«Не хацелі ісці ва ўмоўны EPAM». Беларусы стварылі нейрасетку для Галівуда — вось іх гісторыя
Пасля сід-раўнда ў 1,5 млн долараў цікавасць да беларускага кінастартапа Filmustage моцна вырасла. Кафаўндар FilmustageЯгор Дуброўскі расказаў пра гісторыю стартапа ў паблік-току, які арганізавала кам’юніці «Культурны код». Пераказваем найцікавейшае.
План быў месяц папрацаваць на здымках у Галівудзе і перанесці атрыманы досвед у Беларусь.
Усё ішло добра, пакуль пасля трох тыдняў у Лос-Анджэлесе мы не паехалі ў Сан-Францыска і там не пайшлі ў класны джазавы клуб. Выйшаўшы з клуба, мы ўбачылі, што нашую машыну ўзламалі і ўсё, што ў мяне было назбірана за жыццё — пашпарт, камера, ноўтбук — скрадзена. Я не змог вярнуцца дадому, і мне давялося затрымацца ў Амерыцы на паўгода. А каб выжыць, давялося шукаць працу.
Ад варыянту мыць посуд я адмовіўся. Другі варыянт быў цікавейшы: я пазнаёміўся з мексіканскімі хлопцамі, мы пайшлі ў мексіканскі бар і пад раніцу яны паклікалі мяне ў мексіканскую банду. Але я зноў адмовіўся. Хоць, магчыма, гэта быў бы цікавы паварот у кар’еры.
Нават у Беларусі ў той час ужо выкарыстоўвалі лічбавае рашэнне. А ў ЗША на здымку прыносілі папяровы сцэнар, перакрэслены каляровымі маркерамі.
Акрамя кіно і фота, я ад 14 гадоў займаўся распрацоўкай. Яшчэ да ўнівера ў мяне было свая вэб-студыя, і ўжо ў тую амерыканскую паездку я трохі ведаў пра нейронныя сеткі. Гэта цяпер пра іх усе ведаюць, а ў 2017 годзе гэта было ў навіну. І калі я расказваў ідэю свайго стартапа, людзі казалі: «Гэта вельмі крута, але мы ж усе глядзелі „Тэрмінатара“ — можа, не трэба гэтага рабіць?» Ён рэальна баяліся і самога тэрміна «нейронныя сеткі», і таго, што тыя пазбавяць іх працы.
Я запітчыў сваю ідэю, атрымаў добры фідбэк і, вярнуўшыся ў Мінск, сышоў з прадакшана. Яшчэ год я працаваў фрылансерам і паралельна выношваў ідэю. Я наогул нічога не разумеў у ІТ-бізнэсе і не ведаў, як пачаць.
Атрымалася выпадкова. Мой сябар і аднакурснік (я сышоў з 3-га курса БДУІР), якому я прагудзеў усе вушы сваімі ідэямі, аднойчы сказаў:
— Твае аднагрупнікі па ўніверы скончылі вялікі праект у Нарвегіі і цяпер думаюць, што рабіць. Яны не хочуць ісці ва ўмоўны EPAM, а жадаюць рабіць нешта сваё.
Мы сустрэліся з хлопцамі ў кавярні, І ў той жа дзень усе сказалі: а чаму б і не? Яны паверылі ў маю гісторыю і тое, што гэта камусьці трэба. Рабілі ўсё самі за свае грошы 24/7. Больш мы нідзе не працавалі.
Дзякуй бацькам за падтрымку і веру.
Як і для чаго працуе Filmustage
Мы працуем з самым галоўным дакументам у кіно — сцэнаром. Хтосьці думае, што сцэнар — гэта арт-твор. Насамрэч гэта тэхнічны дакумент, падобны да чарцяжу дома. У ім простымі словамі распісана, што будзе адбывацца ў канкрэтнай сцэне: дыялогі, дэкарацыі, рэквізіт, адзенне, ці ёсць у кадры аўтамабілі, жывёлы і г. д.
Такі 100-старонкавы дакумент з 100-120 сцэн трэба разбіць на складовыя часткі, то-бок амаль кожнае слова аднесці да пэўнай катэгорыі. Напрыклад, знаходзіш у тэксце «чырвоная машына», вылучаеш маркерам і адносіш да катэгорыі «транспарт». «Стрэліў з пісталета» ўносіш у катэгорыю «зброя». «Майкл сеў на канапу»: Майкл — гэта акцёр, канапа — дэкарацыя. Працэс называецца script breakdown. Атрымліваецца 5-10 тысяч элементаў, на разметку якіх у сярэднім траціш каля двух тыдняў.
На аснове гэтай інфармацыі будуецца бюджэт фільма і здымачны расклад. Уручную ўсё разам займае месяц+. Мы аптымізавалі гэты працэс да 1 хвіліны.
Як спачатку не атрымлівалася з інвестыцыямі
Мы пачыналі шлях з удзелу ў розных конкурсах у Мінску. Займалі першыя месцы, атрымлівалі ўзнагароды, але яны нічога не давалі, інвеставаць у нас ніхто не рызыкаваў, бо такіх паняццяў, як culttech або filmtech, не было. Кіношных стартапаў не было наогул — ані ў Амерыцы, ані ў Еўропе.
Ніхто ў гэтую сферу не лез, бо яна кансерватыўная і складаная. Нам казалі прыкладна наступнае:
Мы зразумелі, што наш шлях будзе складанейшым, чым мы думалі, і сталі будаваць прадукт. Паказалі працоўны прататып кіношнікам у Галівудзе, атрымалі першы фідбэк і карыстальнікаў, якія з намі да гэтага часу.
Пасля гэтага прыйшлі першыя інвестыцыі. Беларусы, якія ў нас паверылі, зрабілі нам прапанову. Мы пагадзіліся і сталі будаваць наш стартап — усё яшчэ ўчатырох, але ўжо хоць бы не жывучы з грошай са здачы кватэры.
Як усё амаль прапала
Яшчэ да першых інвестыцый мы трапілі на хакатон Garage48 у Таліне. Мы паехалі туды з гатовым прататыпам, уся распрацоўка вісела ў Google Cloud.
І вось пятая раніцы, наш аўтобус ужо пад’язджае да Таліна, я нешта дарабляю ў ноўтбуку, калі мне прыходзіць апавяшчэнне ад Google: вы можаце атрымаць бясплатныя крэдыты на даменную пошту, Google Drive і нешта яшчэ для стартапаў, але для гэтага вам трэба выдаліць стары акаўнт, які ў вас даўно вісіць.
Я: акей. Смела выдаляю стары акаўнт, да якога нічога не прывязана, і праз секунду ад Google Cloud прыходзіць ліст пра выдаленне ўсяго праекта з базамі даных і бэкапамі.
Андрэю і Руслану таксама прыходзяць паведамлення, яны, сонныя, глядзяць на мой збялелы твар:
— А што здарылася?
— А я не разумею.
Націскаю на кнопку «аднавіць», але выскоквае памылка.
Пішу ў Google — яны адказваюць, што так, хлопцы, касяк не зусім ваш, нешта было прывязанае, але не адвязалася; мы ўсё паправім, але праз тры дні.
А мы ж едзем на хакатон — дарабляць фічу і пітчыць прадукт інвестарам. І вось у нас нічога няма, нават сайт злёг.
Прыйшлося нам весці адразу два хакатоны — адзін афіцыйны, на «гаражы», а другі сакрэтны. Пакуль Руслан і Андрэй рабілі рэальную фічу, якая была заяўленая на хакатоне, мы са Славам (ён быў тады ў Мінску) кляпалі фэйкавую праграму, якая выглядае як нашая. Што б мы туды ні залівалі, яна генеравала тры розныя версіі брэйкдаўну.
Паказваем інвестарам.
— Класна, выдатна прыдумалі.
Праз тры дні — дэмадзень, мы паказваем нашую фічу, я акуратненька на «альта» пераключаю, як быццам там нешта загрузілася. Хтосьці заўважыў і паржаў. Усе ўсё зразумелі. Мы, засмучаныя, сыходзім у залу чакаць вынікаў.
І ў выніку ў нас першае месца! Мы выйграем хакатон, атрымліваем інвестпрапановы на 250 тысяч долараў і дзве аплачваныя паездкі ў Амерыку. Ура, прарваліся, вось ён — зорны час!
Радасныя, з вялікай таблічкай, мы едзем у Мінск, па дарозе атрымліваем ліст ад Google, што яны ўсё аднавілі. Ура. Але вось мяжа, у наш аўтобус заходзіць медык і пачынае ўсім мераць тэмпературу…
Так, гэта быў самы пачатак кавіду. Праз дзень межы закрыліся, абвясцілі лакдаўн.
На гэтыя пяць тысяч еўра мы і пабудавалі прататып.
Пераезды, узлёты і падзенні
Потым здарыўся 2020 год, і нам давялося з’язджаць. Нашыя інвестары патлумачылі, што ніхто не будзе інвеставаць у стартап, пакуль фаўндары знаходзяцца ў Беларусі.
Спачатку мы з сем’ямі пераехалі ў Кіеў. Пазнаёміліся там з вялікай колькасцю фондаў, усім спадабаліся. Круты ўздым у нас пачаўся менавіта там. Здавалася, усё ідзе класна, і вось — вайна. Фонды скасоўваюць патэнцыйныя ўгоды, мы з’язджаем у Літву і, па сутнасці, пачынаем усё нанова.
У Еўропе мы пазнаёміліся з крутымі інвестарамі. Патроху пачалі расці, сталі выпускаць усё больш фічаў, сабралі першы раўнд на 550 тысяч долараў (праўда, ён расцягнуўся ў часе).
Здавалася, вось ён, пік. Але тут у ЗША здараецца забастоўка сцэнарыстаў (доўжылася ад мая да канца верасня 2023 — dev.by).
Калі гільдыя вядзе страйк, ніхто з яе сяброў не мае права працаваць. Увесь Галівуд устаў, пайшлі мільярдныя страты. А ўсё таму, што студыі не хацелі дзяліцца роялці са сцэнарыстамі, плюс да гэтага яны сталі замяняць сцэнарыстаў нейроннымі сеткамі.
Мы разумелі, што Амерыка не можа проста так згарнуць кінаіндустрыю і попыт усё роўна вернецца, але ў той момант інвестары адмаўляліся даваць грошы. Мы ўжо расшылі каманду, каб хутчэй выпускаць новыя фічы, улівалі грошы ў рэкламу і маркетынг, а тут зноў ляснуўся раўнд.
Што рабіць? Мы зноў пачалі будстрапіць, рабіць усё сваімі сіламі — і нечакана сталі расці. Выявілася, што людзі па-за гільдыяй (сцэнарысты і іншыя кіношнікі — dev.by), зразумелі, што надышоў іх зорны час, сталі выпускаць свае крутыя праекты, і мы сталі расці разам з імі.
То-бок у нас заўсёды чаргуюцца ўзлёты і падзенні. Кавід, праз які спачатку сарваліся інвестыцыі, насамрэч нам дапамог. У Галівудзе забаранілі папяровыя сцэнары, кіношнікам прыйшлося шукаць лічбавыя рашэнні, каб працаваць анлайн, і мы сталі трапляць у выдачы па пошукавых запытах.
А яшчэ дапамагло развіццё нейронных сетак. Людзі зразумелі, што гэта інструмент, а не замена людзей, і перасталі іх баяцца. Што праўда, да іншых прыйшло роўна супрацьлеглае разуменне, так што страх перад АІ (+прагнасць студый) прывёў да страйку сцэнарыстаў.
Пра манетызацыю і факап з ёй
У нас класічная SaaS-мадэль, падпіска. Ёсць яшчэ бясплатная версія, якая дазваляе раз на месяц загрузіць тэкст. А для энтэрпрайза мы робім кастамныя прапановы.
Раскажу пра факап. Выпусціўшы Freemium, мы зрабілі яго занадта рабочым. Я натхніўся мадэллю Figm’ы і Miro, якія дазваляюць карыстацца тулай бясплатна, дакупляючы функцыянал па неабходнасці. Шчодрая душа! У выніку нашыя карыстальнікі знайшлі кучу шляхоў, як паўнавартасна карыстацца нашай платформай і наогул не плаціць. Цяпер мы гэта выпраўляем.
Пра каманду
Доўгі час нас было чацвёра, потым нам стала дапамагаць жонка кафаўндара Андрэя, потым далучыўся Ваня, наш продакт і сапорт. Невялікім складам мы жылі да 2023 года, моцна не пашыраліся, выціскалі ўсё, што маглі. Я асвоіў маркетынг і сэйлз, пісаў франтэнд і займаўся сапортам. А калі прыцягнулі інвестыцыі, сталі пашыраць каманду. Цяпер у нас класныя CMO, SEO-спецыяліст, кантэнт-менеджар, капірайтары, Head of sales.
Нас 15 чалавек ва ўсім свеце — у Літве, Грузіі, Іспаніі, Польшчы, Партугаліі. Амаль усе — беларусы. Часам у Грузіі збіраюцца ў каворкінгу, таму што вельмі не хапае сумеснай працы ў адным памяшканні.
Ці перашкаджаюць пашпарты РБ у зносінах з інвестарамі
Былі складаныя перыяды, але ў цэлым не. Мы выразна пазначаем сваю пазіцыю, а акрамя таго, мы пражылі каля года ва Украіне, у нас ёсць украінскія інвестары, якія, па сутнасці, з’яўляюцца нашымі адвакатамі.
Часам бываюць пытанні з банкамі, яны могуць запытаць дадатковую валідацыю, але вялікіх праблем няма. Хоць былі гісторыі, калі мае сябры на класных пітч-івэнтах у Еўропе праходзілі да паўфіналу, а потым іх здымалі, бо яны беларусы. Але гэтая гісторыя хутчэй пра публічныя мерапрыемствы, дзе арганізатары спрабуюць скасціць рызыкі. Пры зносінах з інвестарамі напрамую ўсё акей.
Як выходзілі на зорных кліентаў
Знаёмства з дэкаратарам «Зорных войнаў», уладальнікам «Оскара» Роджэрам Крысціянам, пачалося з факапа. Ён зарегаўся як невядомы нам кліент і пачаў карыстацца платформай. А мы якраз выкацілі новы функцыянал у альфа-рэжыме і павесілі вялікую плашку на жоўтым: «Увага! Мы тэсціруем, не выкарыстоўвайце ў прадакшане: усё можа паламацца».
Але ён не заўважыў. Ён выдаткаваў два дні на здымачны расклад, і ён знік. Тады Роджэр напісаў нам. Мы глядзім па логах: ну так, усё прапала, мы ж папярэджвалі, добра, наш касяк — вось вам тры месяцы бясплатнай падпіскі. Ён вельмі ўзрадаваўся і, радасны, сышоў.
Тады мы загуглілі, хто гэта, і бачым, што гэты чувак — легенда. У выніку мы добра пасябравалі, цяпер ён наш пастаянны кліент, віншуе нас 4 мая з днём «Зорных войнаў» і дасылае са здымак прыкольныя фота.
На Берлінскім кінафестывалі Роджэр прыйшоў на нашую секцыю як госць. Мы прасілі яго расказаць пра свой праект, але ён потым яшчэ 15 хвілін нас хваліў, і гэта дапамагло сабраць раўнд. Мы проста нарэзалі запіс і разаслалі інвестарам: вось вам валідацыю.
Пра канкурэнтаў і Ехсel
Прамых канкурэнтаў у нас няма. Лідарам рынку па-ранейшаму з’яўляюцца старыя тулы — назавем іх «Ехсel на стэроідах».
Цікава, што забіць Ехсel немагчыма. Які б круты прадукт ты ні зрабіў, ты як мінімум маеш умець захоўваць усё ў гэты фармат.
Нейкія канкуруючыя праекты ўжо з’яўляюцца, яны дапамагаюць пашырыць рынак, плюс гэта прымушае нас рухацца.
Пра планы
Мы хочам стаць не проста лідарамі, а новым кинастандартам індустрыі, каб усе кіношнікі, і вялікія, і маленькія, карысталіся нашым прадуктам як стандартам.
Цяпер працуем над вялікай фічай — «бюджэты». Спачатку будзем лічыць іх у паўручным рэжыме, потым — у аўтаматычным. Загрузіўшы сцэнар, карыстальнік будзе разумець, колькі грошай трэба на здымку.
Хочам падключыць да гэтага функцыяналу маркетплэйсы — з лакацыямі, рэквізітамі, кастынг-агенцтвамі ў розных краінах і гарадах. То-бок юзер загружае сцэнар, а мы падказваем лакацыі, дзе і калі гэта можна зняць, колькі будзе каштаваць.
Плюс мы сочым за трэндамі ў свеце нейронных сетак і бачым, што класічны спосаб узаемадзеяння з праграмамі [праз націсканне кнопак і сімвалаў] сыходзіць.
У нас будзе так: загружаеш скрыпт і кажаш: «Зрабі мне брэйкдаўн, або зрабі здымачны расклад на чале з галоўным героем, спачатку начныя сцэны, потым — дзённыя, дадай два выходныя, распішы рызыкі, захавай у Excel і адпраў камандзе». Мы працуем над прататыпам, ужо ёсць зрухі. Магчыма, да новага года запусцім тэставую версію.
А акрамя таго, працуем над выхадам на новыя вялікія рынкі — індыйскі і еўрапейскі.
Яшчэ працуем над мультымоўнай мадэллю, яна ўжо падтрымлівае розныя мовы.
Чаму не рынак СНД
— З кінаіндустрыяй у СНД у нас не зраслося. Мы больш арыентуемся на Галівуд. І вось чаму.
У Галівудзе ёсць стандарты працы са сцэнарамі і працэсы, якія можна аптымізаваць. Калі хтосьці адхіляецца ад правілаў, з ім не працуюць. У СНД прэпрадакшан і прадакшан даволі хаатычныя. У кожнага рэжысёра, прадзюсара, аператара ёсць свой набор інструментам, з якімі ён прывык працаваць. І звесці іх у адзін фармат складана.
Рынак СНД даволі невялікі, пабудаваць там вялікую гісторыю складана.
Я прыхільнік галівудскага кіно. Пазнаёміцца і затусіць з Таранціна — у спісе маіх задач.
І яшчэ цікавы прыклад. У свой час да нас хацеў зайсці кафаўндарам Цімур Бекмамбетаў. Мы яму адмовілі (гэта асобная гісторыя). Але ён зрабіў нам два інтра: адзін званок свайму амерыканскаму прадзюсару і другі — рускаму.
Амерыканскі прадзюсар сказаў: «Ваў, гэта крута, я ж змагу зэканоміць столькі часу і грошай!» А на званку з рускім прадзюсарам гісторыя была прама супрацьлеглая. Мы расказваем натхнёна, як наш прадукт зэканоміць час і рэсурсы.
Так мы зразумелі, што туды ісці дакладна не трэба.
Калі наступны раўнд?
Цяперашняга раўнда мае хапіць на 1,5-2 гады, прыкладна на дзве траціны гэтых грошай мы павінны выйсці на break even (пункт бясстратнасці — dev.by). Гэта важны момант у жыцці стартапа, пасля якога мы не будзем так моцна залежаць ад інвестараў і зможам шукаць новы раўнд у вольным тэмпе.
Калі ў аднарогі
Хацелася б у найбліжэйшыя пару гадоў. Трэба падпісаць самых буйных кліентаў на кантракты, тады працэс пойдзе актыўней. І трэба, каб пра нас усе ведалі.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.