Новыя санкцыі ЕС супраць Мінска: Забарона на імпарт зброі, кантроль над экспартам, блакаванне фінансавых аперацый

19 ліпеня, Позірк. На забароне імпарту зброі, кантролі над экспартам і блакаванні фінансавых аперацый сфакусаваныя прынятыя 18 ліпеня абмежавальныя меры Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі. Рашэнне і рэгламент Савета ЕС, якія дапаўняюць папярэднія пакеты санкцый, апублікаваны ў Афіцыйным часопісе ЕС уначы 19 ліпеня.
Адметна, што па Беларусі і Расіі прынятыя раздзельныя санкцыйныя дакументы.
Савет ЕС палічыў мэтазгодным увесці дадатковыя абмежавальныя меры “з прычыны цяжкасці існай сітуацыі і ў адказ на працяглы ўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны”.
Рашэннем найвышэйшага палітычнага органа ЕС забароненая закупка “любых узбраенняў і спадарожных матэрыялаў з Беларусі”.
Выканаўчы дакумент Савета ЕС дапаўняе пералік арганізацый, на якія распаўсюджваюцца санкцыі. Гэта знешнегандлёвае прадпрыемства “Белзнешпрамсэрвіс”, навукова-вытворчае ТАА “ОКБ ТСП”, канструктарскае бюро “КБ Беспілотныя верталёты”, завод “Легмаш”, прадпрыемства “Навукова-тэхнічны цэнтр “ЛЕМТ” БелОМА”, ТАА “Лазерныя прыборы і тэхналогіі”, ААТ “ВІСТАН” і ТАА “Рухсерваматор”.
Рашэннем Савета ЕС пашыраецца пералік забароненых для экспарту тавараў, якія “могуць садзейнічаць вайсковаму і тэхналагічнаму развіццю Беларусі або развіццю яе сектараў абароны і бяспекі”, — за кошт прадукцыі, якую РФ выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, а таксама тавараў, якія садзейнічаюць “распрацоўцы або вытворчасці беларускіх ваенных сістэм, уключаючы хімічныя прэкурсоры для энергетычных матэрыялаў, запасныя часткі для станкоў, дадатковыя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем (ЛПК) і хімічныя кампаненты для паліва”.
“Акрамя таго, мэтазгодна пашырыць пералік тавараў, якія падпадаюць пад экспартныя абмежаванні, якія могуць садзейнічаць падвышэнню прамысловага патэнцыялу Беларусі, такіх як абсталяванне, хімікаты, некаторыя металы і пластык”, — адзначыў Савет ЕС.
Падкрэсліваецца, што для ўзмацнення эфектыўнасці санкцый за расійскую агрэсію неабходна “ліквідаваць рызыку абыходу гэтых мер шляхам ускоснага экспарту праз трэція краіны”. “Пэўныя тавары і тэхналогіі могуць садзейнічаць вайсковаму і тэхналагічнаму ўзмацненню Беларусі або развіццю яе сектароў абароны і бяспекі, уключаючы выпадкі, калі экспарт ажыццяўляецца пад выглядам грамадзянскага прызначэння. Забарона на ўскосны экспарт ахоплівае экспарт санкцыйных тавараў, уключаючы пастаўкі праз трэція краіны”, — гаворыцца ў дакуменце.
Профільным органам краін ЕС дадзеная магчымасць “патрабаваць папярэдняга дазволу на экспарт тавараў, якія могуць садзейнічаць вайсковаму і тэхналагічнаму развіццю Беларусі, у любую трэцюю краіну, калі маецца дастатковая падстава падазраваць, што канчатковым пунктам прызначэння можа быць Беларусь або мяркуецца выкарыстанне беларускімі суб’ектамі”.
Савет ЕС палічыў мэтазгодным “пашырыць існую забарону на прадастаўленне спецыялізаваных фінансавых паведамленняў да забароны на транзакцыі з пэўнымі беларускімі крэдытнымі ўстановамі і іх даччынымі структурамі ў Беларусі, якія адыгрываюць значную ролю ў беларускай фінансавай сістэме і ўжо з’яўляюцца аб’ектам абмежавальных мер, уведзеных саюзам”. Гаворка пра “Белінвестбанк”, “Белаграпрамбанк”, банк “Дабрабыт” і Банк развіцця.
Разам з тым забарона не распаўсюджваецца на транзакцыі, неабходныя для “функцыянавання дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў ЕС, дзяржаў-членаў або краін-партнёраў у Беларусі, уключаючы дэлегацыі, амбасады, місіі і міжнародныя арганізацыі, якія маюць імунітэт згодна з міжнародным правам”. Акрамя таго, забарона не тычыцца транзакцый грамадзян краін ЕС, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі Беларусі і пражывалі ў ёй да пачатку паўнамашстабнай вайны 24 лютага 2022 года. Адначасова профільныя органы краін ЕС могуць дазволіць тразакцыі, калі яны патрэбныя для “выхаду з бізнесу ў Беларусі, згортвання камерцыйнай дзейнасці на яе тэрыторыі”.
“Забараняецца наўпрост ці ўскосна ўдзельнічаць у любых транзакцыях з юрыдычнымі асобамі, арганізацыямі або органамі, пералічанымі ў Дадатку V (утрымлівае пералік прадпрыемстваў, пераважна вайскова-прамысловага комплексу. — “Позірк”.), а таксама з любой юрыдычнай асобай, арганізацыяй або органам, зарэгістраваным у Беларусі, калі іх маёмасныя правы непасрэдна або ўскосна належаць больш як на 50% суб’екту, уключанаму ў Дадатак V”, — гаворыцца ў дакуменце.

Ціханоўская: Адзіны спосаб спыніць дыктатараў — падвысіць цану за іх злачынствы
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- ГрамадстваУ Беларусі налічваецца амаль 22 тыс. паверхневых водных аб’ектаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка