Мінск 17:57

Беларуская праваслаўная царква заяўляе пра агульныя мэты з “Белай Руссю“

Фота: borisoveparhia.by

25 чэрвеня, Позірк. Пра агульныя мэты, якія дасягаюцца ў супрацоўніцтве рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь“ і Барысаўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, заявіў сакратар Барысаўскага епархіяльнага ўпраўлення, настаяцель прыхода храма Раства Хрыстова ў Барысаве (Мінская вобласць) протаіерэй Аляксандр Вярбіла на VIII справаздачна-выбарнай канферэнцыі Барысаўскай раённай арганізацыі “Белай Русі”.

Пра якія канкрэтна мэты ідзе гаворка, ён не сказаў. Як паведамляе сайт барысаўскага епархіяльнага ўпраўлення, Вярбіла перадаў удзельнікам прывітанне і благаслаўленне епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Амброзія, а таксама падарыў старшыні мясцовага аддзялення “Белай Русі“ Уладзіміру Васільеву кнігу “Воіны духу“ аб удзеле 12 святароў і манахаў у Вялікай Айчыннай вайне і ў пасляваенным аднаўленні.

На базе створанага ў 2007 годзе грамадскага аб’яднання “Белая Русь“ (пры яго захаванні) у траўні 2023 года была створана Беларуская партыя “Белая Русь“, якая ва ўсім падтрымлівае Лукашэнку. Яе ўзначаліў Алег Раманаў, які раней кіраваў аб’яднаннем. “Белая Русь” стала першай палітычнай партыяй, зарэгістраванай у краіне за апошнія два дзесяцігоддзі.

15 лютага 2024 года “Белая Русь“ падпісала пагадненне “Аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве“ з расійскай партыяй улады “Адзіная Расія“.

У краіне засталося чатыры праўладныя партыі: “Белая Русь”, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Дэ-факта скапіяваная расейская схема з чатырма партыямі, у большай ці менш ступені лаяльнымі Крамлю.

З пачатку восені 2020 года па 28 красавіка 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія“, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 89 хрысціянскіх служыцеляў: рымска-каталіцкага касцёла — 34, евангельскіх цэркваў — 30, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — 5.

Падзяліцца: