Мінск 19:43

Праваабаронцы просяць парламент распаўсюдзіць амністыю на асуджаных з палітычных матываў

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

30 красавіка, Позірк. Восем беларускіх праваабарончых арганізацый звярнуліся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з просьбай распаўсюдзіць на асуджаных з палітычных матываў дзеянне рыхтаванага закону “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

“У цяперашняй рэдакцыі праекта закона выключаная магчымасць прымянення амністыі для асуджаных паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія актыўна прымяняліся ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў і нязгодных з палітыкай, якую праводзіць дзяржава, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”. — Мы перакананыя, што падобны падыход супярэчыць прынцыпам справядлівасці, гуманізму і павагі да правоў чалавека”.

Праваабаронцы падкрэслілі, што большасць людзей, якія “не падпадаюць пад дзеянне законапраекта ў разгляданай рэдакцыі”, была асуджаная за “рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі правоў”.

“Гэтыя людзі не звярталіся да гвалтоўных метадаў у працэсе рэалізацыі сваіх правоў, — адзначана ў дакуменце. — Значная колькасць такіх асуджаных цяпер знаходзіцца ў вельмі ўразлівым стане праз узрост, стан здароўя і ўмовы ўтрымання, якія могуць кваліфікавацца як жорсткае і прыніжальнае годнасць пакаранне. Адсутнасць рэальнай медыцынскай дапамогі, цяжкія ўмовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі прыводзяць да пастаяннай пагрозы жыццю і здароўю людзей”.

Амністыя людзей, “якія не нанеслі шкоды жыццю і здароўю іншых”, стала б “не толькі актам справядлівасці”, але і “важным крокам да пераадолення нацыянальнага крызісу, аднаўлення даверу ў грамадстве, аблягчэння фізічных і маральных пакут не толькі асуджаных, але і іх блізкіх”.

“Каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця, павага да чалавечай годнасці, правоў і свабод з’яўляюцца фундаментальнымі прынцыпамі міжнароднага права і “мэтай грамадства і дзяржавы”, як пазначана ў Канстытуцыі Беларусі”, — падкрэслілі праваабаронцы.

Падпісанты заявы заклікалі “адмовіцца ад дыскрымінацыйнага падыходу і распаўсюдзіць дзеянне амністыі на ўсіх асоб, асуджаных па так званых злачынствах “экстрэмісцкай накіраванасці”, перагледзеўшы шэраг канкрэтных палажэнняў законапраекта.

“Мы перакананыя, што такое рашэнне стане праявай палітычнай дальнабачнасці, гуманізму і павагі да фундаментальных правоў чалавека, неабходнай для пераадолення глыбокага нацыянальнага крызісу і прасоўвання Беларусі да міру, справядлівасці і паступовага аднаўлення прававой дзяржавы”, — гаворыцца ў заяве.

Апрача “Вясны” дакумент падпісалі Беларускі Хельсінкскі Камітэт, “Прававая ініцыятыва”, Respect-Protect-Fulfill, Беларускі ПЭН, Lawtrend, Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Законапраект аб амністыі Палата прадстаўнікоў разглядае 30 красавіка адразу ў двух чытаннях.

Адпаведны праект закона ўрад унёс у ніжнюю палату парламента 24 красавіка. Чакаецца, што пад яе трапіць каля 8 тыс. асуджаных.

Падзяліцца: