Урад вызначыў аб’ёмы паставак гародніны і садавіны ў гандлёвыя сеткі

25 ліпеня, Позірк. Аб’ём плодаагародніннай прадукцыі, якая будзе пастаўляцца са стабілізацыйных фондаў для дзяржаўных патрэб у міжсезонны перыяд 2025–2026 гадоў, складзе 148,78 тыс. тон, вынікае з пастановы Савета Міністраў № 399 ад 22 ліпеня.
Згодна з дакументам, апублікаваным 25 ліпеня на Нацыянальным прававым партале, у гандлёвыя сеткі і ўстановы сацыяльнай сферы запланавана паставіць 110,84 і 37,94 тыс. т адпаведна.
У рэгіянальным разрэзе заданні наступныя: Брэсцкая вобласць — 14,82 і 7 тыс. т, Віцебская — 12,85 і 5,16, Гомельская — 12,2 і 7,5, Гродзенская — 9,24 і 3,85, Мінская — 13,72 і 4,96, Магілёўская — 12,5 і 2,72, Мінск — 35,51 і 6,75.
Пастаўкі бульбы і яблыкаў запланаваныя ў аб’ёме 58,85 і 26,81 тыс. т адпаведна: Брэсцкая вобласць — 8,6 і 4,18, Віцебская — 8,34 і 2,81, Гомельская — 7,67 і 2,81, Гродзенская — 4,7 і 2,57, Мінская — 7,81 і 1,51, Магілёўская — 6,25 і 2,3, Мінск — 15,47 і 10,25.
Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, як сказана ў дакуменце, усклаў каардынацыю паставак на Міністэрства антыманапольнага развіцця і гандлю (МАРГ), аблвыканкамы і Мінгарвыканкам, а “персанальную адказнасць за фарміраванне і выкананне дзяржаўнага заказу” — на кіраўнікоў аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама кіраўнікоў арганізацый, якія з’яўляюцца пастаўшчыкамі (нарыхтоўшчыкамі).
23 ліпеня намеснік кіраўніка МАРГ Святлана Караткевіч заявіла, што ведамства і ўрад “зрабілі пэўныя высновы” і “выпрацавалі шэраг захадаў”, якія “ў будучыні маглі б выключыць магчымыя праблемы з бульбай у крамах ужо з улікам ураджаю 2025 года”.
Караткевіч нагадала, што ў адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі №232 “Аб асаблівасцях пастаўкі плодаагародніннай прадукцыі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб”, стабілізацыйныя фонды пераходзяць у сістэму дзяржзаказу. У рамках выканання ўказа распрацоўваецца пастанова Савета міністраў “з мэтай урэгуляваць узаемаадносіны паміж вытворцам і гандлёвымі арганізацыямі”.
Яна звярнула ўвагу, што за невыкананне абавязацельстваў для юрыдычнай асобы прадугледжана адміністрацыйная адказнасць — штраф да 200 базавых велічынь (8.400 рублёў), для фізічных асоб — да 12 базавых велічынь (504 рублі).
Шырокі грамадскі рэзананс увесну выклікала адсутнасць бульбы ў крамах, а таксама высокія цэны на гэты карняплод.
8 траўня Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы, пазней ён зрабіў з гэтай нагоды некалькі заяў. У прыватнасці, звязаў недахоп прадукту ў Беларусі з палітыкай.
12 ліпеня Лукашэнка падпісаў закон, які прадугледжвае штраф за адсутнасць у продажы гародніны і садавіны. У дакуменце прапісаная адказнасць пастаўшчыкоў і гандлёвых сетак за “невыкананне абавязкаў па пастаўцы плодаагародніннай прадукцыі”. За “непастаўку” або “недапастаўку” гэтай прадукцыі “па адпаведным дагаворы са стабілізацыйных фондаў тавараў для рэспубліканскіх патрэб”, а таксама за “яе адсутнасць у гандлёвым аб’екце ў міжсезонны перыяд” прадугледжаны штраф — ад 5 да 200 базавых велічынь (ад 210 да 8.400 рублёў).
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваДа 2030 года скрынінг спадчынных захворванняў у нованароджаных плануецца павялічыць у сем разоўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка