Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 19 красавіка 2026 года ў 09:45

2020 год стаў пераломным у гісторыі беларускіх СМІ. Тое, што адбылося пасля, выходзіць за рамкі звычайных катэгорый “звужэння свабоды прэсы” ці “ўзмацнення цэнзуры”.
Гэта была поўная перабудова інфармацыйнага поля краіны — зачыстка незалежнага сектара, крыміналізацыя спажывання інфармацыі і любых слядоў кантакту з ёй, нарэшце — ператварэнне дзяржаўных СМІ ў інструмент псіхалагічнага кантролю: іх мэта ўсё менш звязаная з інфармаваннем аўдыторыі і ўсё больш — з падаўленнем самой магчымасці выказваць альтэрнатыўныя погляды.
Кошт прафесіі
У Беларусі не засталося ніводнага незалежнага грамадска-палітычнага выдання, якое б не практыкавала самацэнзуру і прапаноўвала б чытачу погляд, адрозны ад афіцыйнага. Усе буйныя незалежныя рэсурсы былі або закрытыя, або прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” і выціснутыя за мяжу. На канец 2025 года 28 прадстаўнікоў медыясферы ўтрымлівалася ў зняволенні — цяпер гэтая лічба складае 24. За мінулы год журналістам было вынесена не менш за 10 прыгавораў па крымінальных справах — найбольш жорсткі з іх, 10 гадоў, атрымаў Даніла Палянскі. Ужо сёлета, 26 лютага, былым кіраўнікам баранавіцкага незалежнага выдання Intex-Press Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку далі адпаведна 14 і 12 гадоў пазбаўлення волі. 6 сакавіка 9 гадоў зняволення атрымаў былы супрацоўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, аўтар шэрагу замежных СМІ Павел Дабравольскі. Усе чацвёра былі абвінавачаныя ў “здрадзе дзяржаве”.
Завочнае абвінавачанне беларускіх журналістаў замежжа набыло масавы характар: Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала больш за 100 такіх выпадкаў.
Кошт чытання
Але рэпрэсіі супраць саміх журналістаў — гэта толькі адзін пласт. Другі, менш бачны звонку, — крыміналізацыя спажывання інфармацыі. Падпіска на тэлеграм-канал, “падабайка” пад публікацыяй, след у гісторыі пошуку “Гугл”, файл у памяці тэлефона — усё гэта можа стаць падставай для адміністрацыйнага арышту ці крымінальнай справы. У “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” за мінулы год трапіла 2.186 пазіцый; агульная колькасць забароненых матэрыялаў дасягнула амаль 9.300. Паводле ацэнкі праваабарончай арганизацыи Human Constanta, звыш 85% з іх прызнаныя “экстрэмісцкімі” выключна паводле палітычнага зместу — без якіх-небудзь заклікаў да гвалту.
Адным рашэннем суд можа забараніць адразу дзясяткі рэсурсаў, а кожную асобную “падабайку” або рэпост афармляецца як самастойнае правапарушэнне — тэарэтычна гэта дазваляе трымаць чалавека пад арыштам практычна без абмежаванняў.
Архітэктура прапаганды і яе нелінейнасць
Дзяржаўная прапаганда часта ўяўляецца як адзіны, жорстка скаардынаваны механізм: зверху паступае ўказанне — унізе яго ретранслююць. Рэальнасць, аднак, больш складаная.
Маючы распрацаваныя метадычкі (напрыклад, да “адзінага дня інфармавання”), дзяржСМІ замест гэтага дэманструюць уласную логіку: яны сістэмна пераводзяць інстытуцыянальныя наратывы ў персанальныя. Там, дзе метадычкі гавораць пра “эфектыўную дзяржаву” і “канстытуцыйны суверэнітэт”, тэлебачанне ставіць у цэнтр постаць Аляксандра Лукашэнкі — як гаранта, абаронцы, нацыянальнага лідара.
Разрыў паміж метадычкамі і рэальным медыядыскурсам можна патлумачыць уласцівасцямі самога медыяпрадукту: каляндарна-інстытуцыянальны дыскурс метадычак не дае СМІ ні герояў, ні напружання. Страх вайны, вобраз ворага, “жахі жыцця ва ўкраінскім хаосе” — усё гэта куды лепш утрымлівае ўвагу аўдыторыі. Такім чынам, сістэма не столькі выконвае загад, колькі прагматычна адаптуе яго да логікі ўтрымання ўвагі. Менавіта таму сістэма прапаганды ўладкаваная складана: метадычка — гэта інструкцыя для сустрэч ідэалагічных работнікаў з працоўнымі калектывамі, тэлеперадача — вітрына і трыбуна, і яны выконваюць розныя функцыі для розных аўдыторый.
Сінхранізацыя, а не падпарадкаванне
Расійскі фактар у беларускім інфармацыйным полі патрабуе дакладнага апісання, бо тут лёгка зрабіць адну з дзвюх памылак: або лічыць беларускія дзяржСМІ простым філіялам расійскай прапагандысцкай машыны, або недаацэньваць глыбіню іх сінхранізацыі.
