Мінск 01:11

Нацбанк другі месяц запар не мяняе разліковыя велічыні стандартнай рызыкі

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

21 красавіка, Позірк. На травень 2025 года Нацыянальны банк пакінуў без змяненняў разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР).

Як вынікае з паведамлення рэгулятара, па крэдытах (новых у беларускіх рублях за выключэннем ільготных) для юрыдычных асоб РВСР застануцца на сакавіцкім узроўні — 12,87%, для фізічных асоб — 18,18%. Велічыні былі паднятыя 20 лютага на 0,37 і 0,47 працэнтнага пункта адпаведна.

РВСР не мяняліся са жніўня 2024 года па люты 2025-га і знаходзіліся на ўзроўні 12,5% і 17,71%.

На студзень мінулага года РВСР былі вызначаныя на ўзроўні 11,26% і 16,44% адпаведна, люты — красавік — 11,61% і 16,33%, травень — ліпень — 11,98% і 17,22%.

Сістэму мер макрапрудэнцыйнага характару, скіраваную на абмежаванне сістэмнай рызыкі, што генеруецца бізнес-мадэлямі банкаў з падвышаным рызыка-апетытам, Нацбанк увёў 1 сакавіка 2019 года.

У яе аснове ляжыць падыход, у адпаведнасці з якім да банкаў, якія рэалізуюць такія бізнес-мадэлі, прымяняюцца падвышаныя рэгулятарныя патрабаванні ў галіне дастатковасці капіталу, фармавання адмысловых рэзерваў на пакрыццё магчымых страт і фармавання фонду абавязковых рэзерваў.

У якасці індыкатара, які паказвае на падвышаны ўзровень рызыкі рэалізаваных банкамі бізнес-мадэляў, выкарыстоўваецца перавышэнне вызначаных працэнтных ставак па новых укладах, крэдытах і эмітаваных аблігацыях над адпаведнымі РВСР. У аснове алгарытму разліку індыкатара ляжыць сярэдняе арыфметычнае, а таксама мера варыяцыі працэнтных ставак, што быруцца ў разлік.

Сярэднія стаўкі па крэдытах банкаў (тут і далей без уліку міжбанкаўскіх крэдытаў) выраслі ў лютым гэтага года на 0,3 працэнтнага пункта (з 10,36% да 10,66%), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага банка.

У лютым 2024 года сярэдняя стаўка была роўная 9,71%, у сакавіку — 9,79%, красавіку — 9,83%, траўні — 9,88%, чэрвені — 9,92%, ліпені — 9,99%, жніўні — 10,11%, верасні — 10,18%, кастрычніку — 10,28%, лістападзе — 10,33%, снежні — 10,01%.

Для юрыдычных асоб у лютым 2025-га стаўка стала меншай на 0,01 п.п. (з 9,77% да 9,76%); для фізічных асоб — большай на 0,04 п.п. (з 11,25% да 11,29%).

Сярэднія працэнтныя стаўкі па новых крэдытах банкаў знізіліся на 0,39 п.п. (з 11,48% да 11,09%). Для юрыдычных асоб яны паменшыліся на 0,43 п.п. (з 11,6% да 11,17%), але для фізічных асоб выраслі на 0,03 п.п. (з 10,41% да 10,44%).

Стаўкі аднадзённага міжбанкаўскага рынку выраслі адразу на 3,51 п.п. (з 5,93% да 9,44%), стаўкі па абавязацельствах банкаў — на 0,23 п.п. (з 6,68% да 6,91%).

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 сакавіка 2025 года склала 59 млрд 743 млн рублёў, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што актуальная сума доўгу на 12,9% большая, чым было на 1 сакавіка 2024-га (52 млрд 906,9 млн рублёў) і на 1,3%, чым на 1 студзеня 2025 года.

Пратэрмінаваная запазычанасць на 1 сакавіка склала 978,7 млн рублёў (рост у 3,5 раза).

З прыходам Галоўчанкі манетарная палітыка Нацбанка рэзка не зменіцца — Харытончык

20 сакавіка, Позірк. З прыходам Рамана Галоўчанкі на пасаду кіраўніка Нацыянальнага банка чакаць "нейкіх рэзкіх зменаў" у палітыцы рэгулятара не варта. Такое меркаванне выказаў на брыфінгу 20 сакавіка старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык. У прыватнасці, паводле яго …
Падзяліцца: