Мінск 16:15

У Дзень друку Лукашэнка назваў прапагандыстаў “сапраўднымі патрыётамі”

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

5 траўня, Позірк. Дзень друку з’яўляецца святам “прафесіяналаў і сапраўдных патрыётаў, якія прысвяцілі сябе журналістыцы і друкаванай справе”, гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваным 5 траўня яго прэс-службай.

Згаданыя “прафесіяналы”, пад якімі, відавочна, маюцца на ўвазе дзяржаўныя прапагандысты, на думку віншавальніка, дэманструюць “сілу і духоўнае багацце беларускага друкаванага слова”, што “аб’ектыўна, адказна і неабыякава адлюстроўвае жыццё краіны і свету ва ўсёй яе разнастайнасці”. Аўтары гэтага слова, як сцвярджае Лукашэнка, дапамагаюць “у вырашэнні вострых праблем” і ствараюць “праўдзівы летапіс сучаснай Беларусі”.

Віншавальнік упэўнены, што беларуская прэса “будзе паспяхова развівацца, радаваць чытачоў і падпісчыкаў новымі праектамі, разумнай аналітыкай і хвасткай публіцыстыкай”.

Пасля падаўлення маштабных пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў рэжым Лукашэнкі стаў метадычна знішчаць непадкантрольную яму частку медыясектара. Асноўныя незалежныя СМІ былі разгромленыя, многія іх супрацоўнікі трапілі пад крымінальны пераслед ці былі вымушаныя пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій, і аднавіць працу за мяжой.

Дзейнасць і матэрыялы незалежных СМІ метадычна абвяшчаюцца “экстрэмісцкімі”, за супрацу з імі пагражае крымінальная адказнасць.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заяўляе пра 40 прадстаўнікоў медыя, якія знаходзяцца ў няволі, падкрэсліваючы, што гэта не поўны спіс.

Дэмакратычныя краіны ў сувязі з Сусветным днём свабоды друку 3 траўня запатрабавалі ад Беларусі выконваць абавязацельствы па абароне свабоды СМІ.

Беларускія ўлады не адмаўляюць, што займаюцца цэнзураваннем інфармацыі. Міністр інфармацыі Марат Маркаў 4 траўня заявіў, што “цэнзура вельмі неабходная” і абвінаваціў Захад у “жорсткім ушчамленні свабоды слова”.

Інтэграцыя прапагандыстаў. Як беларускія дзяржСМІ кансалідаваліся з расійскімі ў адзіным парыве ачарніць Украіну

Апублікавана на адкрытай версіі "Позірку" 21 красавіка 2025 года ў 10:50 У 2020 годзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, сутыкнуўшыся з масавымі пратэстамі і заходнім санкцыйным ціскам, знайшоў паратунак у Расіі. Расцягнутая да гэтага ледзь не на дзесяцігоддзі інтэграцыя з суседняй краінай …
Падзяліцца: