Прадстаўнікі АПК: За беларускую мову ў Беларусі могуць біць, звальняць з працы

25 ліпеня, Позірк. Калі чалавек у Беларусі гаворыць па-беларуску, яго за гэта “могуць біць, дыскрымінаваць, звальняць з працы або не браць на яе”, гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) Вольгі Зазулінскай і в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Паўла Баркоўскага.
Яны адрэагавалі на сведчанні вызваленага з беларускай турмы грамадзяніна Латвіі Дзмітрыя Міхайлава, які паведаміў напярэдадні “Радыё Свабода” аб дыскрымінацыі беларускамоўных вязняў. Паводле яго, людзей у зняволенні пераследуюць за лісты і размовы на беларускай мове, а за спробу заступіцца за беларускамоўнага чалавека Міхайлава нават ударылі дубінкай у жывот.
Прадстаўнікі АПК назвалі сведчанні “вельмі паказальнымі”: “Асабліва каштоўны погляд “чалавека звонку”, з іншым культурным досведам, які востра бачыць абсурднасць сітуацыі. Ён паходзіць з краіны, дзе мова тытульнай нацыі прайшла праз ціск, але выжыла і стала асновай нацыянальнай самасвядомасці”.
“Няма сумненняў: у беларускіх турмах дамінуе “русский мир”, і гэта не выпадковасць, а частка сістэмы. Пенітэнцыярная сістэма — свайго роду люстэрка дзяржавы. І цяпер нават у турме ўжо няма месца для беларускамоўных беларусаў. Ці будзе яно хоць недзе? Гэта тая самая карціна свету, якая сёння вызначае лад мыслення людзей, што кантралююць краіну”, — адзначылі Зазулінская і Баркоўскі.
Дыскрымінацыя і гвалт, у тым ліку паводле моўнай прыкметы, — “абсалютна непрымальныя”, дадалі яны. У АПК маюць намер прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да гэтай праблемы, бо праз выкарчоўванне мовы тытульнай нацыі “паступова забіваецца сама нацыя, яе гісторыя, яе мысленне, яе права на самастойны шлях”.
“Мы б хацелі думаць, што гэтая гідлівасць і грэблівасць да беларускай мовы і яе носьбітаў — усяго толькі асабістая рыса канкрэтных людзей. Мы маглі б звярнуцца да тых, хто працуе ў пенітэнцыярнай сістэме, з просьбай не пераступаць нават тыя рамкі, што засталіся ў межах закону. Але мы не маем ілюзій. Да нас, “тэрарыстаў”, турэмшчыкі не прыслухаюцца. Такое стаўленне — гэта не асабісты выбар. Гэта выбар сістэмы. І “жоўтыя біркі” на форме палітвязняў – толькі адна з прыкмет гэтага выбару” — падкрэслілі аўтары.
Развіццё беларускай мовы дзесяцігоддзямі было прэрагатывай грамадскіх ініцыятыў і арганізацый. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было ліквідавана мноства арганізацый і ініцыятыў, якія развівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спецыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускамоўнай літаратуры.
У краіне праводзіцца палітыка русіфікацыі. Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.
Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.).
У 2024 годзе ў Беларусі выдадзена менш за 900 найменняў кніг на беларускай мове агульным тыражом каля 3 млн экзэмпляраў — у дзевяць разоў менш па колькасці і ў 4 разы па тыражы, чым кніг на рускай мове.
Былыя вязні неаднаразова сведчылі аб тым, што да беларускамоўных зняволеных у месцах неволі складваецца асабліва жорсткае стаўленне.

Пазьняк: Беларуская мова і ёсць беларуская нацыя, ніякая нацыянальная свядомасць “на русском языке” не ўзнікне

Прадстаўнік "Акадэміі адукацыі": Беларуская мова — маркер інтэлігентнасці, прыналежнасці да эліты

- ЭканомікаУ першай палове 2025 года сярод несезонных тавараў і паслуг хутчэй за ўсё даражэлі какава-парашок, селядзец і абед у сталовай (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваДа 2030 года скрынінг спадчынных захворванняў у нованароджаных плануецца павялічыць у сем разоўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства