Мінск 04:20

Кіраўнік Генштаба Муравейка не выключыў перакідання войскаў да мяжы з Літвой і Польшчай падчас вучэнняў “Захад-2025”

Фота: Мінабароны

23 ліпеня, Позірк. У рамках сумесных з РФ вайсковых вучэнняў “Захад-2025” Беларусь можа перамясціць “асобныя падраздзяленні” да заходніх межаў, заявіў 23 ліпеня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба Міністэрства абароны, гэта можа адбыцца, каб “адпрацаваць эпізоды выключна абарончага характару”.

“Улічваючы складаную ваенна-палітычную абстаноўку, улічваючы, што Беларусь пастаянна абвінавачваюць у агрэсіўных намерах, мы прынялі рашэнне і адсунулі раёны правядзення вучэнняў ад нашых межаў, — сказаў Муравейка. — Адзначу, што гэты працэс не трэба ацэньваць як нашу слабасць ці нашу лаяльнасць, ці рэагаванне на нейкія прэтэнзіі. Гэта выключна адзін з крокаў стабілізацыі абстаноўкі, супакойвання міжнароднай грамадскасці”.

Аднак, паводле яго сцвярджэння, “на гэтым працэсе” суседнія дзяржавы ЕС “пачыналі спекуляваць”.

“Польшча заявіла, што гатовая правесці вучэнні дывізіённага маштабу ля нашых межаў у раёне Гродна, Белавежскай пушчы. Літва перакідвае сваю брыгаду “Жалезны воўк” на палігон Пабрадэ і плануе там праводзіць дзеянні за 15 кіламетраў ад нашай мяжы”, — адзначыў чыноўнік.

Ацэньваючы гатоўнасць беларускага боку да вучэнняў, кіраўнік Генштаба падкрэсліў, што наступіла завяршальная стадыя гэтага працэсу: “На сёння ўсе аб’екты, падрыхтаваныя ў інжынерным дачыненні, адпавядаюць патрабаванням, якія мы прад’яўляем і закладваем у задуму вучэння, і гатовыя да прыёму прыбываючых войскаў для таго, каб праводзіць мерапрыемствы і адпрацаваць увесь комплекс вучэбна-баявых задач”.

Муравейка сцвярджае, што вучэнні “маюць выключна абарончыя эпізоды, якія дазваляюць нам абараняць і гарантаваць бяспеку Саюзнай дзяржавы”.

Акрамя таго, падкрэсліў военачальнік, “напалову паменшаны склад войскаў, якія бяруць удзел у вучэннях”.

Разам з тым, паводле яго слоў, падчас вучэнняў плануецца выкарыстоўваць “усе апошнія дасягненні сучаснага ваеннага мастацтва, у прыватнасці, беспілотныя лятальныя апараты, сродкі РЭБ, розныя рабатызаваныя і аўтаматызаваныя комплексы, развіваць і выкарыстоўваць сучасныя прыёмы супрацьпаветранай абароны і барацьбы з беспілотнікамі”.

Муравейка таксама паведаміў, што Беларусь плануе запрасіць на вучэнні міжнародных назіральнікаў. Ён назваў гэта “прыхільнасцю комплексу мерапрыемстваў па забеспячэнні мер даверу і бяспекі”.

“Мы разглядаем у якасці запрошаных дзяржавы — члены АДКБ, СНД, ШАС, краіны далёкай дугі. Акрамя таго, плануем запрасіць акрэдытаваных у нас ваенных аташэ, а таксама дзяржавы — удзельніц АБСЕ”, — рэзюмаваў кіраўнік Генштаба.

28 траўня міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што параметры вучэнняў “Захад-2025” зніжаныя, а самі манеўры перанесеныя ад межаў углыб Беларусі.

Паводле слоў Хрэніна, “ужо традыцыйна” сам факт правядзення вучэнняў “выклікае шаблонныя здагадкі з боку прадстаўнікоў ваенна-палітычнага кіраўніцтва асобных еўрапейскіх дзяржаў”.

“Нягледзячы на тое, што ніякія крокі па вяртанні да выканання шэрагу ключавых дамоўленасцяў у сферы кантролю над узбраеннямі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь так і не былі зробленыя, мы прынялі рашэнне аб зніжэнні параметраў [маючага адбыцца] вучэння “Захад-2025″ і пераносе яго асноўных манеўраў углыб тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад заходніх межаў”, — заявіў чыноўнік.

13 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, спаслаўшыся на звесткі Службы замежнай выведкі, паведаміў журналістам, што Беларусь, імаверна, паспрабуе адвесці супольныя з Расіяй вучэнні “трохі ўглыб” сваёй тэрыторыі, далей ад мяжы з Украінай, каб пазбегнуць правакацый.

“Пытанне зразумелае, таму што поўнамаштабны наступ адбыўся [ў лютым 2022 года] з гэтага кірунку і пасля адпаведных вучэнняў, — падкрэсліў Зяленскі. — Я думаю, сам [Аляксандр] Лукашэнка баіцца, што мы ва Украіне будзем лічыць, што прысутнасць кантынгенту на вучэннях — гэта падрыхтоўка да наступальных дзеянняў. Ён разумее пасля нашых крокаў у адказ на Курскім кірунку, на што мы здольныя, калі будзем адчуваць пагрозу”.

1 ліпеня Лукашэнка заявіў, што сумесныя з Расіяй стратэгічныя вучэнні “Захад-2025” перанесеныя ўглыб тэрыторыі Беларусі, каб “знізіць градус напружанасці ў рэгіёне”.

Сумесныя стратэгічныя вучэнні “Захад-2025” плануецца правесці на тэрыторыі Беларусі і РФ у верасні гэтага года.

Муравейка вядомы сваімі скандальнымі заявамі. 24 кастрычніка 2023 года ў спецыяльным выпуску выдання “Вячэрні Мінск” выйшла яго выступленне на ідэалагічным семінары ў Мінгарвыканкаме. “Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Па ўсіх нормах міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас [Сувалкскі] калідор сілай зброі. І ў іншых бы ўмовах нас бы ніхто ў свеце не асудзіў, смею выказаць здагадку. Але не ў цяперашніх, калі на краіну аказваецца беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду”, — сказаў Муравейка.

Падзяліцца: