Мінск 01:44

Дзярждума ратыфікавала пратакол, які дазваляе беларусам удзельнічаць у Расіі ў мясцовых выбарах

15 ліпеня, Позірк. Грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расійскай Федэрацыі, атрымалі права ўдзельнічаць у мясцовых выбарах — выбіраць і быць выбранымі, вынікае з ратыфікаванага Дзяржаўнай думай 15 ліпеня пратаколу пра ўнясенне зменаў у двухбаковую Дамову аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года.

“Гэта важны крок, які дазволіць грамадзянам дзвюх дзяржаў больш актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні мясцовых пытанняў, што хвалююць іх як жыхароў канкрэтных раёнаў”, — перадае словы старшыні ніжняй палаты Вячаслава Валодзіна яе прэс-служба.

Паводле яго слоў, дакумент накіраваны на “далейшае ўмацаванне інтэграцыі і супрацоўніцтва нашых краін у межах Саюзнай дзяржавы”.

Згодна з дакументам, грамадзяне Беларусі, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі РФ, атрымаюць права выбіраць і быць выбранымі ў органы мясцовага самакіравання на яе тэрыторыі.

Раней такое права, згодна з беларускім заканадаўствам, мелі толькі грамадзяне РФ, што пражываюць у Беларусі. У прыватнасці, на выбарах, якія прайшлі ў “адзіны дзень галасавання” 25 лютага 2024 года, у спісах выбаршчыкаў на выбарах у мясцовыя саветы значылася больш за 95 тысяч расійскіх грамадзян.

Такім чынам, пратакол (быў падпісаны прэзідэнтамі Расіі Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве 13 сакавіка 2025 года) ураўняў выбарчыя правы грамадзян дзвюх краін.

Дазволіць грамадзянам Беларусі, што пастаянна пражываюць у Расіі, выбіраць і выбірацца ў мясцовыя органы ўлады, а таксама галасаваць на мясцовых рэферэндумах, прапанаваў першы намеснік старшыні камітэта Дзяржаўнай думы РФ па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін. 12 ліпеня 2024 года менавіта ён падаў у Дзярждуму адпаведны законапраект.

Парламентарый прапанаваў прапісаць у законе “Аб агульных прынцыпах арганізацыі мясцовага самакіравання ў РФ”, што беларускія грамадзяне — “грамадзяне Саюзнай дзяржавы, якія пастаянна або пераважна пражываюць на тэрыторыі муніцыпальнага ўтварэння, валодаюць пры ажыццяўленні мясцовага самакіравання правамі згодна з федэральнымі законамі”.

Затулін звярнуў увагу, што Выбарчы кодэкс Беларусі дазваляе грамадзянам РФ, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, удзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Ён адзначыў, што ў спісах выбаршчыкаў на мясцовых выбарах 25 лютага 2024 года значылася 95 тысяч расіян, акрамя таго, у раённыя саветы балатаваліся 15 грамадзян РФ, у сельскія — шэсць.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дамову пра стварэнне супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дамову пра Саюз Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісана дамова пра стварэнне Саюзнай дзяржавы, якая пачала дзеянне 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна звязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

Працэс актывізаваўся пасля таго, як Расія падтрымала Лукашэнку на хвалі паслявыбарчых пратэстаў 2020 года, а таксама пасля пачатку шырокамаштабнай вайны РФ супраць Украіны ў лютым 2022 года, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: