Ціханоўская: Наступныя месяцы будуць вырашальнымі для ўсяго рэгіёну

15 ліпеня, Позірк. Наступныя месяцы “будуць вырашальнымі не толькі для Украіны, але і для Малдовы, Беларусі і ўсяго рэгіёну”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 15 ліпеня на 107-м семінары Роўз-Рот у Бруселі, арганізаваным Парламенцкай асамблеяй НАТО ў партнёрстве з Еўрапейскім парламентам.
Палітык адзначыла, што “лёс Беларусі сёння шчыльна звязаны з Украінай, а поспех Украіны адкрые акно магчымасцей для Беларусі”. Паводле яе слоў, рэжым Аляксандра Лукашэнкі “слабы і крохкі і цалкам залежыць ад [прэзідэнта Расіі Уладзіміра] Пуціна”.
“Пуцін і Лукашэнка не зацікаўленыя ў міры, яны хочуць працягу вайны, таму што яна падсілкоўвае іх рэжымы і апраўдвае рэпрэсіі, таму ў дачыненні да іх неабходна быць цвёрдымі і рашучымі”, — падкрэсліла дэмлідар. У гэтым кантэксце яна заклікала падтрымаць амерыканскага сенатара Ліндсі Грэма, які нядаўна паведаміў пра падрыхтоўку Кангрэсам ЗША маштабнага пакета санкцыйных мер супраць РФ, і зрабіць тое ж самае на еўрапейскім узроўні.
На думку Ціханоўскай, “перамены ў Беларусі не проста магчымыя, а неабходныя, і яны могуць прывесці да змяненняў у Расіі”.
“Як дэмакратычныя сілы мы гатовыя весці нашу краіну ў кірунку дэмакратыі і еўрапейскага шляху развіцця. Мы ўжо падрыхтавалі пакет рэформ, які дапаможа інтэграваць Беларусь у еўрапейскую і еўраатлантычную супольнасць”, — паведаміла яна, нагадаўшы, што створаныя “альтэрнатыўныя органы ўлады”: Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада.
“За пяць гадоў, якія прайшлі з нашага мірнага паўстання, мы не проста выжылі, а пашырылі сваю сетку, выбудавалі інфраструктуру і каналы камунікацыі з беларусамі ўнутры краіны”, — рэзюмавала палітык.
Прывёўшы ў прыклад “раптоўны калапс рэжыму ў Сірыі”, дэмлідар заявіла, што “ўжо цяпер трэба быць гатовымі да постлукашэнкаўскай Беларусі”.
“Мы хочам, каб беларускі народ бачыў альтэрнатыву “рускаму свету”, і беларусы павінны ведаць, што дзверы ў Еўропу ў вырашальны для нас момант будуць адчынены для нас”, — падкрэсліла яна.
“Многія людзі ў сістэме Лукашэнкі, наменклатура, падтрымліваюць наш курс і не хочуць, каб Беларусь стала Расіяй. Мы прапануем ім круглы стол, такі які быў у Польшчы ў 1989 годзе (гаворка пра перамовы паміж уладамі Польскай Народнай Рэспублікі і апазіцыйным прафсаюзам “Салідарнасць”, якія праходзілі ў Варшаве 6 лютага — 5 красавіка 1989 года і завяршыліся пагадненнямі пра рэлегалізацыю “Салідарнасці” і палітычную рэформу. — “Позірк”.). Наша мэта — знайсці мірныя рашэнні крызісу разам”, — заявіла Ціханоўская.
Яна заклікала парламенты і ўрады прысутных на семінары прадстаўнікоў краін “зрабіць заявы да пятай гадавіны мірнага беларускага паўстання, якая будзе адзначацца 9 жніўня, каб нагадаць свету і самому Лукашэнку, што ён — нелегітымны, а беларусам — што НАТО і Еўропа знаходзяцца на баку мірнай, незалежнай і дэмакратычнай Беларусі”.
Дэмлідар папрасіла дэпутатаў далучацца да груп “За дэмакратычную Беларусь” у сваіх парламентах, адзначыўшы, што ў кастрычніку ў Парыжы адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў гэтых груп з 27 краін. Яна таксама папрасіла парламентарыяў станавіцца “сімвалічнымі хроснымі” беларускіх палітвязняў.
Ціханоўская заклікала “працягваць ціск і не рабіць саступкі Лукашэнку да тае пары, пакуль не адбудуцца рэальныя перамены, не спыняцца рэпрэсіі і не будуць вызваленыя ўсе палітвязні”.
Цяперашні семінар Роўз-Рот праходзіць у будынку Еўрапарламента 14–15 ліпеня пад дэвізам “Супраца ЕС і НАТО: Найважнейшае партнёрства і дэмакратычная трываласць”. У ім бяруць удзел парламентарыі, эксперты і палітыкі. На семінары разглядаюцца пытанні супрацы ЕС і НАТО ва ўмацаванні дэмакратычнай трываласці, падтрымцы Украіны і прасоўванні еўраатлантычнай інтэграцыі.

- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаЕўракамісар Кос анансавала новы пакет дапамогі для незалежных СМІ і праваабаронцаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаУ першым паўгоддзі ў абароненым грунце было вырашчана на 4% менш таматаў, чым годам ранейМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаУ першым паўгоддзі сельгасвытворчасць у Беларусі знізілася на 2,7%, год таму быў рост на 10,2%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаДаўгі прадпрыемстваў за год выраслі амаль на траціну — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь трэці месяц запар не лідзіруе ў ЕАЭС ні ў адным з сямі асноўных эканамічных паказчыкаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 12–14 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка