Мінск 22:13

Ціханоўская хацела б сустрэцца з Трампам, каб падзякаваць за вызваленне мужа — The Sunday Times

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

13 ліпеня, Позірк. Пра жаданне дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і яе мужа, былога палітвязня Сяргея Ціханоўскага сустрэцца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам гаворыцца ў апублікаваным 13 ліпеня артыкуле брытанскага выдання The Sunday Times.

“Яны хацелі б сустрэцца з ім, каб падзякаваць за вызваленне Ціханоўскага”, — адзначаецца ў публікацыі.

Паводле слоў Ціханоўскай, Трампу “вельмі цяжка мець справу з Расіяй”, але Беларусь для амерыканскага прэзідэнта — “гэта нізка вісячы фрукт”.

“Беларускі народ аб’яднаны вакол ідэі перамен. Трамп мае ўладу і рычагі, каб ажыццявіць гэта”, — падкрэсліла палітык.

Яна заявіла выданню, што яе муж з’яўляецца “прыроджаным лідарам”, аднак канкураваць з ёй у палітыцы ён не будзе. “Ён цалкам паважае, разумее і прымае тое, што я абраны прэзідэнт Беларусі. Я не бачу паміж намі ніякай канкурэнцыі”, — удакладніла Ціханоўская.

“Па сваёй прыродзе я не магу рабіць дыпламатычную працу, як мая жонка. Яна больш спакойная, больш практычная і мае досвед, якога ў мяне няма”, — адзначыў Ціханоўскі.

Паводле яго слоў, ён “аднавіў кар’еру відэаблогера”. “Мая мэта — зрабіць канкрэтныя крокі, каб гэты рэжым разваліўся”, — дадаў экс-палітвязень.

Галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка лічыць, што Аляксандр Лукашэнка “моцна пралічыўся”, вызваліўшы Ціханоўскага ў разліку на раскол у дэмсілах, гаворыцца ў публікацыі. “Гэтак жа [пралічыўся], як і тады, калі дазволіў Святлане балатавацца супраць яго [на прэзідэнцкіх выбарах] у 2020 годзе, назваўшы яе маленькай дзяўчынкай”, — прыводзіць выданне меркаванне Вячоркі.

Пакуль Ціханоўскі заставаўся ў зняволенні, у яго жонкі “былі прычыны стрымліваць сябе ў выказваннях і дзеяннях”. “Цяпер у іх больш няма такіх рычагоў уздзеяння”, — падкрэсліў дарадца.

Працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі, “захаваць санкцыі ў сіле і пашырыць там, дзе гэта неабходна”, — асабліва ў дачыненні да “тых, хто фінансуе рэпрэсіі”, заклікалі Святлана і Сяргей Ціханоўскія 10 ліпеня ў супольным артыкуле для італьянскага выдання Il Foglio.

Яны выступілі за тое, каб “эліце рэжыму і яго памагатым не было дазволена выязджаць, інвеставаць або адмываць сваю рэпутацыю за мяжой, працягваючы парушаць асноўныя правы чалавека дома”.

Любую нармалізацыю адносін з Мінскам Ціханоўскія заклікалі ўвязаць з “канкрэтнымі вынікамі”, пачынаючы “з поўнага і безумоўнага” вызвалення палітвязняў — “не некаторых, не самых вядомых, а ўсіх”.

У інтэрв’ю выданню Politico, якое было апублікавана 7 ліпеня, Ціханоўская заклікала Трампа працягваць аказваць ціск на Лукашэнку.

“Не нармалізуйце сітуацыю, калі людзей вызваляюць за нейкія саступкі з вашага боку, змякчэнне санкцый або публічную ўвагу. Лукашэнку трэба караць, а не ўзнагароджваць”, — падкрэсліла дэмлідар.

Некаторыя эксперты, як адзначае выданне, асцерагаюцца, што пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага, які адбыўся пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага, адміністрацыя Трампа аслабіць ціск у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

У сувязі з гэтым Ціханоўская заклікала адміністрацыю Трампа “адкінуць спробы Лукашэнкі ўстанавіць легітымнасць”.

Пра вызваленне 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы Лукашэнкі і Келага 21 чэрвеня.

Сярод вызваленых — відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Таксама былі вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя таго, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.

Падзяліцца: