Як скандал на ЦЭ-2023 уплывае на абітурыентаў-тэхнароў. І як яны бачаць будучыню

На фоне скандалу з цэнтралізаваным экзаменам спыталіся пра планы ў абітурыентаў, якія гэтым летам збіраюцца паступаць у тэхнічныя ВНУ.

З намі падзяліліся 2 чалавекі: адзін планаваў вучыцца ў Расіі, але цяпер пра гэта прыйдзецца забыць, а ў другога ўсё паводле плана — хаця баламі пасля выстаўлення вынікаў ЦЭ па мовах не задаволены.

21 каментарыяў
Змест

Што адбываецца

Сёлета адзінаццацікласнікі ўпершыню здаюць ЦЭ. На пачатку тыдня сталі вядомыя вынікі першага экзамену — па рускай і беларускай мовах. 

895 удзельнікаў першага ЦЭ атрымалі па 100 балаў. (Для параўнання: у 2022 годзе 100 балаў атрымалі ўсяго толькі 337 удзельнікаў тэсціравання па 12 вучэбных прадметах). Такую колькасць стабальнікаў дырэктар РІКВ Юрый Міксюк тлумачыць прастатой экзамену: тэсты былі складзеныя паводле школьнай праграмы і з іх былі выключаныя заданні пятага ўзроўню — найскладанейшыя. 

Пры гэтым праз адную памылку абітурыенты-2023 гублялі да 10 балаў. Гэта выклікала шквал неразумення і незадаволенасці сярод выпускнікоў школ і іхніх бацькоў. РІКВ, аднак, пераразліку рабіць не планаваў — пра гэта паспяшаўся заявіць ягоны кіраўнік.

Што вядома пра падлік вынікаў

Формулы падліку РІКВ не раскрывае. Толькі называе яе «навукова абгрунтаванай методыкай».

Вось што вядома з каментароў кіраўніка РІКВ Юрыя Міксюка. Спачатку налічваецца «першасны бал» (у залежнасці ад тыпу задання можна атрымаць 1 або 2 балы за кожнае правільна або часткова правільна выкананае заданне, падрабязнасці ў таблічцы РІКВ). Калі заданне выкананае няправільна або змяшчае больш за 1 памылку — гэта 0 балаў.

Для кожнага прадмета «першасны бал» — свой (напрыклад, фізіка і матэматыка — 50, беларуская і руская мовы — 80).

Гэты першасны бал затым па нейкай формуле пералічваецца ў выніковы «тэставы» — гэта і ёсць вынік ЦЭ. Галоўная праблема ў тым, што формула невядомая. 

Балы налічае «аўтаматычна камп’ютар».

Аднак у сераду з нагоды вынікаў ЦЭ выказаўся Лукашэнка, раскрытыкаваўшы працу Мінадукацыі, якому «розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела […]».

Увечары стала вядома, што для праверкі вынікаў ЦЭ створаная камісія. Міністр Андрэй Івянец вынес прапанову сысці ад пераводу першасных балаў у тэставыя. 

UPD: у пятніцу ў абед стала вядома, што вынікі першага ЦЭ будуць пералічаныя паводле новай методыкі. Паводле слоў міністра адукацыі, сваіх балаў выпуснікі змогуць дазнацца ўжо сёння.

Сёлета адзінаццацікласнікі ўпершыню здаюць ЦЭ. Раней схема паступлення ў ВНУ мела на ўвазе экзамены ў выглядзе ЦТ, аднак у снежні правілы змяніліся.

Цяпер выпускнікі здаюць два цэнтралізаваныя экзамены: адзін абавязковы — па рускай або беларускай мове, другі — па выбары. Выбіраць можна з тых прадметаў, па якіх раней прадугледжвалася ЦТ. Таксама тым, хто паступае ў ВНУ трэба здаць адзін дадатковы экзамен у форме ЦТ. А залічаць ва ўніверсітэты будуць па выніках двух ЦЭ, аднаго ЦТ і сярэдняга бала атэстата.

Што думаюць абітурыенты-тэхнары

«Крыўдна атрымаць на рэпетыцыйным тэсціраванні двойчы па 100 балаў, а за экзамен — 82»

— Заканчваю 11-ы клас. ЦЭ па рускай здаў няблага — у мяне ўсяго адная памылка, плюс яшчэ адное заданне выкананае часткова слушна. Але атрымаў я ўсяго 82 тэставыя балы (UPD: пасля пераліку ў другой палове дня ў пятніцу 2 чэрвеня яны ператварыліся ў 92 балы —заўв. рэд.).

Паводле схемы падліку, якую ўжывалі на рэпетыцыйным тэсціраванні, у мяне магло быць 92 балы. Але, на жаль… Вядома, трохі крыўдна — атрымаць на «рэпетыцыі» двойчы па 100 балаў, а потым сам экзамен здаць на 82, але што зрабіць — гэта мае памылкі.

Такія ж нізкія балы атрымалі і мае знаёмыя хлопцы (я кажу нізкія, бо ва ўсіх на РТ бал быў вышэйшым пры той жа колькасці памылак) — а гэта значыць, што шанцы на паступленне не надта змяніліся. Стабальнікі, вядома, у плюсе.

Па ведах розніца паміж чалавекам, якія здаў тэст ідэальна, і тым, хто дапусціў адную памылку або даў часткова слушны адказ — нікчэмная, а вось у балах — гэта мінус 8. 

Экзамен па матэматыцы я напісаў добра. Вынікі пакуль не прыйшлі, але я ўжо разумею, дзе памыліўся. Думаю, толькі адное заданне я выканаў часткова слушна, астатнія — правільна. Калі схемы падліку не памяняюць, як на моўным экзамене (да незадаволенасці большасці беларускіх адзінаццацікласнікаў і іх бацькоў), — то ў мяне будзе 99 балаў са 100. 

Першапачаткова ў мяне ў планах было паступіць у БНТУ на ФІТР або БДТУ на ФІТ. На БДУ або БДУІР не замахваўся: каб паступіць туды, трэба неапраўдана шмат балаў.

БДУІР-2023: паглядзелі, якім будзе набор сёлета
Па тэме
БДУІР-2023: паглядзелі, якім будзе набор сёлета

З планамі вызначыўся яшчэ летам мінулага года (разглядаў толькі мінскія ВНУ). Паглядзеў прахадныя балы, выбраў пару спецыяльнасцей — а далей знайшоў чаты факультэтаў у тэлеграме і папытаўся ў студэнтаў пра навучальны працэс, пра інтэрнаты і гэтак далей. Зрабіў для сябе высновы.

Улічваў яшчэ і тое, што ўсе ВНУ даюць базу, але яе звычайна не хапае, каб уладкавацца на працу — усё адно прыйдзецца дадаткова давучвацца. 

Цяпер жа я збіраюся альбо ў БДУ на механіка-матэматычны факультэт, альбо ў БНТУ на ФІТР. Яшчэ ад лета 2020 года я вывучаю вэб-распрацоўку з упорам на франтэнд — папрацаваў у пары кампаній, выконваў таскі ад знаёмых: звярстаць сайт, яшчэ штосьці напісаць; рабіў пэт-праекты — як франтэнд, так і бэкэнд. 

«Летась атрымаў бы 98 балаў, а сёлета — 92»

— Пару месяцаў таму я прайшоў уступныя выпрабаванні ў Вышэйшую школу эканомікі на факультэт камп’ютарных навук (ФКН). Аднак мяркуючы з навін, адтэрміноўкі ад войска не будзе нават для студэнтаў, якія вучацца ў Расіі. 

У красавіку парламент прыняў змены ў закон «Пра вайсковы абавязак і вайсковую службу». Ад гэтага часу абітурыенты, якія абралі замежныя ВНУ, у тым ліку расійскія, не атрымліваюць адтэрміноўкі ад войска.

Гэты момант каментаваў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. Паводле яго слоў, «заканадаўства прыводзіцца ў адпаведнасць з тым, што ёсць у нашых суседзяў», а расійскім студэнтам не даюць адтэрміноўкі ад войска на час навучання ў беларускай ВНУ.

Калі так, то буду паступаць у БДУ на ФПМІ. Матэматыку і рускую я ўжо здаў, а фізіку здаваць не трэба — мне залічаць максімальны бал як пераможцу абласнога этапу алімпіяды па інфарматыцы. То-бок мне засталося толькі падаць дакументы.

Аблудных чаканняў з нагоды навучання што ў адной ВНУ, што ў другой у мяне няма — мяркуючы з расказаў студэнтаў, і там, і там атмасфера гнятлівая. Хіба што ў ВШЭ, на маю думку, больш моцных студэнтаў і выкладчыкаў, а яшчэ сучаснейшая праграма навучання.

Наогул пра ВШЭ я даведаўся напачатку 11-га класа — убачыў падкаст са студэнтамі адтуль і вырашыў даведацца пра ўсё падрабязней. Думка пра вучобу ў Расіі, улічваючы, што наогул адбываецца, першым часам не падабалася. Але я вырашыў у выніку, што ў Беларусі сітуацыя не надта лепшая. 

