Мінск 02:54

Паводле звестак МЗС, сярод пацярпелых у выніку канфлікту Ізраіля і Ірана грамадзян Беларусі няма

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

14 чэрвеня, Позірк. На гэты момант “сярод пацярпелых у сувязі з апошнімі падзеямі ў Іране і Ізраілі грамадзян Рэспублікі Беларусь няма”, паведаміла 14 чэрвеня Міністэрства замежных спраў.

“У Іране фармуецца спіс беларускіх грамадзян, якія выказалі жаданне пакінуць тэрыторыю краіны, — адзначыла знешнепалітычнае ведамства. — Вядзецца неабходная каардынацыйная праца, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з расійскім бокам”.

“У Ізраілі ва ўмовах закрытай паветранай прасторы захоўваецца магчымасць выезду праз сухапутную мяжу з Егіптам і Іарданіяй. Улічваючы, што бліжэйшая амбасада Рэспублікі Беларусь знаходзіцца ў Егіпце, раім беларускім грамадзянам, якія жадаюць пакінуць краіну, выязджаць з Ізраіля праз КПП Таба (г. Эйлат)”, — гаворыцца ў паведамленні.

МЗС “настойліва рэкамендуе” беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ў Іране і Ізраілі, “захоўваць спакой, датрымлівацца захадаў асабістай бяспекі і строга прытрымлівацца ўказанняў і рэкамендацый мясцовых уладаў і праваахоўных органаў”. Ведамства “працягвае пільна адсочваць развіццё сітуацыі” і абяцае “аператыўна інфармаваць пра яе змены”.

Паведамляецца, што дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі працягваюць працаваць, адкрытыя лініі для экстранай сувязі (Ізраіль: +97235222043; Іран: +982122752229, +989122152935).

Напярэдадні расійскае дзяржагенцтва ТАСС паведаміла, што грамадзяне Беларусі эвакуююцца з Ірана ў Азербайджан у складзе групы замежнікаў. Было заяўлена, што ў групу з 88 чалавек таксама ўваходзяць грамадзяне Расіі, Латвіі, Сербіі, Таджыкістана і Узбекістана. Адзначалася, што Азербайджан дапаможа эвакуяваным з транспартам, размяшчэннем у гасцініцы і вяртаннем у свае краіны.

У ноч на 13 чэрвеня сілы ВПС Ізраіля атакавалі мноства аб’ектаў на тэрыторыі Ірана — для нанясення крытычнай шкоды ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу краіны. Былі атакаваныя ядзерныя аб’екты, ракетныя базы, авіябазы, сістэмы супрацьпаветранай абароны, камандныя пункты, а таксама нанесеныя кропкавыя ўдары па вайсковым кіраўніцтве і асобам, што маюць дачыненне да развіцця іранскай ядзернай праграмы.

У адказ Іран запусціў у бок Ізраіля беспілотныя лятучыя апараты (паводле інфармацыі ізраільскіх СМІ, усе былі перахопленыя), а затым атакаваў балістычнымі ракетамі.

Паводле даных медыя, у Ізраілі загінула чатыры чалавекі, больш за 70 параненыя, у Іране — каля 80 і 320 адпаведна.

Падзяліцца: