«Не магу ўявіць мітынг па-беларуску». Айцішнікі пра мову ў працоўных камунікацыях
dev.by працягвае размаўляць з беларускамоўнымі айцішнікамі. Сёння пытаемся, як на мову рэагуюць калегі — не толькі з Беларусі, але і з іншых краін.
Нехта падтрымлівае і сам пераходзіць на беларускую або ўжывае асобныя словы, але ж ёсць і выпадкі, калі беларус адказвае беларусу на беларускамоўнае паведамленне па-польску.
Пасля гісторыі з Andersen мы размаўлялі з беларусамі пра сумоўі. Цяпер — гісторыі ад беларускамоўных айцішнікаў пра камунікацыю на працы — мітынгі, замежныя калегі, пераход на рускую.
«Адсутнасць беларускамоўных калег прымушае да дыскрімінацыі сваіх уласных моўных праў»
— У вольны час размаўляю па-беларуску, ствараю кантэнт, але на працы не магу ўявіць, каб весці мітынг сярод рускамоўных калег па-беларуску, бо гэта будзе перашкодай у камунікацыі, — дзеліцца меркаваннем Аляксей Крытаў. — Скандалаў, звязаных з мовай, не было, але адсутнасць беларускамоўных калег прымушае да дыскрімінацыі сваіх уласных моўных праў.
Мікіта размаўляе па-беларуску больш за 10 гадоў. За гэты час ён працаваў у сямі розных кампаніях. Як і ўсе беларускамоўныя, часам вымушаны пераходзіць на рускую.
— Магчыма, калісьці мяне і прасілі перайсці на рускую мову, але не запомніў нейкага негатыва з гэтым звязанага, усё было ветліва. Былі выпадкі, калі я сам пераходзіў, бо калега з Расеі, напрыклад. У камандзе на беларускую мову не звяртаюць увагі. Не адчуваю дыскрымінацыі з гэтай прычыны. Наадварот, некалькі разоў мой непасрэдны начальнік са мною таксама размаўляў беларускай.
Стася працуе на пасадзе Middle QA ў iTechArt. Для яе беларуская — асноўная мова ўжо на працягу 15 гадоў. Ні на працы, ні па жыцці праблем праз мову яна не мела.
— Я працую ва аўтсорсе. Ні ў гэтай, ні ў папярэдняй канторы праблем з-за мовы не было ніякіх. З калегамі-беларусамі размаўляю/перапісваюся па-беларуску, з калегамі з Украіны/Расіі — па-руску, з англамоўнымі — адпаведна па-англійску. Здараецца, што за адзін дзень пераключаюся вось так паміж трыма мовамі, праблемы ў гэтым не бачу.
У мяне рускамоўны муж, наша дачка — білінгва. Я сама па-чалавечы стаўлюся да людзей незалежна ад іх мовы, мне не складана патлумачыць нешта і прыемна, калі людзі адказваюць мне па-беларуску, нават з памылкамі. Вось і атрымліваю адпаведнае стаўленне да сябе.
«Цяпер рускую ўжываю толькі для зносін з калегамі з Расіі, працуючы ў іншым месцы»
— Улетку 2020 году я пачаў выкарыстоўваць родную мову не толькі ў побыце, але і на працы. Аднак гэта выклікала незадаволенасць начальства і мяне папрасілі не перагінаць і выказвацца па-руску, — распавядае яшчэ адзін герой, які пажадаў застацца ананімным. — Кантора беларуская, а з замежнікамі па-беларуску я і без таго не меў зносін па зразумелых прычынах. Відавочна, такое становішча рэчаў мяне не задавальняла. Цяпер рускую мову я ўжываю толькі для зносін з калегамі з Расіі, працуючы ў іншым месцы.
Сваю гісторыю расказвае тэхнічны пісьменнік — пераважна беларускамоўны ў паўсядзённым жыцці.
— У мяне розныя колы зносін, але гутарку прынамсі з незнаёмым чалавекам звычайна пачынаю па-беларуску. І многія знаёмыя, якія размаўляюць па-руску, таксама прызвычаіліся. Некаторыя нават просяць мяне працягваць стасавацца з імі роднай мовай: маўляў, пакуль не змагу адказаць, але хаця б паслухаю.
На працы складаней: працоўныя мовы ў беларускіх кампаніях, як правіла, руская і ангельская. То бок, з асобнымі калегамі ніхто не замінае гутарыць па-наску, асабліва нефармальна. Аднак на мітапе ці мітынгу такое ўявіць складана. Зрэшты, у камандзе могуць быць калегі з Расеі ці Казахстану. Хаця з тымі ж украінцамі ці нават палякамі частку дзелавой размовы можна сабе дазволіць «кожны на роднай».
Я гатовы прасоўваць тэхнічную дакументацыю на беларускай, нават як валанцёр. Але гэта аўтаматычна абмяжоўвае рынак збыту Беларуссю. Унутранае супольніцтва мінімальнае, нашыя кампаніі аб’ектыўна арыентаваныя на міжнародны аўтсорс. А працаваць у мінус у рынкавай эканоміцы нікому не карціць, гэта важна разумець. Попыт і прапанова.
Video editor у Flo Воля Афіцэрава распавядае, што не адчувае на працы дыскрымінацыі.
— У мяне ніколі не было выпадкаў, каб мяне папрасілі перайсці з беларускай на рускую мову. Да беларускамоўнасці ўсе ставяцца вельмі крута — нават рускія і ўкраінскія калегі.
«На ўсю каманду пісалі ліст: „Калі хтосьці штосьці не разумее — пераходзьце на англійскую“»
Марына працуе тэсціроўшчыцай у EPAM. Калі дзяўчына ўладкоўвалася на працу, у яе пацікавіліся, ці нармальна яна паставіцца, калі раптам папросяць перайсці на рускую, бо каманда інтэрнацыянальная.
— У рэшце рэшт такія просьбы былі разоў 5 за год працы ў кампаніі. І вось па тым, як прасілі, звычайна і стаўленне да мовы было відаць. Адзін з распрацоўшчыкаў культурна, з усімі ўмоўнасцямі папрасіў перайсці на рускую, бо ён з Масквы і нічога не разумее. Яшчэ быў выпадак, калі новы член каманды (таксама з Расіі) не прыйшоў наўпрост да мяне, а праз ліда прасіў. Тады нават на ўсю каманду ліст пісалі, кшталту «калі хтосьці штосьці не разумее, пераходзьце на англійскую»» :)
Натуральна, трапляліся тыя, хто ставіўся да гэтага не надта прыязна, але наогул рэагуюць станоўча: прышпільныя словы заўважаюць, пераходзяць на беларускую, падчас размовы не могуць узгадаць рускае слова, таму замяняюць яго беларускім (гэта маё ўлюбёнае).
Не вельмі прыемны выпадак быў, калі мне ў адказ на паведамленні на беларускай мове, пачалі пісаць па-польску (чалавек з Беларусі, але жыве ўжо ў Польшчы). Ведаючы беларускую мову, не надта цяжка і польскую зразумець, але можна ж было проста сказаць, што цяжка/незразумела/не падабаецца.
Яшчэ прыклад адмоўнага стаўлення — гэта калі пасярод размовы, што датычылася выключна працы, мяне прыпыняюць пытаннем «а ты по-нашему не можешь типа?». Я адказала, што магу, варта толькі папрасіць, на што мне сказалі, што ведаюць такіх «прынцыповых».
Дарэчы, калегі з Украіны ні разу не прасілі пераключыцца, усё разумеюць, да таго ж у нас ёсць і украінскамоўныя.
Але ўсё адно прыемна, што тых, каму мова падабаецца, значна больш.
Уладзь — распрацоўшчык у SOFTSWISS. У яго камандзе да беларускай мовы ставяцца выдатна. Але ж у камандзе з‘яўляецца больш рускамоўных людзей з іншых краін, і гэта вымагае дадаткова задумвацца, якую мову выкарыстаць у дадзеным кантэксце.
— У камандзе з‘яўляюцца людзі з Расеі, пад якіх часта даводзіцца пераключацца, але беларусы ставяцца вельмі станоўча. Некаторыя адказваюць ці самі пачынаюць размаўляць са мной па-беларуску, некаторыя ў асабістых размовах выказваюць словы падтрымкі.
Не магу прыгадаць, каб мяне калі-небудзь прасілі перайсці на рускую мову беларусы. У нашай кампаніі становіцца ўсё больш распрацоўшчыкаў на ўдалёнцы з Расеі — вось яны, як правіла, сапраўды просяць перайсці. Часта нават ты не ведаеш адразу, ці з беларусам камунікуеш, ці не, гэта высвятляецца ў працэсе, і тады ўжо пераключаешся.
Былі выпадкі, калі прасілі перайсці на рускую мову на тэхнічным сумоўі, але я звычайна сам першы удакладняю, ці гатовыя людзі, калі я буду адказваць на тэхнічныя пытанні па-беларуску, і ў абсалютнай большасці выпадкаў ні ў каго няма з гэтым праблем.
Я не адчуваю ніякай дыскрымінацыі. Здаралася па працы сутыкацца з расейцамі з трошкі грэблівым стаўленнем да беларускай мовы, але гэта былі адзінкавыя выпадкі. У пісьмовых камунікацыях (акрамя асабістых перапісак) усё адно пераважна выкарыстоўваецца ангельская мова, таму ў такіх выпадках пытанне мовы наогул не стаіць.
Читать на dev.by