У якасці ўступных экзаменаў туды была просценькая алімпіяда па спартовым праграмаванні. Спецыяльна я да яе не рыхтаваўся, але гэтым жа часам самастойна рыхтаваўся да беларускай рэспубліканскай алімпіяды.

Для падрыхтоўкі да ЦЭ я хадзіў на курсы. Вынікі па рускай ужо прыйшлі — 92 балы.

Табліца пераводаў першасных балаў у тэставыя сёлета вар’яцкая: я зрабіў адную «частковую» памылку, летась атрымаў бы 98 балаў, а сёлета — 92.

Па матэматыцы яшчэ вынікаў няма, але, звяраючыся з таварышамі, памылак я ў сябе не знайшоў. Калі не лічыць, як па-зверску перавяліся паводле новай табліцы мае балы, то вынікамі я задаволены.

Аднак палохае, наколькі простыя экзамены сёлета.

Як абітурыенты-2023 бачаць сваю (і наогул) будучыню

Мы папрасілі нашых суразмоўцаў прайсці мікра-апытанне. Адзін з іх пагадзіўся.

Чаму ІТ? Ці самі выбіралі, ці бацькі дапамагалі?

ІТ я выбраў для сябе 3 гады таму. Спачатку паспрабаваў Python, а потым пазнаёміўся з чалавекам, які працаваў вядучым вэб-распрацоўшчыкам у адной кампаніі, — і ён параіў мне вэб-распрацоўку.

Я вырашыў паспрабаваць — пачаў вывучаць франтэнд, прайшоў інтэрактыўныя курсы (HTMLAcademy), і мне зайшоў гэты кірунак, так як ты можаш адразу бачыць вынік сваёй працы — прыгожыя і зручныя сайты. Мне гэта вельмі спадабалася. Аджа раней я толькі толькі сядзеў штодня за камп’ютарам і гуляў. Я не ведаў, кім хачу быць. Пасля таго як знайшоў такі варыянт, як вэб-распрацоўка, я стаў марнаваць на гульні дзесьці на 80% менш часу.

Куды паступаць, кім стаць, выбіраў цалкам сам, хоць бацькі і раілі штосьці. Проста я разумеў: важна прыйсці да таго, што табе падабаецца, самому.

Што думаеце пра крызіс у галіне? Ці ведаеце пра праблемы джуноў з пошукам працы? 

Наконт крызісу ў галіне: ён не такі крытычны. Думаю, хто хоча і прыкладзе намаганні, той знойдзе працу.

Так, цяпер у Беларусі джунам будзе складана ўладкавацца. Складана штосьці параіць. Як варыянт — можна шукаць працу сярод знаёмых, развіваць нэтворкінг. Гэта насамрэч вельмі важна: палегчыць шлях.

Ёсць яшчэ такі хак: перабольшыць досвед у рэзюмэ. Лічу, што цяперашнім часам можна такое зрабіць. Проста ў такім выпадку ў цябе ёсць шанец патрапіць на сумоўе. Асабіста я думаю, што змагу знайсці працу яшчэ на першым курсе, так як за 3 гады я атрымаў шмат камерцыйнага досведу: фрыланс + працаваў у камандзе + рэалізоўваў цэлы сайт — як франтэнд-, так і бэкэнд-распрацоўшчык.

Такія крызісы, мне здаецца, уплываюць на выбар прафесіі. Цяпер я, калі б быў пачаткоўцам, трохі засумняваўся б, ці пачынаць вучыць праграмаванне. Але тры гады таму крызісу не было, я паставіў сабе мэту і іду да яе, адступаць не збіраюся.

Ці маеце планы на 5-10 гадоў наперад? Кім і дзе сябе бачыце?

Планы на 5-10 гадоў наперад я маю. Думаю, што спачатку (першыя 2-3 гады) рэалізую сябе як распрацоўшчык. Далей, магчыма, падумаю над стварэннем чагосьці свайго.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Нашто прыдумалі цэнтралізаваныя экзамены ў школе? Спыталіся эксперта
Па тэме
Нашто прыдумалі цэнтралізаваныя экзамены ў школе? Спыталіся эксперта
«У садку 23 лютага імітавалі баявыя дзеянні». Айцішнікі пра «дзіцячую» прапаганду
Па тэме
«У садку 23 лютага імітавалі баявыя дзеянні». Айцішнікі пра «дзіцячую» прапаганду

Читать на dev.by