Яшчэ да 2020 года беларуская ўлада трымала расійскую інфармацыйную прысутнасць пад кантролем: беларуска-расійскія гібрыдныя тэлеканалы (НТВ-Беларусь, РТР-Беларусь) транслявалі расійскі кантэнт, але беларускія дзяржаўныя тэлеканалы, адказныя за кожны асобны гібрыдны канал, маглі выдаляць непажаданыя для рэжыму Лукашэнкі матэрыялы. Больш за тое, у 2019–2020 гадах паміж Мінскам і Масквой ішла ледзь не сапраўдная інфармацыйная вайна на фоне спрэчак пра канкрэтныя дэталі “глыбокай інтэграцыі” беларуска-расійскай Саюзнай дзяржавы.
Пасля жніўня 2020-га Лукашэнка апынуўся ў ізаляцыі і быў вымушаны абапірацца на расійскую падтрымку — у тым ліку інфармацыйную. У Мінск прыляцелі расійскія прапагандысты, якія часткова замянілі супрацоўнікаў беларускага тэлебачання, якія страйкавалі. Пачалася сінхранізацыя: антызаходні дыскурс, дыскрэдытацыя апазіцыі як “заходніх марыянетак”, потым — адкрытая трансляцыя расійскіх наратываў для апраўдання вайны ва Украіне. Маніторынгі інфармацыйна-адукацыйнага праекта па развіцці медыяпісьменнасці Media IQ фіксавалі, што сінхранізацыя антыпольскага і антыўкраінскага дыскурсаў адбывалася часам на працягу сутак.
Аднак гэтую сінхранізацыю не варта атаясамлівць з паглынаннем. Лукашэнка паслядоўна транслюе расійскае ідэалагічнае апраўданне вайны — і адначасова падкрэслівае, што беларускія салдаты не ваююць на ўкраінскай зямлі. На першы погляд, гэта выглядае як супярэчнасць, але мае ўнутраную логіку: ідэалагічная падтрымка Масквы забяспечвае выжыванне рэжыму, тады як дыстанцыяванне ад непасрэднага ўдзелу ў вайне падтрымлівае яго ўнутраную легітымнасць.
Абедзве лініі служаць адной мэце — захаванню ўлады. У выпадку несупадзення інтарэсаў Мінск захоўвае здольнасць карэктаваць уласныя падыходы — гэта і адрознівае сінхранізацыю ад падпарадкавання.
Аўдыторыя: разлом, які не знікае
Нягледзячы на ўсё вышэйсказанае, было б памылкай апісваць беларускае інфармацыйнае поле як маналіт. Экасістэма незалежных СМІ ў выгнанні — каля 45 арганізацый, якія дзейнічаюць пераважна з Польшчы і Літвы, — захоўвае крытычную масу ўплыву. Не менш за 70% іх мэтавай аўдыторыі знаходзіцца ў Беларусі. Паводле розных апытанняў, ад чвэрці да 39% жыхароў краіны карыстаюцца незалежнымі СМІ — і гэтая аўдыторыя дэманструе прынцыпова іншыя погляды: 94% яе спажыўцоў супраць вайны ва Украіне, у той час як 61% аўдыторыі дзяржСМІ яе падтрымлівае.
Дзяржаўная сістэма функцыянуе не столькі дзеля пераканання, колькі дзеля дэмаралізацыі апанентаў: мэта — не дамагчыся веры людзей у прапаганду, а зрабіць так, каб яны перасталі верыць чамусьці яшчэ. “Усяе праўды мы ніколі не даведаемся” — менавіта гэты наратыў з’яўляецца адным з галоўных прадуктаў дзяржаўнай прапаганды. Ён адначасова і абарончы механізм для тых, хто не хоча думаць, і апраўданне пасіўнасці для тых, хто мог бы.
Слабасць сістэмы ў тым, аб чым яна маўчыць. Прапаганда ўмее апісваць ворагаў і ўслаўляць мінулае, але не ўмее канструяваць вобраз будучыні. Пакуль у ёй няма новага героя — акрамя аднаго, які займае экран кожны дзень на працягу трыццаці гадоў, — яна вымушаная жывіцца страхам. Але страх у гэтай сістэме не знікае сам па сабе: яго трэба пастаянна ўзнаўляць — праз новыя пагрозы, новыя вайсковыя вучэнні, новых ворагаў. Гэта не слабасць прапаганды, а яе спосаб існавання — асабліва калі краіна фактычна знаходзіцца ўжо не побач з вайной, а ўнутры яе, у “воку буры”, дзе нібыта ціха, але ціша гэтая трымаецца на сакрэтных спісах мабілізацыі, дронах над суседскімі гарадамі і эканоміцы, якая даўно перабудаваная на ваенны лад.



