Мінск 18:07

Лукашэнка другі раз за чатыры дні заявіў, што ў Беларусі можна насіць георгіеўскія стужачкі, і заадно абвінаваціў Украіну ў нацызме

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

2 траўня, Позірк. У Беларусі не забаронена насіць георгіеўскія стужачкі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 2 траўня ў Мінску з кіраўніком Астраханскай вобласці (РФ) Ігарам Бабушкіным.

“Хочаце з [георгіеўскімі] стужачкамі — калі ласка. Хочаце з нашымі гэтымі, вы ведаеце, стужачкамі (“Яблыневы колер”. — “Позірк”.) — калі ласка. Хто як хоча. Правільна? Мы ж свае людзі, мы ж не носім свастыку, як на Украіне”, — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што “павінна быць нейкае адрозненне” ў правядзенні святочных мерапрыемстваў 9 траўня ў Беларусі і Расіі (па відэа ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Лукашэнкі).

Зноў згадаўшы расійскую акцыю “Бессмяротны полк”, Лукашэнка заявіў: “Мы пайшлі гэтым шляхам, але ў нас гэта не “Бессмяротны полк”, а [шэсце] “Беларусь памятае”. Тое ж самае фактычна — партрэты нясуць. Хто нясе, хто не нясе, тут справа кожнага”.

Ніхто ў Беларусі “не забараняе ні ў якім разе георгіеўскія стужачкі”, заявіў Лукашэнка 29 красавіка ў Валгаградзе (РФ) на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

“Хоць я пацікавіўся гісторыяй. Раю, вось вазьміце, хай вам дадуць гісторыкі ўсю інфармацыю аб георгіеўскай стужачцы. Мы гэта не адмаўляем. Хоць своеасаблівая ўсё ж такі гісторыя гэтай георгіеўскай стужачкі”, — сказаў ён.

“Нічога дрэннага не бачу, калі хтосьці хоча георгіеўскую стужку”, — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у беларускіх гарадах пры святкаванні 9 траўня праводзіцца акцыя “Беларусь памятае”, але “ніхто не дзеліць” гэтае мерапрыемства з шэсцем “Бессмяротны полк”, проста “камусьці ж трэба пашумець”.

“Бессмяротны полк” — расійскі рух у памяць пра герояў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі штогод 9 траўня праходзяць калонай па вуліцах гарадоў з фотаздымкамі сваіх сваякоў — удзельнікаў ВАВ. Рух заснаваны ў 2011 годзе ў Томску журналістамі Сяргеем Лапянковым, Сяргеем Калатоўкіным і Ігарам Дзмітрыевым.

З часам “Бессмяротны полк” перайшоў пад апеку расійскіх уладаў, у руху ўзмоцнены ідэалагічны і прапагандысцкі складнік, падтрымка ваеннай агрэсіі ва Украіне. У 2022 годзе ў шэсці ў чарговы раз прыняў удзел прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Удзельнічаюць у акцыі і іншыя высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі. Многія ўдзельнікі выкарыстоўваюць сімволіку часоў СССР, георгіеўскія стужкі (адзін з сімвалаў расійскай агрэсіі ва Украіне), партрэты Іосіфа Сталіна.

У Беларусі акцыя “Бессмяротны полк” праводзіцца з 2012 года. Афіцыйна ўлады ў ёй не ўдзельнічаюць. Пры гэтым беларускія чыноўнікі ў Дзень Перамогі замест георгіеўскіх стужачак выкарыстоўваюць чырвона-зялёную “Яблыневы колер”, стылізаваную пад дзяржаўны сцяг.

1 сакавіка 2019 года Аляксандр Лукашэнка выказаўся супраць правядзення акцыі “Бессмяротны полк” на дзяржаўным узроўні.

“Я катэгарычна супраць. Не таму, што супраць гэтай акцыі. Гэта бліскучая акцыя, расійская акцыя, мы з прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі некалькі гадоў таму гэтае пытанне, — сказаў Лукашэнка. — Я кажу: “Таксама там вашы нас папракаюць, што мы нібыта забараняем “Бесмяротны полк”. Вы ж у нас, груба сказаў так, перадралі гэтую ідэю”. Памятаеце? “Беларусь памятае”. Дакладна такое ж шэсце. Чаму мы павінны кінуць сваё “Беларусь памятае” і схапіцца за “Бессмяротны полк”? Калі па сваёй сутнасці і нават па знешняй форме яны падобныя, яны аднолькавыя”.

Падзяліцца: