Мінск 00:52

Лукашэнка — Пуціну: Ні ў якім разе ніхто не забараняе ў Беларусі георгіеўскія стужачкі

Архіўнае фота: kremlin.ru

29 красавіка, Позірк. Ніхто ў Беларусі “не забараняе ні ў якім разе георгіеўскія стужачкі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка ў Валгаградзе на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

“Хоць я пацікавіўся гісторыяй. Раю, вось вазьміце, хай вам дадуць гісторыкі ўсю інфармацыю аб георгіеўскай стужачцы. Мы гэта не адмаўляем. Хоць своеасаблівая ўсё ж такі гісторыя гэтай георгіеўскай стужачкі”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

“Нічога дрэннага не бачу, калі хтосьці хоча георгіеўскую стужку”, — дадаў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што ў беларускіх гарадах пры святкаванні 9 траўня праводзіцца акцыя “Беларусь памятае”, але “ніхто не дзеліць” гэтае мерапрыемства з шэсцем “Бессмяротны полк”, проста “камусьці ж трэба пашумець”.

Паводле яго слоў, “абодва мерапрыемствы праводзяцца паралельна”. “Калі вы [ў Расіі] адкрывалі шэсце “Бессмяротны полк”, мы ў Беларусі гэтым шляхам пайшлі. Але моладзь паралельна з георгіеўскімі стужачкамі і шэсцем “палка” [ініцыявала акцыю] “Беларусь памятае”, — адзначыў ён.

Паведамляецца, што Лукашэнка “параіў расійскаму калегу не звяртаць увагі на асобныя негатыўныя выказванні на гэты конт”.

“У нас ідэя абсалютна аднолькавая. Вы нашы ідэі ведаеце, мы ведаем расійскія. Гэта адна Айчына, як я кажу, ад Брэста да Уладзівастока. Ну, так здарылася не па нашай волі, што тут дзве дзяржавы ўтварылася. І мы павінны зрабіць усё для таго, каб нашы адносіны ў гэтай Айчыне былі яшчэ больш цеснымі, чым ва ўнітарнай дзяржаве. І мы з вамі нямала робім”, — сказаў ён.

“Бессмяротны полк” — расійскі рух у памяць пра герояў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі штогод 9 траўня праходзяць калонай па вуліцах гарадоў з фотаздымкамі сваіх сваякоў — удзельнікаў ВАВ. Рух заснаваны ў 2011 годзе ў Томску журналістамі Сяргеем Лапянковым, Сяргеем Калатоўкіным і Ігарам Дзмітрыевым.

З часам “Бессмяротны полк” перайшоў пад апеку расійскіх уладаў, у руху ўзмоцнены ідэалагічны і прапагандысцкі складнік, падтрымка ваеннай агрэсіі ва Украіне. У 2022 годзе ў шэсці ў чарговы раз прыняў удзел прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Удзельнічаюць у акцыі і іншыя высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі. Многія ўдзельнікі выкарыстоўваюць сімволіку часоў СССР, георгіеўскія стужкі (адзін з сімвалаў расійскай агрэсіі ва Украіне), партрэты Іосіфа Сталіна.

У Беларусі акцыя “Бессмяротны полк” праводзіцца з 2012 года. Афіцыйна ўлады ў ёй не ўдзельнічаюць. Пры гэтым беларускія чыноўнікі ў Дзень Перамогі замест георгіеўскіх стужачак выкарыстоўваюць чырвона-зялёную “Яблыневы колер”, стылізаваную пад дзяржаўны сцяг.

1 сакавіка 2019 года Аляксандр Лукашэнка выказаўся супраць правядзення акцыі “Бессмяротны полк” на дзяржаўным узроўні.

“Я катэгарычна супраць. Не таму, што супраць гэтай акцыі. Гэта бліскучая акцыя, расійская акцыя, мы з прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі некалькі гадоў таму гэтае пытанне, — сказаў Лукашэнка. — Я кажу: “Таксама там вашы нас папракаюць, што мы нібыта забараняем “Бесмяротны полк”. Вы ж у нас, груба сказаў так, перадралі гэтую ідэю”. Памятаеце? “Беларусь памятае”. Дакладна такое ж шэсце. Чаму мы павінны кінуць сваё “Беларусь памятае” і схапіцца за “Бессмяротны полк”? Калі па сваёй сутнасці і нават па знешняй форме яны падобныя, яны аднолькавыя”.

Мінгарсуд разгледзіць скаргу на чарговую адмову ў рэгістрацыі ГА "Бессмяротны полк"

28 красавіка, Позірк. Мінскі гарадскі суд 3 траўня разгледзіць скаргу на адмову ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання "Бессмяротны полк", вынікае з раскладу пасяджэнняў на партале электроннага судаводства. Пазоў пададзены заснавальнікамі аб'яднання, прыхільнікамі сталінізму Леанідам Школьнікавым, Валерыем Драко, Генрыхам Сіманоўскім, Васілём Зелікавым, …
Падзяліцца: