Мінск 22:49

Пакістанцы штогод пераводзяць на радзіму з-за мяжы мільярды долараў, заявіў прэм’ер Шарыф пасля візіту ў Беларусь

Крыніца: pixabay.com

14 красавіка, Позірк. “Плённым і паспяховым” назваў візіт у Беларусь, што адбыўся 10–11 красавіка, прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф, паведамляе Associated Press of Pakistan.

Кіраўнік урада заявіў журналістам 13 красавіка, што Пакістан “атрымае выгаду ад досведу Беларусі ў сельскагаспадарчым сектары, рэалізуючы сумесныя праекты ў краіне па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, якая цяпер выпускаецца ў Беларусі”.

Нагадаўшы пра мінеральныя багацці Пакістана, Шарыф паведаміў, што наведаў у Беларусі “завод, які вырабляе абсталяванне для горназдабыўной галіны і распрацоўкі карысных выкапняў”, і выказаў надзею на тое, што “супраца ў гэтай сферы таксама будзе пашырацца”.

“Дасягнута дамоўленасць з Беларуссю пра накіраванне 150.000 кваліфікаваных пакістанскіх адмыслоўцаў, якія будуць адабраныя выключна на падставе заслуг”, — падкрэсліў кіраўнік пакістанскага ўрада.

Паводле слоў Шарыфа, пакістанцы за мяжой “працуюць дзень і ноч, услаўляючы імя Пакістана, і штогод адпраўляюць [на радзіму] грашовыя пераводы на мільярды долараў”. “Сёлета аб’ёмы пераводаў ад пакістанцаў за мяжой значна ўзраслі”, — паведаміў ён.

Пра тое, што Мінск і Ісламабад дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана, Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 красавіка па выніках сустрэчы з Шарыфам. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх адмыслоўцаў: “Тых галін, пра якія мы папросім”. “Кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей”, — заявіў ён.

На суботніку 12 красавіка Лукашэнка адзначыў, што Беларусь зацікаўленая “перш за ўсё ў прыцягненні адмыслоўцаў, а не проста моладзі”. “І лепш — сем’ямі. Калі сям’я прыехала, яны працаваць будуць”, — падкрэсліў спікер.

Паводле слоў Лукашэнкі, “падыход будзе дыферэнцыяваны”. “Гэта значыць, мы цяпер [з пакістанскімі ўладамі] выпрацоўваем падыходы адпаведныя. Я [ім] кажу: мы гатовыя ў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях прыняць вашу працоўную сілу. Але мы мусім бачыць кожнага”, — дадаў ён.

Асабліва, як вынікае з заяў Лукашэнкі, улады зацікаўленыя прыцягнуць пакістанскіх адмыслоўцаў у Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне (Брэсцкая вобласць). У Мінску зараз удакладняюць, як шмат і якія адмыслоўцы патрэбныя на гэтым прадпрыемстве. “Мы ім створым такія ж умовы, як для беларусаў”, — паабяцаў спікер.

Паводле яго слоў, тым, хто прыедзе працаваць у аграпрамысловым комплексе, Беларусь дапаможа з жыллём.

Згодна са статыстыкай групы ананімных хакераў, аб’яднаных у ініцыятыву “Кіберпартызаны”, з 2018 года па 2023 год Беларусь пакінула 211.286 грамадзян працаздольнага ўзросту.

Падзяліцца: