Мінск 21:39

ЗША і краінам Еўропы перададзеная інфармацыя пра схему “Амкадора” па абходзе санкцый праз Казахстан — BelPol

Чарцёж імпартных сядзенняў, якія цікавяць "Амкадор"
Скрыншот дакумента, апублікаванага BelPol

28 красавіка, Позірк. Прадпрыемства па вытворчасці спецтэхнікі “Амкадор” спрабуе ў абыход санкцый набыць сядзенні нямецкай кампаніі Grammer, вынікае з інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol.

Адзначаецца, што атрымаць імпартныя камплектуючыя прадпрыемства хоча праз казахстанскую кампанію “БАСК-ЦА”, якая спецыялізуецца на пастаўках абсталявання.

Аб’яднанне апублікавала, як сцвярджаецца, камерцыйную прапанову ў адказ на заяўку “Амкадора” пра набыццё 30 сядзенняў Grammer. У дакуменце пазначаны кошт — 934 еўра за адзінку тавару “з дастаўкай да г. Мінск”. Пазначана, што тэрмін вырабу сядзенняў на падставе чарцяжу складае 30–60 дзён, дастаўкі — 30–40 дзён, але яны “будуць удакладняцца пры падпісанні кантракта”. Пры гэтым кампаніі патрэбная 100-адсоткавая перадаплата.

BelPol лічыць, што цяпер здзелка “знаходзіцца на стадыі рэалізацыі”. “Інфармацыя пра меркаваную схему была перададзеная еўрапейскім і амерыканскім структурам, адказным за выкананне санкцыйнага рэжыму, уключаючы Еўрапейскую службу знешнепалітычнай дзейнасці (EEAS) і Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША (OFAC), для далейшага аналізу і магчымага рэагавання”, — гаворыцца ў паведамленні.

На думку арганізацыі, сітуацыя з “Амкадорам” дэманструе “адзін з тыповых механізмаў адаптацыі беларускіх прадпрыемстваў да санкцыйнага ціску — праз пераарыентацыю лагістычных ланцужкоў і прыцягненне трэціх краін, якія знаходзяцца па-за юрысдыкцыяй прамых санкцый”.

“Падобная практыка можа сведчыць як пра наяўнасць устойлівых каналаў абыходу, так і пра ўвагу міжнароднай супольнасці, якая расце, да другасных санкцый і кантролю за экспартам крытычных кампанентаў”, — мяркуе BelPol.

21 красавіка падчас наведвання Віцебскай вобласці Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў уласніка “Амкадора” ў складаным становішчы прадпрыемства.

Пра тое, што шматгадовага кіраўніка “Амкадора” Аляксандра Шакуціна (знаходзіцца пад санкцыямі ЕС з 17 снежня 2020 года), якога называлі адным з набліжаных да Лукашэнкі бізнесменаў, адхілілі ад кіраўніцтва, беларускія незалежныя СМІ паведамілі на пачатку красавіка.

Напрыканцы студзеня аб’яднанне BelPol апублікавала расследаванне пра холдынг “Амкадор”, у структуры якога існуе унітарнае прадпрыемства “Завод СВТ”, якое займаецца, паводле інфармацыі расследавальнікаў, распрацоўкай узбраенняў.

ААТ “Амкадор” — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй спецыяльных машын для дарожна-будаўнічай, лагістычнай, торфаздабыўной, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін.

На 2022 год у структуру холдынгу ўваходзіла 26 прадпрыемстваў, у тым ліку 17 заводаў у Беларусі і Расіі.

Падзяліцца: