Энтузіясты перакладаюць Ubuntu на беларускую. Вы таксама можаце далучыцца
Каманда энтузіястаў перакладае аперацыйную сістэму Ubuntu на беларускую. Цяпер гатова прыблізна 20% існых радкоў, і праект шукае новых удзельнікаў. Запыталi аднаго з перакладчыкаў, чаму менавіта Ubuntu і як можна дапамагчы ініцыятыве.
«Выпраўляем тое, што было перакладзена больш як за 20 гадоў існавання беларускамоўнага Linux»
Не так даўно праект mova.how назваў «праектам тыдня» лакалізацыю аперацыйнай сістэмы Ubuntu — праект валанцёрскага перакладу адной з найбольш папулярных аперацыйных сістэм на беларускую мову. На дадзены момант ужо інтэграваныя платформы Launchpad i Crowdin для магчымасці зручнай працы над перакладам.
Мы звязаліся з Аляксандрам (ён папрасіў не згадваць яго прозвішча), які займаецца перакладам праекта. Раней ён працаваў над перакладам Bitwarden i Proton на беларускую. Зараз штодзень імкнецца па пару гадзін сумарна вылучаць на пераклады.
— Першае пытанне: чаму менавіта Ubuntu?
— Ubuntu адзін з самых папулярных дыстрыбутываў Linux у свеце. Яго рэкамендуюць людзям, якія хочуць паспрабаваць свабоднае праграмнае забеспячэнне, але не ведаюць, з чаго пачаць, — адказвае ён. — Дадзеную аперацыйную сістэму лёгка ўсталяваць, і яна не патрабавальная да рэсурсаў камп’ютара.
Першы раз я ўбачыў Linux, калі быў у старэйшых класах школы. Беларуская мова ў ім на той момант ужо прысутнічала, але перакладзена было мала і якасць перакладу была не вельмі высокая.
Дзесьці ў ліпені 2019 года мне адправілі паведамленне ў Telegram, што ствараецца суполка з людзей, якія хочуць палепшыць пераклад Ubuntu на беларускую мову. Паляпшаць там сапраўды было што.
Акрамя таго, што блыталіся сучасны і класічны правапісы, было многа арфаграфічных і стылістычных памылак, а таксама не ўзгодненая тэрміналогія.
Я прапанаваў платформу Crowdin. Мой знаёмы дапамог зрабіць невялікую інтэграцыю, адкуль былі падцягнутыя асноўныя моўныя модулі. Пачалася праца. З’яўляліся першыя зацверджаныя тэрміны, і крыху вызначыліся са Style Guide.
Усё абарвалася вельмі нечакана. Знаёмы з Crowdin незнарок выдаліў праект, калі чысціў свой профіль. На той момант узнаўляць мы яго не сталі, бо даверу да платформы ўжо не было. Але ў 2021 зноў вярнуліся, пасля доўгіх ваганняў і спрэчак.
Праграмную рэалізацыю скончылі ў снежні 2021. Праз нейкі час былі запампаваныя ўсе файлы, дададзеныя здымкі экранаў да некаторых радкоў і інтэграваны гласарый.
А потым я пераключыўся на іншы праект, і больш за паўгода праект Ubuntu амаль ніхто не перакладаў. У студзені гэтага года вырашылі, што варта перакласці хоць асноўныя моўныя модулі — цяпер ідзе праца над выпраўленнем таго, што было перакладзена больш як за 20 гадоў існавання беларускамоўнага Linux.
«Асноўныя цяжкасці — недахоп профільных спецыялістаў»
— Хто ўдзельнічае ў праекце?
— Абсалютна розныя людзі. Зараз большасць людзей трымаюць ананімнасць, і я ведаю дробязі. Ведаю, што адзін з удзельнікаў дзіцячы ўрач. Другі — Віктар — працуе праграмістам. Пра астатніх у мяне ніякай інфармацыі няма. Зараз у чаце 40 удзельнікаў.
Мы не выстаўляем ніякіх абмежаванняў. Адзінае патрабаванне — гэта добрае валоданне беларускай мовай і хоць мінімальныя веды ў камп’ютарнай тэрміналогіі. Пажадана, каб было больш людзей, якія маюць профільную лінгвістычную адукацыю і/або вялікі досвед у галіне лакалізацый на беларускую мову.
— Адкуль бяруцца тэрміны для праекта?
