Мінск 17:01

Рыжанкоў абмеркаваў з калегам з Амана двухбаковыя стасункі, міжнародны і рэгіянальны парадак дня

Маскат, Аман
Ілюстрацыйнае фота: Gilles Gravier / unsplash.com

17 чэрвеня, Позірк. “Шырокае кола пытанняў” двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня абмеркавалі 16 чэрвеня ў тэлефоннай размове міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і яго калега з Амана Саід Бадр бін Хамад бін Хумуд аль-Бусаідзі.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, “асаблівую ўвагу” суразмоўцы надалі “рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у рамках нядаўняга візіту” Аляксандра Лукашэнкі ў Аман.

“Міністры адзначылі станоўчую дынаміку ў развіцці палітычнага дыялога, рост цікавасці да пашырэння эканамічных кантактаў, а таксама пацвердзілі гатоўнасць да рэалізацыі сумесных праектаў у сферах узаемнага інтарэсу, у прыватнасці, у галіне лагістыкі, сельскай гаспадаркі і высокіх тэхналогій”, — гаворыцца ў паведамленні.

Рыжанкоў і аль-Бусаідзі, як сцвярджаецца, “пацвердзілі зацікаўленасць ва ўмацаванні ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый, у першую чаргу, ААН і Рух недалучэння”.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Аман у снежні 2024 года. У рамках візіту ён абмяркоўваў цяперашні стан і перспектывы развіцця стасункаў паміж краінамі з аманскім султанам Хайсамам бен Тарэкам аль Саідам. Пасля палітык паведаміў, што Мінск і Маскат створаць “міжўрадавую камісію або камітэт” і выпрацуюць дарожную карту па двухбаковай супрацы.

19 траўня 2025 года Лукашэнка, прымаючы ў Мінску наследнага прынца, міністра культуры, моладзі і спорту Амана Зеязіна бен Хайтама аль Саіда, заявіў, што Беларусь сярод іншага зацікаўленая ў партовай інфраструктуры гэтай дзяржавы.

Паводле даных Міністэрства замежных спраў, у 2021 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Аманам складаў 1,5 млн долараў (беларускі экспарт — 0,9 млн). У аснове паставак з Беларусі тады ляжалі калійныя ўгнаенні і прадукты харчавання. Актуальнай інфармацыі на сайце МЗС не прадстаўлена.

Падзяліцца: