Мінск 22:05

Намеснік спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Коўл: Падобна, Лукашэнка хоча ўдзельнічаць у перамовах па вайне на Украіне

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

20 ліпеня, Позірк. Падрабязнасцямі красавіцкага візіту ў Мінск, вынікам якога стала вызваленне палітвязня Юрыя Зянковіча, з амерыканскім выданнем Politico падзяліўся намеснік спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага Джон Коўл.

Паводле яго слоў, паездка ў Беларусь была абумоўлена тым, што да красавіка 2025 года амерыканскі бок аказаўся “на парозе вызвалення яшчэ аднаго грамадзяніна ЗША” адваката Зянковіча. Коўлу ў Мінску трэба было “замацаваць здзелку”.

“За доўгім абедам у Палацы [незалежнасці] Коўлу было даручана пазнаёміцца з гаваркім беларускім лідарам”, — адзначаецца ў публікацыі.

“Мне сказалі зачараваць яго. Каб завязаць з ім адносіны, я так і зрабіў, — сказаў намеснік спецпрадстаўніка. — [Лукашэнка] завёў размову аб Дзярждэпартаменце, і я сказаў: “Так, усё, што яны хочуць рабіць, гэта бла-бла-бла”, і яму гэта спадабалася”.

Паведамляецца, што “Лукашэнка падаўся Коўлу разумным і праніклівым”. “Ён сапраўды хоча палепшыць адносіны са Злучанымі Штатамі”, — падкрэсліў Коўл, дадаўшы, што беларускі палітык, “падобна, таксама зацікаўлены ва ўдзеле ў перамовах па вайне на Украіне”.

Падчас абеду “ў нейкі момант прынеслі гарэлку — асабісты брэнд Лукашэнкі — і пачаліся тосты”, адзначыў Коўл. Лукашэнка, паводле яго слоў, “сказаў тост за Трампа”. Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт, які прысутнічаў за сталом, папрасіў намесніка спецпрадстаўніка “адказаць тым жа, як прынята ў рэгіёне”. “Коўл прыслухаўся і таксама сказаў тост за Лукашэнкам, але неўзабаве ў яго забалеў жывот”, — паведамляецца ў матэрыяле.

Бліжэй да вечара, адзначае выданне, “тосты гучалі зноў, і хоць пра палітыку казалі мала, мужчыны пазнаёміліся”, “адносіны развіваліся”.

“Было весела”, — сказаў Коўл.

“Праз некалькі гадзін амерыканская дэлегацыя атрымала тое, за чым прыехала: беларускія ўлады перадалі Юрыя Зянковіча, натуралізаванага грамадзяніна ЗША, арыштаванага ў Маскве ў 2021 годзе па абвінавачванні ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту супраць Лукашэнкі. Раней сёлета ўрад ЗША палічыў яго затрыманне неправамерным”, — адзначаецца ў публікацыі.

Аб вызваленні Зянковіча, асуджанага ў 2022 годзе да 11 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываванай “справе змоўшчыкаў”, стала вядома ўвечары 30 красавіка.

Летась Зянковіч звярнуўся да Лукашэнкі з вуснай просьбай аб памілаванні і магчымасці вярнуцца ў ЗША. Заяву ён зрабіў у прадэманстраваным 19 верасня на тэлеканале “Беларусь 1” прапагандысцкім фільме. Пазней яшчэ раз выкарыстоўваўся прапагандай для ачарнення “Радыё Свабода”.

У снежні 2022 года ў судзе Мядзельскага раёна (Мінская вобласць) адбыўся новы працэс у дачыненні да палітвязня. Мужчыну прызналі вінаватымі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), тэрмін яго пакарання павялічыўся на паўгода.

У жніўні 2024 года была разгледжаная новая справа паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы), палітвязню дадалі яшчэ два гады пазбаўлення волі.

Коўл прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі і Келага ў Мінску 21 чэрвеня, пасля якой было вызвалена 14 палітвязняў, у тым ліку відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Падзяліцца: