Ціханоўская заклікала ўвесь свет адзначыць дзень салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка

7 сакавіка, Позірк. Адзначыць дзень салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка заклікала ўвесь свет беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.
“25 сакавіка — Дзень Волі, пачатак суверэнітэту Беларусі ў 1918 годзе. Сёння мы змагаемся за дэмакратыю, супрацьстаім тыраніі [Аляксандра] Лукашэнкі і разам з Украінай выступаем супраць вайны [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна”, — напісала палітык 5 сакавіка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
На наступны дзень Ціханоўская паўтарыла свой заклік, адзначыўшы, што 25 сакавіка “азначае абвяшчэнне ў 1918 годзе незалежнасці Беларусі ад Расіі”. “За 30 гадоў дыктатуры Лукашэнка 25 сакавіка стала сімвалам супраціву прыгнёту і тыраніі”, — падкрэсліла яна.
Паводле слоў дэмлідара, праявіць салідарнасць можна, выказаўшы падтрымку “беларусам, якія змагаюцца за свабоду і зазнаюць рэпрэсіі”, у сацыяльных сетках; вывесіўшы гістарычны бел-чырвона-белы сцяг; праводзячы “дыскусіі, семінары, выставы, культурныя мерапрыемствы, паказы фільмаў пра Беларусь”; “беручы ўдзел у акцыях салідарнасці з беларусамі за мяжой або ладзячы іх”.
Парламентарыі розных краін, нагадала яна, могуць станавіцца сімвалічнымі хроснымі беларускіх палітвязняў; усе ахвочыя могуць напісаць вязням лісты або адправіць паштоўку; падтрымаць беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, што ваюе на баку Украіны, Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі ахвярам рэпрэсій; аказаць прававую і фінансавую падтрымку незалежным журналістам ды інш.
У Беларусі ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі афіцыйна не святкуюць. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі прывядуць да затрыманняў і наступных судоў, як мінімум паводле адміністрацыйных абвінавачанняў. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, паслядоўна дэманізуюцца дзяржпрапагандай. Нацыянальныя сімвалы названыя “калабарацыянісцкімі” і фактычна абвешчаныя па-за законам. Значэнне БНР для беларускай дзяржаўнасці лічыцца перабольшаным, а сама рэспубліка пазіцыянуецца як “марыянеткавае” ўтварэнне, створанае пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусветнай вайны.
Да 2020 года святкаванне Дня Волі таксама часта спынялася ўладамі, але менш жорстка. БНР як гістарычная з’ява таксама не прымалася рэжымам Лукашэнкі, але не так відавочна. 25 сакавіка таксама ўспрымалася “апазіцыйным святам”, але часам яго гатовыя былі трываць.
Сілавыя разгоны шэсцяў і мітынгаў 25 сакавіка — з затрыманнямі і арыштамі — здараліся, як правіла, у гады выбараў прэзідэнта, калі грамадзянская супольнасць актывізавалася. У іншы час улады рэагавалі на гадавіну абвяшчэння БНР больш стрымана і часам дазвалялі правесці “санкцыянаванае масавае мерапрыемства”. У Мінску яго месцам звычайна вызначалі Парк сяброўства народаў каля плошчы Бангалор альбо пляцоўку каля Нацыянальнай акадэміі навук.
З найбольшым размахам у Беларусі Дзень Волі адзначаўся ў юбілейным 2018 годзе, калі мінула 100 год пасля абвяшчэння БНР. Свята зноў было дазволена і прайшло ў розных гарадах краіны. У сталіцы на пляцоўцы перад Оперным тэатрам быў арганізаваны мітынг з канцэртам. Негалосна санкцыянавалі выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі. За рэдкім выключэннем нікога не затрымлівалі. Улады не выставілі рахунак за “паслугі” міліцыі і хуткай дапамогі.

- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВіцэ-прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў заклікала дапамагаць беларусам, якія засталіся без дакументаў за мяжойМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаУ дзень заявы Туска пра гатоўнасць адкрыць яшчэ два памежныя пераходы зафіксаваная рэкордная за тыдзень актыўнасць нелегалаў на польскай мяжы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаЛукашэнка захапіў уладу толькі дзякуючы жорсткасці, рэпрэсіям і падтрымцы Пуціна — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаПасля паслаблення амерыканскіх санкцый "Белавія" будзе прасцей працаваць з доларам — гендырэктар перавозчыкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская: У дэмакратыі ёсць інструменты, каб спыніць дыктатараў і войны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка


