«Лепш назад на завод». Як айцішнікі ў Польшчы жывуць на мінімалку або сярэднюю зп

Айцішнікі ў Польшчы расказалі каналу Dzik Pic, як яны жывуць на сярэдні польскі заробак (8-8,5 тысяч злотых брута, або $2025-2150+) або нават мінімалку (4,2 тысячы злотых брута, або $1065). 

64 каментарыяў
Змест

Жывуць на мінімалку+

«Застаецца 50 злотых на непрадбачаныя выдаткі»

— Я Full-Stack распрацоўшчык на пазіцыі Junior+ у адной з аўтсорс кампаній з каранямі ў РБ. Да красавіка гэтага года атрымліваў 4300 злотых ($1089), цяпер мой заробак каля 6000 злотых брута ($1520). 

Пасля выплаты падаткаў на руках застаецца 4400 злотых ($1114). На арэнду жытла з аплатай камуналкі сыходзіць яшчэ 2800 злотых, на мабільную сувязь і інтэрнэт — 150 злотых. На руках застаецца каля 1450 злотых. Да павышэння зарплаты заставалася каля 150 злотых.

Я жыву разам з жонкай, на ежу ў нас сыходзіць яшчэ 1400 злотых ($355). Застаецца яшчэ 50 (амаль $13) злотых на непрадбачаныя выдаткі. Да павышэння заработнай платы жылі на зберажэнні, якія ўдалося назбіраць яшчэ ў Беларусі.

Забавы — альбо за кошт зберажэнняў, альбо бясплатныя. Балазе ў Польшчы шмат мерапрыемстваў з бясплатным уваходам.

Пакуль ні пра якое аднаўленне зберажэнняў гаворкі не ішло, хоць бы перастаць жыць у мінус. Памяняць працу пакуль не магу, бо ў кампаніі, у якой працую, я прайшоў стажыроўку і абавязаны адпрацаваць як мінімум 18 месяцаў ад моманту падпісання працоўнай дамовы.

За час пасля пераезду жонка вывучыла польскую да камунікатыўнага ўзроўню і нядаўна ўладкавалася на працу. У мяне расце вопыт, а час да заканчэння дамовы памяншаецца. Таму з асцярожным аптымізмам глядзім у будучыню, хоць разумеем, што будзе нялёгка.

«Адкладаць дакладна не атрымліваецца»

— Мой заробак — 5400 злотых грос ($1367). Пачала працаваць HR яшчэ да пераезду (рэлакавалася праз вайну). Нейкіх бонусаў па пераездзе кампанія не прапаноўвала, заробку ад пачатку вайны таксама не падвышалі.

Атрымліваецца, з гэтых грошай 1/3 сыходзіць на падаткі, 1/3 на арэнду пакоя ў Варшаве (я здымаю са знаёмай добрую двухпакаёўку ў адным з цэнтральных раёнаў), трохі сыходзіць на іпатэку, якая засталася там. Адкладаць дакладна не атрымліваецца. У выпадку неабходнасці бяру нешта з падушкі бяспекі.

У цэлым, на ежу і бытавыя штукі (накшталт для мыцця, прыбірання і іншага), арэнду, сёе-тое з адзення, часам забавы (канцэрт, кавярня) хапае. У нейкія месяцы даводзіцца эканоміць мацней. Працу шукаю нетаропка, бо яшчэ чакаю ДНЖ.

Планую пераехаць у іншы горад, дзе арандаваць кватэру будзе танней. Ну і знайсці працу хаця б з сярэднім польскім заробкам. Напэўна, дзяўчатам трохі прасцей жыць на такую зарплату, бо я не так шмат ем.

«Сказалі, што дыяпазон у $1300-1800 для Польшчы — шмат»

— Я Data Engineer, жыву ў Беластоку, атрымліваю 5000 злотых брута ($1265). 

З адукацыі я эканаміст. У Польшчу прыехаў на пачатку 2021 года, працаваў на будоўлях, на заводах. ІТ зацікавіўся гадоў 7 таму. Але гэта было, хутчэй, хобі. Паціху вучыўся, чытаў кнігі, праграмаваў. І прыкладна паўтара года таму ўбачыў вакансію ў тэлеграме, што кампанія з Беларусі шукае Data Engineer. Прайшоў сумоўе і ад тых часоў працую ў іх.

На двухпакаёўку ў Беластоку сыходзіць 1300 злотых, з камуналкай — 2100-2200 на месяц. Астатняе — на жыццё. На самым пачатку сума задавальняла, але чым далей, тым больш разумею, што, па-мойму, лепш назад на завод.

Але завод — гэта мінус лёгкія, рукі і ногі, шмат мінусаў. А мне ўжо не 20, ёсць жонка, сын, і я разумею, што змагу атрымліваць добрыя грошы на заводзе ў моманце. Але што са мной будзе гадоў праз 15 — гэта пытанне.

