Мінск 02:06

Amnesty International: Беларускія ўлады ў 2024 годзе ўзмацнілі падаўленне незалежных СМІ, катаванні сталі паўсюднымі

Крыніца: Amnesty International

29 красавіка, Позірк. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International у штогадовай справаздачы аб стане правоў чалавека ў свеце канстатуе, што ўлады Беларусі летась “працягвалі спыняць усе формы публічнай крытыкі і злоўжывалі сістэмай правасуддзя, каб караць грамадзян за іншадумства”.

“Падаўленне незалежных СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасці ўзмацнілася. Катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання сталі паўсюднымі, панавала беспакаранасць. Шырока практыкавалася гвалтоўнае знікненне зняволеных. ЛГБТ-супольнасць па-ранейшаму сутыкалася з пераследамі”, — гаворыцца ва ўступнай частцы справаздачы.

“Сур’ёзна зрэзанай” называецца ў дакуменце “свабода выказвання меркаванняў”. “Афіцыйны спіс анлайн-, друкаваных і вяшчальных матэрыялаў, пазначаных уладамі як маючыя “экстрэмісцкі кантэнт”, працягваў расці. Кожны месяц сотні людзей адвольна дадаваліся ў “спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, — заяўляюць праваабаронцы.

Падкрэсліваецца, што на канец 2024 года 45 прадстаўнікоў медыя знаходзілася ў месцах пазбаўлення волі.

“Узмацнілася падаўленне арганізацый грамадзянскай супольнасці, уключаючы незалежныя НДА, прафсаюзы, этнічныя і рэлігійныя супольнасці. Прынамсі 329 арганізацый былі распушчаныя або знаходзіліся ў працэсе роспуску”, — адзначаецца ў справаздачы.

Звяртаецца ўвага на пераслед рэлігійных арганізацый і святароў, якія “сутыкаліся з абвінавачваннямі ў стварэнні або распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

“Улады вызвалілі дзясяткі зняволеных, асуджаных па палітычна матываваных абвінавачваннях, пад умовай невыдавання і пасля таго, як прымусілі іх падаць прашэнне аб памілаванні. Іх імёны не былі названыя”, – канстатуе Amnesty International.

“Аднак, — падкрэсліваюць праваабаронцы, — арышты і пераслед іншадумцаў заставаліся шырока распаўсюджанымі, асабліва ў дачыненні да ўдзельнікаў і прыхільнікаў мірных масавых пратэстаў 2020 года, члены сем’яў якіх таксама зазнавалі пераслед”.

Паводле заключэння аўтараў справаздачы, “катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання” летась “заставаліся эндэмічнымі, а вінаватыя карысталіся беспакаранасцю”. “Асобы, асуджаныя паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, падвяргаліся больш суроваму абыходжанню ў зняволенні, іх турэмная форма была адзначаная жоўтымі значкамі. Некалькім вядомым зняволеным было адмоўлена ў кантакце са знешнім светам, іх часта змяшчалі ў карцары на працяглыя тэрміны і адмаўлялі ў адэкватнай медыцынскай дапамозе”, — удакладняюць праваабаронцы.

Адзначаецца, што палітвязні Вадзім Храсько і Ігар Леднік памерлі за кратамі, маючы “спадарожныя захворванні, пра якія ўладам было добра вядома”.

“На працягу года не было ніякіх знешніх кантактаў і прамой інфармацыі пра Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыку і іншых вядомых зняволеных, актывістаў, журналістаў і палітыкаў. Паводле слоў спецдакладчыка ААН па Беларусі, такія працяглыя перыяды ізаляцыі могуць быць прыроўненыя да гвалтоўных знікненняў”, — гаворыцца ў дакуменце.

З Марыяй Калеснікавай, як заяўляецца, не было сувязі больш за 600 дзён, пакуль “у лістападзе пад ціскам міжнароднай супольнасці яе бацьку не дазволілі сустрэцца з ёй”.

“Улады працягвалі злоўжываць сістэмай правасуддзя для падаўлення мірнага іншадумства, пераследуючы палітычных апанентаў, праваабаронцаў, актывістаў і адвакатаў і інш. Завочныя суды былі звычайнай з’явай”, — падкрэсліваюць аўтары справаздачы.

Паводле звестак праваабаронцаў, толькі ў жніўні і верасні 2024-га было затрымана не менш за 30 прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. “Іх затрыманні ў асноўным былі звязаныя з меркаваным “дробным хуліганствам”, падпіскай на “экстрэмісцкія матэрыялы”, а таксама з “вытворчасцю і распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў”, — паведамляе Amnesty International.

Падзяліцца: