«Не хацелі ісці ва ўмоўны EPAM». Беларусы стварылі нейрасетку для Галівуда — вось іх гісторыя

Пасля сід-раўнда ў 1,5 млн долараў цікавасць да беларускага кінастартапа Filmustage моцна вырасла. Кафаўндар Filmustage Ягор Дуброўскі расказаў пра гісторыю стартапа ў паблік-току, які арганізавала кам’юніці «Культурны код».  Пераказваем найцікавейшае.

Пакінуць каментарый

Як усё пачыналася

Ягор Дуброўскі:
Я 15+ гадоў займаўся фатаграфіяй, 10+ гадоў — здымкамі фільмаў, у Беларусі ў мяне было два відэапрадакшаны. Мы працавалі з вялікімі кліентамі, такімі як Uber, EPAM, Wargaming, здымалі і поўны, і кароткі метр, рабілі фотакантэнт. І аднойчы (гаворка, здаецца, пра 2017 — dev.by) у рамках прадакшана мы з кафаўндарам паехалі ў ЗША.

План быў месяц папрацаваць на здымках у Галівудзе і перанесці атрыманы досвед у Беларусь. 

Усё ішло добра, пакуль пасля трох тыдняў у Лос-Анджэлесе мы не паехалі ў Сан-Францыска і там не пайшлі ў класны джазавы клуб. Выйшаўшы з клуба, мы ўбачылі, што нашую машыну ўзламалі і ўсё, што ў мяне было назбірана за жыццё — пашпарт, камера, ноўтбук — скрадзена. Я не змог вярнуцца дадому, і мне давялося затрымацца ў Амерыцы на паўгода. А каб выжыць, давялося шукаць працу. 

Ад варыянту мыць посуд я адмовіўся. Другі варыянт быў цікавейшы: я пазнаёміўся з мексіканскімі хлопцамі, мы пайшлі ў мексіканскі бар і пад раніцу яны паклікалі мяне ў мексіканскую банду. Але я зноў адмовіўся. Хоць, магчыма, гэта быў бы цікавы паварот у кар’еры.

Хлопцы, з якімі я пазнаёміўся на здымках, прапанавалі папрацаваць на прадакшане пілотаў для Netflix і Amazon, я пагадзіўся, і вось там у мяне і нарадзілася ідэя стартапа. Проста я ўбачыў, як крыва, па-дыназавраўску ўсё працуе ў Галівудзе.

Нават у Беларусі ў той час ужо выкарыстоўвалі лічбавае рашэнне. А ў ЗША на здымку прыносілі папяровы сцэнар, перакрэслены каляровымі маркерамі. 

Акрамя кіно і фота, я ад 14 гадоў займаўся распрацоўкай. Яшчэ да ўнівера ў мяне было свая вэб-студыя, і ўжо ў тую амерыканскую паездку я трохі ведаў пра нейронныя сеткі. Гэта цяпер пра іх усе ведаюць, а ў 2017 годзе гэта было ў навіну. І калі я расказваў ідэю свайго стартапа, людзі казалі: «Гэта вельмі крута, але мы ж усе глядзелі „Тэрмінатара“ — можа, не трэба гэтага рабіць?» Ён рэальна баяліся і самога тэрміна «нейронныя сеткі», і таго, што тыя пазбавяць іх працы.

Я запітчыў сваю ідэю, атрымаў добры фідбэк і, вярнуўшыся ў Мінск, сышоў з прадакшана. Яшчэ год я працаваў фрылансерам і паралельна выношваў ідэю. Я наогул нічога не разумеў у ІТ-бізнэсе і не ведаў, як пачаць.

Атрымалася выпадкова. Мой сябар і аднакурснік (я сышоў з 3-га курса БДУІР), якому я прагудзеў усе вушы сваімі ідэямі, аднойчы сказаў:

— Твае аднагрупнікі па ўніверы скончылі вялікі праект у Нарвегіі і цяпер думаюць, што рабіць. Яны не хочуць ісці ва ўмоўны EPAM, а жадаюць рабіць нешта сваё.

Мы сустрэліся з хлопцамі ў кавярні, І ў той жа дзень усе сказалі: а чаму б і не? Яны паверылі ў маю гісторыю і тое, што гэта камусьці трэба. Рабілі ўсё самі за свае грошы 24/7. Больш мы нідзе не працавалі.

Грошы хутка сталі заканчвацца, і ў нейкі момант мне давялося пераехаць да бацькоў, а сваю кватэру здаць і на гэтыя грошы неяк жыць.

Дзякуй бацькам за падтрымку і веру.

Як і для чаго працуе Filmustage

Мы працуем з самым галоўным дакументам у кіно — сцэнаром. Хтосьці думае, што сцэнар — гэта арт-твор. Насамрэч гэта тэхнічны дакумент, падобны да чарцяжу дома. У ім простымі словамі распісана, што будзе адбывацца ў канкрэтнай сцэне: дыялогі, дэкарацыі, рэквізіт, адзенне, ці ёсць у кадры аўтамабілі, жывёлы і г. д.

Такі 100-старонкавы дакумент з 100-120 сцэн трэба разбіць на складовыя часткі, то-бок амаль кожнае слова аднесці да пэўнай катэгорыі. Напрыклад, знаходзіш у тэксце «чырвоная машына», вылучаеш маркерам і адносіш да катэгорыі «транспарт». «Стрэліў з пісталета» ўносіш у катэгорыю «зброя». «Майкл сеў на канапу»: Майкл — гэта акцёр, канапа — дэкарацыя. Працэс называецца script breakdown. Атрымліваецца 5-10 тысяч элементаў, на разметку якіх у сярэднім траціш каля двух тыдняў. 

На аснове гэтай інфармацыі будуецца бюджэт фільма і здымачны расклад. Уручную ўсё разам займае месяц+. Мы аптымізавалі гэты працэс да 1 хвіліны.

Як спачатку не атрымлівалася з інвестыцыямі

Мы пачыналі шлях з удзелу ў розных конкурсах у Мінску. Займалі першыя месцы, атрымлівалі ўзнагароды, але яны нічога не давалі, інвеставаць у нас ніхто не рызыкаваў, бо такіх паняццяў, як culttech або filmtech, не было. Кіношных стартапаў не было наогул — ані ў Амерыцы, ані ў Еўропе.

Ніхто ў гэтую сферу не лез, бо яна кансерватыўная і складаная. Нам казалі прыкладна наступнае:

— Гучыць вельмі цікава, але грошай мы вам не дамо, бо не разумеем гэтага маркету. Зрабіце трэкшан, пакажыце першыя продажы, тады дапаможам.

Мы зразумелі, што наш шлях будзе складанейшым, чым мы думалі, і сталі будаваць прадукт. Паказалі працоўны прататып кіношнікам у Галівудзе, атрымалі першы фідбэк і карыстальнікаў, якія з намі да гэтага часу.

Пасля гэтага прыйшлі першыя інвестыцыі. Беларусы, якія ў нас паверылі, зрабілі нам прапанову. Мы пагадзіліся і сталі будаваць наш стартап — усё яшчэ ўчатырох, але ўжо хоць бы не жывучы з грошай са здачы кватэры.

Як усё амаль прапала

Яшчэ да першых інвестыцый мы трапілі на хакатон Garage48 у Таліне. Мы паехалі туды з гатовым прататыпам, уся распрацоўка вісела ў Google Cloud.

І вось пятая раніцы, наш аўтобус ужо пад’язджае да Таліна, я нешта дарабляю ў ноўтбуку, калі мне прыходзіць апавяшчэнне ад Google: вы можаце атрымаць бясплатныя крэдыты на даменную пошту, Google Drive і нешта яшчэ для стартапаў, але для гэтага вам трэба выдаліць стары акаўнт, які ў вас даўно вісіць.

Я: акей. Смела выдаляю стары акаўнт, да якога нічога не прывязана, і праз секунду ад Google Cloud прыходзіць ліст пра выдаленне ўсяго праекта з базамі даных і бэкапамі.

Адным няёмкім рухам рукі я знёс усё-ўсё.

Андрэю і Руслану таксама прыходзяць паведамлення, яны, сонныя, глядзяць на мой збялелы твар:

— А што здарылася?

— А я не разумею.

Націскаю на кнопку «аднавіць», але выскоквае памылка. 

Пішу ў Google — яны адказваюць, што так, хлопцы, касяк не зусім ваш, нешта было прывязанае, але не адвязалася; мы ўсё паправім, але праз тры дні.

А мы ж едзем на хакатон — дарабляць фічу і пітчыць прадукт інвестарам. І вось у нас нічога няма, нават сайт злёг.

Прыйшлося нам весці адразу два хакатоны — адзін афіцыйны, на «гаражы», а другі сакрэтны.  Пакуль Руслан і Андрэй рабілі рэальную фічу, якая была заяўленая на хакатоне, мы са Славам (ён быў тады ў Мінску) кляпалі фэйкавую праграму, якая выглядае як нашая. Што б мы туды ні залівалі, яна генеравала тры розныя версіі брэйкдаўну.

Паказваем інвестарам.

— Класна, выдатна прыдумалі. 

Праз тры дні — дэмадзень, мы паказваем нашую фічу, я акуратненька на «альта» пераключаю, як быццам там нешта загрузілася. Хтосьці заўважыў і паржаў. Усе ўсё зразумелі. Мы, засмучаныя, сыходзім у залу чакаць вынікаў. 

І ў выніку ў нас першае месца! Мы выйграем хакатон, атрымліваем інвестпрапановы на 250 тысяч долараў і дзве аплачваныя паездкі ў Амерыку. Ура, прарваліся, вось ён — зорны час!

Радасныя, з вялікай таблічкай, мы едзем у Мінск, па дарозе атрымліваем ліст ад Google, што яны ўсё аднавілі. Ура. Але вось мяжа, у наш аўтобус заходзіць медык і пачынае ўсім мераць тэмпературу… 

Так, гэта быў самы пачатак кавіду. Праз дзень межы закрыліся, абвясцілі лакдаўн.

Неўзабаве інвестар з хакатона нам напісаў: хлопцы, усе стартапы тонуць, прабачце, мы адклікаем інвестыцыі. І паездку арганізаваць вам не можам, вы нікуды не паляціце, але мы можам даць вам грант — 5 тысяч еўра.

На гэтыя пяць тысяч еўра мы і пабудавалі прататып.

Пераезды, узлёты і падзенні

Потым здарыўся 2020 год, і нам давялося з’язджаць. Нашыя інвестары патлумачылі, што ніхто не будзе інвеставаць у стартап, пакуль фаўндары знаходзяцца ў Беларусі. 

Спачатку мы з сем’ямі пераехалі ў Кіеў. Пазнаёміліся там з вялікай колькасцю фондаў, усім спадабаліся. Круты ўздым у нас пачаўся менавіта там. Здавалася, усё ідзе класна, і вось — вайна. Фонды скасоўваюць патэнцыйныя ўгоды, мы з’язджаем у Літву і, па сутнасці, пачынаем усё нанова. 

У Еўропе мы пазнаёміліся з крутымі інвестарамі. Патроху пачалі расці, сталі выпускаць усё больш фічаў, сабралі першы раўнд на 550 тысяч долараў (праўда, ён расцягнуўся ў часе).

Здавалася, вось ён, пік. Але тут у ЗША здараецца забастоўка сцэнарыстаў (доўжылася ад мая да канца верасня 2023 — dev.by).

Калі гільдыя вядзе страйк, ніхто з яе сяброў не мае права працаваць. Увесь Галівуд устаў, пайшлі мільярдныя страты. А ўсё таму, што студыі не хацелі дзяліцца роялці са сцэнарыстамі, плюс да гэтага яны сталі замяняць сцэнарыстаў нейроннымі сеткамі.

Мы разумелі, што Амерыка не можа проста так згарнуць кінаіндустрыю і попыт усё роўна вернецца, але ў той момант інвестары адмаўляліся даваць грошы. Мы ўжо расшылі каманду, каб хутчэй выпускаць новыя фічы, улівалі грошы ў рэкламу і маркетынг, а тут зноў ляснуўся раўнд. 

Што рабіць? Мы зноў пачалі будстрапіць, рабіць усё сваімі сіламі — і нечакана сталі расці. Выявілася, што людзі па-за гільдыяй (сцэнарысты і іншыя кіношнікі — dev.by), зразумелі, што надышоў іх зорны час, сталі выпускаць свае крутыя праекты, і мы сталі расці разам з імі.

То-бок у нас заўсёды чаргуюцца ўзлёты і падзенні. Кавід, праз які спачатку сарваліся інвестыцыі, насамрэч нам дапамог. У Галівудзе забаранілі папяровыя сцэнары, кіношнікам прыйшлося шукаць лічбавыя рашэнні, каб працаваць анлайн, і мы сталі трапляць у выдачы па пошукавых запытах.

А яшчэ дапамагло развіццё нейронных сетак. Людзі зразумелі, што гэта інструмент, а не замена людзей, і перасталі іх баяцца. Што праўда, да іншых прыйшло роўна супрацьлеглае разуменне, так што страх перад АІ (+прагнасць студый) прывёў да страйку сцэнарыстаў.

Пра манетызацыю і факап з ёй

У нас класічная SaaS-мадэль, падпіска. Ёсць яшчэ бясплатная версія, якая дазваляе раз на месяц загрузіць тэкст. А для энтэрпрайза мы робім кастамныя прапановы.

Раскажу пра факап. Выпусціўшы Freemium, мы зрабілі яго занадта рабочым. Я натхніўся мадэллю Figm’ы і Miro, якія дазваляюць карыстацца тулай бясплатна, дакупляючы функцыянал па неабходнасці. Шчодрая душа! У выніку нашыя карыстальнікі знайшлі кучу шляхоў, як паўнавартасна карыстацца нашай платформай і наогул не плаціць. Цяпер мы гэта выпраўляем.

Пра каманду

Доўгі час нас было чацвёра, потым нам стала дапамагаць жонка кафаўндара Андрэя, потым далучыўся Ваня, наш продакт і сапорт. Невялікім складам мы жылі да 2023 года, моцна не пашыраліся, выціскалі ўсё, што маглі. Я асвоіў маркетынг і сэйлз, пісаў франтэнд і займаўся сапортам. А калі прыцягнулі інвестыцыі, сталі пашыраць каманду. Цяпер у нас класныя CMO, SEO-спецыяліст, кантэнт-менеджар, капірайтары, Head of sales.

Нас 15 чалавек ва ўсім свеце — у Літве, Грузіі, Іспаніі, Польшчы, Партугаліі. Амаль усе — беларусы. Часам у Грузіі збіраюцца ў каворкінгу, таму што вельмі не хапае сумеснай працы ў адным памяшканні.

Ці перашкаджаюць пашпарты РБ у зносінах з інвестарамі

Былі складаныя перыяды, але ў цэлым не. Мы выразна пазначаем сваю пазіцыю, а акрамя таго, мы пражылі каля года ва Украіне, у нас ёсць украінскія інвестары, якія, па сутнасці, з’яўляюцца нашымі адвакатамі. 

Часам бываюць пытанні з банкамі, яны могуць запытаць дадатковую валідацыю, але вялікіх праблем няма. Хоць былі гісторыі, калі мае сябры на класных пітч-івэнтах у Еўропе праходзілі да паўфіналу, а потым іх здымалі, бо яны беларусы. Але гэтая гісторыя хутчэй пра публічныя мерапрыемствы, дзе арганізатары спрабуюць скасціць рызыкі. Пры зносінах з інвестарамі напрамую ўсё акей.

Як выходзілі на зорных кліентаў

Знаёмства з дэкаратарам «Зорных войнаў», уладальнікам «Оскара» Роджэрам Крысціянам, пачалося з факапа. Ён зарегаўся як невядомы нам кліент і пачаў карыстацца платформай. А мы якраз выкацілі новы функцыянал у альфа-рэжыме і павесілі вялікую плашку на жоўтым: «Увага! Мы тэсціруем, не выкарыстоўвайце ў прадакшане: усё можа паламацца».

Але ён не заўважыў. Ён выдаткаваў два дні на здымачны расклад, і ён знік. Тады Роджэр напісаў нам. Мы глядзім па логах: ну так, усё прапала, мы ж папярэджвалі, добра, наш касяк — вось вам тры месяцы бясплатнай падпіскі. Ён вельмі ўзрадаваўся і, радасны, сышоў.

Тады мы загуглілі, хто гэта, і бачым, што гэты чувак — легенда. У выніку мы добра пасябравалі, цяпер ён наш пастаянны кліент, віншуе нас 4 мая з днём «Зорных войнаў» і дасылае са здымак прыкольныя фота.

На Берлінскім кінафестывалі Роджэр прыйшоў на нашую секцыю як госць. Мы прасілі яго расказаць пра свой праект, але ён потым яшчэ 15 хвілін нас хваліў, і гэта дапамагло сабраць раўнд. Мы проста нарэзалі запіс і разаслалі інвестарам: вось вам валідацыю.

Пра канкурэнтаў і Ехсel

Прамых канкурэнтаў у нас няма. Лідарам рынку па-ранейшаму з’яўляюцца старыя тулы — назавем іх «Ехсel на стэроідах».

Цікава, што забіць Ехсel немагчыма. Які б круты прадукт ты ні зрабіў, ты як мінімум маеш умець захоўваць усё ў гэты фармат.

Нейкія канкуруючыя праекты ўжо з’яўляюцца, яны дапамагаюць пашырыць рынак, плюс гэта прымушае нас рухацца. 

Пра планы

Мы хочам стаць не проста лідарамі, а новым кинастандартам індустрыі, каб усе кіношнікі, і вялікія, і маленькія, карысталіся нашым прадуктам як стандартам.

Цяпер працуем над вялікай фічай — «бюджэты». Спачатку будзем лічыць іх у паўручным рэжыме, потым — у аўтаматычным. Загрузіўшы сцэнар, карыстальнік будзе разумець, колькі грошай трэба на здымку. 

Хочам падключыць да гэтага функцыяналу маркетплэйсы — з лакацыямі, рэквізітамі, кастынг-агенцтвамі ў розных краінах і гарадах. То-бок юзер загружае сцэнар, а мы падказваем лакацыі, дзе і калі гэта можна зняць, колькі будзе каштаваць.

Плюс мы сочым за трэндамі ў свеце нейронных сетак і бачым, што класічны спосаб узаемадзеяння з праграмамі [праз націсканне кнопак і сімвалаў] сыходзіць.

Дзякуючы ChatGPT мы зразумелі, што ідзе новы спосаб: проста ўводзіш запыт голасам або тэкстам і атрымліваеш вынік.

У нас будзе так: загружаеш скрыпт і кажаш: «Зрабі мне брэйкдаўн, або зрабі здымачны расклад на чале з галоўным героем, спачатку начныя сцэны, потым — дзённыя, дадай два выходныя, распішы рызыкі, захавай у Excel і адпраў камандзе». Мы працуем над прататыпам, ужо ёсць зрухі. Магчыма, да новага года запусцім тэставую версію.

А акрамя таго, працуем над выхадам на новыя вялікія рынкі — індыйскі і еўрапейскі.

Вельмі хочацца паспрабаваць Індыю.

Яшчэ працуем над мультымоўнай мадэллю, яна ўжо падтрымлівае розныя мовы. 

Чаму не рынак СНД

— З кінаіндустрыяй у СНД у нас не зраслося. Мы больш арыентуемся на Галівуд. І вось чаму.

  1. У Галівудзе ёсць стандарты працы са сцэнарамі і працэсы, якія можна аптымізаваць. Калі хтосьці адхіляецца ад правілаў, з ім не працуюць. У СНД прэпрадакшан і прадакшан даволі хаатычныя. У кожнага рэжысёра, прадзюсара, аператара ёсць свой набор інструментам, з якімі ён прывык працаваць. І звесці іх у адзін фармат складана.
  2. Рынак СНД даволі невялікі, пабудаваць там вялікую гісторыю складана.
  3. Я прыхільнік галівудскага кіно. Пазнаёміцца і затусіць з Таранціна — у спісе маіх задач. 

І яшчэ цікавы прыклад. У свой час да нас хацеў зайсці кафаўндарам Цімур Бекмамбетаў. Мы яму адмовілі (гэта асобная гісторыя). Але ён зрабіў нам два інтра: адзін званок свайму амерыканскаму прадзюсару і другі — рускаму. 

Амерыканскі прадзюсар сказаў: «Ваў, гэта крута, я ж змагу зэканоміць столькі часу і грошай!» А на званку з рускім прадзюсарам гісторыя была прама супрацьлеглая. Мы расказваем натхнёна, як наш прадукт зэканоміць час і рэсурсы.

На што ён: «Стоп, хлопцы. Нам не трэба нічога захоўваць, мы ж на перапрацоўках і на дадатковых гадзінах фондам кіно адкаты робім. Мы будзем байкатаваць ваш прадукт».

Так мы зразумелі, што туды ісці дакладна не трэба.

Калі наступны раўнд?

Цяперашняга раўнда мае хапіць на 1,5-2 гады, прыкладна на дзве траціны гэтых грошай мы павінны выйсці на break even (пункт бясстратнасці — dev.by). Гэта важны момант у жыцці стартапа, пасля якога мы не будзем так моцна залежаць ад інвестараў і зможам шукаць новы раўнд у вольным тэмпе.

Калі ў аднарогі

Хацелася б у найбліжэйшыя пару гадоў.  Трэба падпісаць самых буйных кліентаў на кантракты, тады працэс пойдзе актыўней. І трэба, каб пра нас усе ведалі.

Белорусская нейросеть анализирует сценарии для Голливуда
По теме
Белорусская нейросеть анализирует сценарии для Голливуда
Стартап беларусов Filmustage привлёк $1,5 млн в сид-раунде
По теме
Стартап беларусов Filmustage привлёк $1,5 млн в сид-раунде

Читать на dev.by