Мінск 21:54

Лукашэнка пераклаў віну за ўзгаранне беларускіх аўтобусаў у РФ на іх дрэннае абслугоўванне

14 ліпеня, Позірк. Асновай гандлёва-эканамічных адносін Беларусі з Санкт-Пецярбургам з’яўляюцца “пастаўкі аўтамабільнай пасажырскай, камунальнай і падобнай тэхнікі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 ліпеня ў Мінску сустрэчы з губернатарам расійскага горада Аляксандрам Бягловым.

“Мы будзем старацца так, каб нават тыя, хто ў гэтым вельмі зацікаўлены, апазіцыйныя так званыя СМІ, не піярыліся на тым, што дзесьці нейкая няспраўнасць у нашай тэхнікі. Таму я казаў вам, у чым тут прычына: тут не толькі канкурэнцыя, тут яшчэ і абслугоўванне. Калі трэба будзе, мы сваю тэхніку беларускую прададзеную ў Піцер можам узяць на тэхнічнае абслугоўванне. Калі трэба – і на эксплуатацыю для таго, каб цалкам потым за яе адказваць, а не “ківаць на тэхнічнае абслугоўванне, яшчэ на кагосьці“, — сказаў ён (цытата паводле неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі “Пул Первого“.).

Як інфармаваў раней “Позірк”, у першым паўгоддзі 2025 года, паводле даных расійскага боку, на рынку РФ рэалізавана было рэалізавана 132 аўтобусы МАЗ, што ў 2,2 раза менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. (294).

Усяго за 2024 год МАЗ рэалізаваў у РФ 504 адзінкі гэтай тэхнікі (у 2023-м — 925; -45,5%).

“Усе чулі, у штогадовым Пасланні Прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты Федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс.аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзелены. Задача беларускай прамысловасці-падключыцца і забяспечыць не менш за 30% патрэбных аб’ёмаў“, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка 2024 года на нарадзе па развіцці прамысловасці.

Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці“.

Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас руху РФ і Беларусі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.

Апошні падобны выпадак, пра які пісалі СМІ, быў зафіксаваны ў Іркуцку 5 ліпеня. Да гэтага толькі ў 2025 годзе аўтобусы гарэлі 14 мая — у Варонежскай вобласці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгарання пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Як і на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга, ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка 2024 года намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы Мінскага аўтамабільнага завода Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.

Паводле яго слоў, тэхніка “стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не адмяняў”.

12 студзеня 2025 года расійскае Інтэрнэт-СМІ “Фонтанка“ апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком Камітэта па транспарце мэрыі Санкт-Пецярбурга Валянцінам Янокаевым, у якім чыноўнік адзначыў, што “пасля першых інцыдэнтаў з узгараннямі“ МАЗу “было дадзена даручэнне“ з боку віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова разабрацца ў сітуацыі. Чыноўнік сцвярджаў, што беларускае прадпрыемства развязала праблему.

Падзяліцца: