СМІ. Праз некалькі хвілін нашай размовы чыноўнік спытаў, колькі будзе каштаваць інтэрв’ю для Time і, мяркуючы па яго голасе, быў збянтэжаны, даведаўшыся, што гэты працэс не можа быць звязаны з якім-небудзь хабарам. “Проста правяраю, — адказаў ён, — каб пазбегнуць непаразуменняў у будучыні”. Пасля некалькіх званкоў і паведамленняў мы дамовіліся аб умовах інтэрв’ю: яно адбудзецца ў Мінску, сталіцы Беларусі, без якіх-небудзь [загадзя абумоўленых] пытанняў або тэм для абмеркавання. Толькі пазней, пасля некалькіх гутарак з амерыканскімі і еўрапейскімі дыпламатамі, матывы Лукашэнкі сталі відавочныя”, — паведаміў журналіст.

Паводле яго слоў, у канцы інтэрв’ю Лукашэнка сам “патлумачыў, чаму ён так імкнуўся пагаварыць” з Time.

“Яго намаганні з Пуціным па заключэнні міру на выгадных для расіян умовах прывялі да значнага прагрэсу ў адносінах з амерыканцамі. Гэта дапамагло выйграць расійскім вайскоўцам столькі часу для працягу летняга наступу ва Украіне. Але цяпер, у вырашальны момант, Трамп пачаў займаць больш жорсткую пазіцыю, пагражаючы ўвесці пошліны на любую краіну, якая набывае расійскую нафту, пачынаючы з Індыі і заканчваючы Кітаем і Турцыяй”, — звярнуў увагу Шустэр.

“Спадзяюся, вы страсянеце грамадскую думку ў Злучаных Штатах Амерыкі. Усё атрымаецца. Проста падштурхніце Трампа”, — працытаваў журналіст Лукашэнку.

Адметна, што, паводле сцвярджэнняў беларускіх дзяржСМІ, пра інтэрв’ю з Лукашэнкам прасіў Шустэр. “Я сапраўды вельмі цаню магчымасць з вамі пагаварыць, асабліва ў такі момант, калі адносіны паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю цікава развіваюцца”, — прыводзілі словы журналіста дзяржаўныя медыя.

“Паводле яго слоў, у рэдакцыі [Time] палічылі гэта асабліва цікавым момантам для таго, каб арганізаваць паездку ў Беларусь і інтэрв’ю з яе прэзідэнтам, а таксама праз свайго карэспандэнта зразумець, што ж тут адбываецца”, — сцвярджае беларуская прапаганда.

42-гадовы Шустэр працуе ў Time з 2013 года. Сярод іншага спецыялізуецца на тэме расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне. У красавіку 2022 года на працягу двух тыдняў суправаджаў Уладзіміра Зяленскага, вынікам чаго стаў артыкул у нумары Time з фота прэзідэнта Украіны на вокладцы. У ліпені 2022-га абвясціў аб выхадзе сваёй першай кнігі “Калі свет назірае: Уладзімір Зяленскі і вайна ва Украіне”.

Падзяліцца: