На ўліку беспрацоўным — да года, дапамога — на 3 месяцы. Як зменяцца законы ў пытаннях занятасці?
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі законапраект «Пра змяненне законаў у пытаннях занятасці насельніцтва», паведамляецца на сайце мінпрацы.
Адзначаецца, што прыняты ў другім чытанні законапраект накіраваны «на стварэнне ўмоў для развіцця і падтрымкі высокай матывацыі беспрацоўных да актыўнага пошуку працы» і эфектыўнейшага іх удзелу ў эканоміцы. Ён уступіць у сілу, калі будзе ўхвалены Саветам Рэспублікі.
Якія інавацыі прадугледжаныя для грамадзян:
- Пашыраецца магчымасць для рэгістрацыі іх у якасці беспрацоўных не толькі па месцы жыхарства (то-бок прапіскі), але і па месцы знаходжання. З’явіцца і опцыя электроннай рэгістрацыі.
- Максімальны перыяд знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўнага скарачаецца з 18 да 12 месяцаў.
- Перыяд выплаты дапамогі па беспрацоўі таксама скарачаецца — з 6 да 3 месяцаў. Выплата дапамогі на працягу паўгода захаваецца толькі для тых, каму да пенсіі засталося 5 гадоў, а таксама для грамадзян, «якія пражываюць на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы».
- Дапамога па беспрацоўі будзе прызначацца людзям, якія зарэгістраваліся на працягу аднаго месяца ад даты звальнення, заканчэння тэрміну дзеяння або скасавання грамадзянска-прававой дамовы, спынення адукацыйных адносін (адлічэння) у сувязі з атрыманнем адукацыі.
- Пашыраецца пералік катэгорый беспрацоўных, якім даюцца дадатковыя гарантыі працаўладкавання ў кошт рэзервацыі (у яго дадалі людзей перадпенсійнага ўзросту, а таксама тых, хто прайшоў лячэнне ад алкагалізму або наркаманіі і выйшаў з ЛПП).
Каб атрымаць дапамогу, павінна быць тры ўмовы, адзначае БЕЛТА са спасылкай на словы старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Ірыны Касцевіч:
- чалавек павінен зарэгістравацца ў службе занятасці на працягу месяца ад даты звальнення;
- ён павінен быць звольненым толькі з уважлівых прычын;
- быць у працоўных адносінах з выплатай узносаў у ФСАН не менш за 5 гадоў да рэгістрацыі беспрацоўным.
Незалежна ад стажу на дапамогу па беспрацоўі могуць разлічваць:
- тыя, хто доўга не працаваў праз тое, што быў заняты доглядам дзяцей (да 3 гадоў, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў або інфіцыраваных ВІЧ);
- хто даглядаў пажылога сваяка або інваліда I групы;
- грамадзяне да 21 года, якія шукаюць працу ўпершыню.
А што ўводзяць для наймальнікаў:
- Правы наймальнікаў, а таксама іх магчымасці ў падборы кадраў пашыраюцца. Ім будзе дадзенае права заяўляць у Агульнарэспубліканскі банк вакансій звесткі пра бягучую патрэбнасць у работніках для выканання работ, у тым ліку і па грамадзянска-прававых дамовах, а таксама права заяўляць пра перспектыўную патрэбнасць на дзейныя і новыя працоўныя месцы.
- Закон замацуе патрабаванне для наймальніка па абавязковай падачы вакансій у агульнарэспубліканскі банк толькі ў электронным выглядзе (за выключэннем працадаўцаў з колькасцю работнікаў не большай за 5 чалавек).
- Працадаўцам будзе дадзеная магчымасць не апавяшчаць органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пра наяўнасць вакансіі, калі праца па ёй выконваецца работнікам па сумяшчальніцтве або звышурочна.
- Падыход на забарону размяшчэння на камерцыйных анлайн-рэсурсах звестак аб наяўнасці вакансій, не заяўленых у Агульнарэспубліканскі банк вакансій, будзе захаваны.
- Таксама будзе ўкаранёны інстытут кватавання працоўных месцаў для інвалідаў. Усталёўваць квоты будуць мясцовыя ўлады зыходзячы з патрэб рэгіёна.
Читать на dev.by