— Тэрміналагічная база была створаная на падставе гласарыяў Google і Samsung. Некаторыя тэрміны былі ўзятыя з адкрытых крыніц. Напрыклад, тут.
Паглядзець вынікі нашай працы за некалькі гадоў можна па спасылцы.
— Якія цяпер цяжкасці ў працы над праектам?
— Асноўныя цяжкасці — недахоп профільных спецыялістаў, якія б маглі прапанаваць або выправіць той ці іншы радок. Асабіста я цяпер займаюся выпраўленнем тэрміналагічных памылак у праекце.
Поспех праекта будзе залежаць ад папулярнасці Ubuntu ў нашай краіне і колькасці карыстальнікаў, якія захочуць бачыць якасны пераклад на нацыянальную мову.
«Беларуская мова займае 45 месца. Украінская — другое»
Вiктар — яшчэ адзін удзельнік каманды інтузіястаў. Зацікавіўся тэмай яшчэ ў 2013-м. Потым далучыўся да суполкі перакладчыкаў — там, кажа, і зразумеў праблемы перакладу, якія існуюць. З перакладамі атрымалася цяжка, але Віктар змог дапамагчы з тэхнічнай часткай.
— Пераклад у выпускі Ubuntu ідзе з translations.launchpad.net/ubuntu. Там пры дабаўленні перакладзенага радка, адпаведны пераклад трапляе ў некалькі розных выпускаў Ubuntu, напрыклад 20, 21 і 22. Файлы перакладаў у выглядзе абнаўленняў збіраюцца звычайна раз у паўгода — у лютым і жніўні. Але ў гэтай сістэме працаваць не вельмі зручна і цяжкавата — пераклад у ёй быў складанай працай і займаліся ёй толькі энтузіясты.
Адбываліся такія ж з`явы як у 20-я, 30-я гады, калі толькі фарміравалася граматыка літаратурнай беларускай мовы: слоўнікаў і падручнікаў па інфарматыцы было мала, тэрміналогія толькі складвалася, з часоў СССР тэрміналагічнымі слоўнікамі ніхто не карыстаўся, альбо пра іх увогуле нічога не чулі перакладчыкі-энтузіасты.
Таму перакладалі, як умелі і як лічылі правільным. А атрымалася поўная мешаніна, тым больш, што для некаторых праграм былі свае праекты перакладу, і пераклад ад іх трапляў на launchpad.net аўтаматычна.
Потым сярод энтузіястаў з’явілася некалькі лінгвістаў ці людзей, якія хоць прыблізна разумелі, як ўсё трэба арганізаваць. Тады і перайшлі на іншуя платформу — Crowdin (яна была больш зручнай) — і пераклалі даволі многа.
Але потым пераклады трэба было зноў закінуць на launchpad.net.
І аказалася, што гэта можна рабіць літэральна рукамі — кожны радок. Бо фарматы файлаў на платформах не супадалі.
Тады я ўзяўся рабіць аўтаматычную інтэграцыю паміж гэтымі платформамі перакладу. З дапамогай PHP і Github атрымалася зрабіць сінхранізацыю паміж рознымі платформамі, бо ў PHP лёгка працаваць з тэкставымі радкамі і мяняць фармат радкоў, а праз Github — сінхранізаваць. Зараз сінхранізацыя працуе ў паў-аўтаматычным рэжыме, бо для аўтаматычнага патрэбна яе яшчэ дапрацаваць.
Зараз у Ubuntu Jammy (22.04) беларуская мова займае 45 месца з 22,6% перакладзеных радкоў, што вельмі многа ў параўнанні з многімі мовамі. Але, напрыклад, украінская займае другое месца 87,3% перакладзеных радкоў пасля англійскай мовы брытанскага варыянту. Ёсць куды расці.
Далучыцца да перакладу можна праз чат перакладчыкаў.
Што яшчэ пачытаць?
- «Фонды адмовілі нам 22 разы». Як запусціць беларускамоўны праект пра навіны гік-культур і не з’ехаць з глузду
- «Айцішнік у Швейцарыі можа зарабляць 9 тысяч франкаў і болей». Гутарым з аўтаркай курса Java на беларускай
- Особенности работы на аутсорс и продуктовую компанию. На примере EPAM, Softeq, Yandex и Glovo
- Успеть всё. Как совмещать самообразование с работой, советует менеджер
Читать на dev.by