Я шукаю працу ў ІТ, праходжу сумоўі, але ў мяне не вельмі добрыя англійская і польская. Нядаўна спрабаваў сумоўе ў адну кампанію на мідл распрацоўшчыка Golang. Не прайшоў аб’ектыўна па скілах. Але яшчэ да сумоўя мне сказалі, што дыяпазон у $1300-1800, на які я разлічваю, для Польшчы шмат. Бо тут куча народу з СНД, гатовага працаваць за ежу. 

І яшчэ я грамадзянін Расіі, нам цяпер вельмі складана з дазволамі на працу. Не кожны працадаўца будзе замарочвацца з ваявудскім зэзваленнем на працу. Так што мне трэба не толькі знайсці працу, але яшчэ і працадаўцу, гатовага заняцца дакументамі. Планую праз год падавацца на карту рэзідэнта ЕС, там ужо мае быць лягчэй.

«Не абмяжоўваю сябе ні ў чым»

— Працую ў польскай фірме аўтсорс, PHP Developer. Атрымліваю 5800 злотых брута ($1470). 

З выдаткаў: 1800 злотых за кавалерку ў Беластоку, яшчэ ±500zł камунальныя. На ежу, забавы — ±1000zł. Астатняе альбо адкладаецца, альбо ідзе на розныя хацелкі або падарожжы. 

Не абмяжоўваю сябе ні ў чым. Але заўсёды хочацца больш, таму чакаю рашэння па грамадзянстве і шукаю лепшую працу.

Жывуць на сярэдні заробак

«У параўнанні з Беларуссю нечакана шмат сыходзіць на ўсё»

— Працую ў ІТ блізка што два гады на пазіцыі распрацоўшчыка як JDG у Польшчы. Кампанія кампенсуе падаткі, ZUS, бухгалтара. Нета выходзіць каля $1800.

За еўратрохпакаёўку сыходзіць каля $800 (з усімі чыншамі, тэлефонамі, інтэрнэтам). Яшчэ $400 — на харчаванне (выключна прадукты + раз на тыдзень дастаўка чаго-небудзь), каля $50 на вечарушкі ў бары, яшчэ $50-100 на адукацыю, $50 на крэдытку, столькі ж — на ўсякага роду падпісачныя сэрвісы і лічбавыя забавы. Што застаецца, з’ядае стаматалогія, купля нейкага хатняга начыння, адзення.

Часам атрымоўваецца выдаткаваць менш і нешта ўмоўна адкласці. Але ў асноўным боўтаюся «каля нуля». Найбліжэйшым часам да мяне мае пераехаць жонка з немаўлём. Таму «падушка бяспекі» будзе раставаць хутчэй.

У параўнанні з Беларуссю нечакана шмат сыходзіць на ўсё: арэнда, прадукты, медыцына, eating out. Без свайго жытла жыць на польскую сярэднюю і ўжо тым больш мінімалку на аднаго даволі сумна і маркотна. А калі ёсць сям’я, дык гэта зусім становіцца падобна да чэленджу.

На прыкметны перагляд заробку найбліжэйшым часам не разлічваю. Пазіраю на польскі рынак працы, аднак трэба падцягваць веданне польскай.

 «Ёсць варыянт вярнуцца ў РБ»

— Я айцішнік, які жыве акурат на 8900 злотых брута ($2253). Я адзін працую ў сям'і цяпер, гэтая сума — на чацвярых.

Мы жывём у прыгарадзе Варшавы, месца выбіралі, каб трохі сэканоміць на арэндзе, што ў цэлым напачатку спрацавала. Але праз паўгода гаспадар пачаў падвышаць цану. Зараз за ўсё (арэнда+медыя) атрымліваецца амаль 4000 ($1012). То-бок кватэра з’ядае палову сямейнага бюджэту.

Падыход просты: намагацца эканоміць. Закупы толькі ў Lidl, Biedronka на зніжках і па купонах (часам на кірмашах). Але, на жаль, гэта не спрацоўвае. Усё адно пад’ядаюцца рэзервы. Таму цяпер галоўная стратэгія — пошук новай працы. Ну і плюс чакаем карту побыту вельмі доўга, і тады можна будзе нарэшце падацца на дзіцячыя выплаты (па 800 злотых на дзіця), што было б істотнай падтрымкай.

Ну і, на жаль, гэты сцэнар таксама цалкам нельга адмаўляць. Ёсць варыянт вярнуцца ў РБ. Гэта на выпадак, калі рэзервы цалкам скончацца і з працай будуць праблемы.

«Захоўвала ў доларах і пашкадавала». Што беларусы робяць з валютай, якую перавезлі ў Польшчу
Па тэме
«Захоўвала ў доларах і пашкадавала». Што беларусы робяць з валютай, якую перавезлі ў Польшчу
«Свядомы эмігрант 2016». +1 гісторыя з парадамі пра Польшчу
Па тэме
«Свядомы эмігрант 2016». +1 гісторыя з парадамі пра Польшчу
Айцішнікі атрымалі самую нізкую ў 2024 зарплату ў $
Па тэме
Айцішнікі атрымалі самую нізкую ў 2024 зарплату ў $

Читать на dev.by