Як зрабіць тэставае і не стаць бясплатнай працоўнай сілай? Абмеркаванне

Джун у LinkedIn задала пытанне кам’юніці: «Як адрозніць тэставае заданне ад бясплатнага тэставання чарговага білда?»

10 каментарыяў

Вось яе гісторыя: невялікая прадуктовая кампанія дала заданне пратэставаць праграму для дзяцей. Дзяўчына выканала заданне (знайшла 30 багаў), але атрымала адмову. Кампанія паведаміла, што тэсціроўшчыца знайшла менш багаў, чым іншыя кандыдаты, і не падыходзіць. Спіс багаў выдаць адмовіліся. Пытанне ў гераіні такое: «Чаму б маленькім арганізацыям не наймаць тэсціроўшчыка, а выкарыстоўваць такіх джунаў, як я, з агнём у вачах у якасці бясплатнай працоўнай сілы?» Сабралі рэакцыю і парады кам’юніці. Discuss!

Гісторыя тэставага. Кажуць, знайшла мала багаў, але колькі іх было — не паказваюць

— Кампанія, якая даслала мне запрашэнне, займаецца распрацоўкай дзіцячых гульняў на развіццё, — кажа тэсціроўшчыца. — У штаце да 30 чалавек (паводле інфармацыі на сайце). З патрабаванняў: базавыя веды тэставання і жаданне развівацца.

Праграма, якую я тэставала — гульня па зборцы мазаікі для дзяцей прыблізна 2+ гадоў. Выява — заўжды адзін з відаў караблікаў. Спачатку яе трэба сабраць, потым выканаць іншыя заданні: «заправіць караблік», «пабудаваць нешта з дапамогай карабліка», «памыць караблік». На выкананне тэставага далі тры дні, — кажа тэсціроўшчыца.

Яна расказвае, што напісала чэк-лісты на ўвесь даступны функцыянал праграмы, пратэсціла, выставіла статус усім чэк-лістам (passed/failed). І распісала некалькі тэстаў і багаў, каб паказаць, што такі навык мае. На пачатак трэцяга дня ў яе было гатова 70 пунктаў чэк-ліста і распісана 10 тэстаў. Заставалася напісаць баг-рэпорты і справаздачу пра вынікі тэставання.

— Прыходзіць ліст: «Вызначаемся з кандыдатамі, пошук на вакансію часова прыпыняем». Але дазволілі скінуць працу на тым этапе, на якім яна была гатовая. Я скінула, і праз пяць дзён мне прыйшоў стандартны адказ: «Дзякуй, што вылучылі час на выкананне тэставага задання. На жаль, пакуль мы не гатовыя працягнуць зносіны па вакансіі QA. Нам хацелася б заставацца з вамі на сувязі <…>. Добрага дня і поспехаў у пошуках працы!»

Прычына адмовы: я знайшла менш багаў, чым іншыя кандыдаты (то-бок справа не ў тым, што я скінула тэставае, калі ў іх быў «прыпынены пошук»). Просьбу пра больш падрабязны фідбэк кампанія праігнаравала.

Іншыя суіскальнікі прыйшлі ў каментары

Паводле слоў тэсціроўшчыцы, знайшлося яшчэ каля 15 чалавек, якія рабілі гэтае ж заданне і атрымалі аналагічныя адказы. Некаторыя з іх расказалі пра гэта ў каментарах пад пастом.

Адна з суіскальніц піша, што радая, што не трапіла ў гэтую кампанію:

— Я таксама папрасіла спіс багаў, каб прааналізаваць сваю працу і зрабіць работу над памылкамі. Атрымала адказ: «У гэтым няма неабходнасці». Трэба падзякаваць сусвету, што не звязаў з гэтай кампаніяй — з людзьмі, якія не ўмеюць ставіць дакладныя задачы і лічаць нармальным вырашаць, варта мне рабіць работу над памылкамі ці не, мне відавочна не па дарозе.

На думку аўтара паста, распрацоўшчыкі праграм такім парадкам могуць закрываць пытанні тэставання сваіх прадуктаў:

— А чаму не, калі функцыянал не складаны, білд прамежкавы, і ёсць 20-30 кандыдатаў, гатовых зрабіць усё, каб атрымаць працу? Кожны знойдзе багі, потым усё гэта можна аб’яднаць і атрымаць практычна поўны спіс. І гэта ўсё бясплатна. А перад рэлізам — наняць дасведчанага тэсціроўшчыка, які праверыць канчатковы варыянт праграмы.

Мяркуючы з каментароў, праблема неаплачвальных тэставых хвалюе не толькі тэсціроўшчыкаў. Вось як апісваюць свой досвед іншыя карыстальнікі:

  • Даюць тэставае: «Прааналізуйце наш сайт/сацсеткі/рассылку і прапануйце рэкамендацыі па паляпшэнні». Даеш рэкамендацыі, цябе не бяруць. Потым бачыш, як праект упісвае тыя праўкі, якія ты пазначыў, як па чэк-лісце.
  • Мне больш за ўсё падабаецца тэставае заданне «распрацуйце маркетынгавую стратэгію для нашага брэнда на найбліжэйшыя паўгода». Калі я яе распрацую, то ў прынцыпе на працу мяне ўжо можна і не браць.
  • Калі адмінам на працу наймаўся, было тэставае: «У нас сеціва тармозіць, знайдзі, у чым праблема». Абследаваў за пару дзён, паездзіў па розных іх офісах, падаў заключэнне. Атрымаў адказ: «Мы думалі, ты нам усё выправіш, нам такія людзі не патрэбныя».

Парады кам’юніці, як не стаць бясплатнай працоўнай сілай

Карыстальнікі ў каментарах падзяліліся парадамі, як пазбегнуць такіх сітуацый. Сабралі асноўнае (пішыце свае варыянты ў каментарах):

  • Дамаўляцца на беразе пра правілы гульні. «Я выконваю бясплатныя тэставыя заданні ў выпадках, калі наўзамен мне дадуць: 1) падрабязную зваротную сувязь; 2) пазначаць спачатку ідэальны або чаканы вынік (знайдзіце 100 багаў); 3) плюсы ці хаця б мінусы выкананай працы». Калі кампанія не хоча прысвяціць вам час — гэта характарыстыка кампаніі. «Вы марнуеце час і маеце права чакаць, што кампанія таксама прысвеціць вам час, няхай і меншы. Рабіце высновы».
  • Скрынінг-сазвон з HR. «Пры першай перапісцы з HR ты спачатку праходзіш скрынінг-сазвон і толькі потым, калі „праходзіш“ першы этап, згаджаешся на тэставае. Калі яны выдаткавалі ~30 хвілін часу на сазвон з табой, ім не выгадна будзе падманваць цябе. На такім сазвоне можна ўдакладніць, што будзе ў тэставым, ці даюць фідбэк, колькі чакаць адказу па тэставым, колькі будзе адкрытая вакансія і ці былі ўжо паспяховыя кандыдаты. Win-win сітуэйшн. А ўсіх астатніх паспрабуй ігнараваць».
  • Наогул ігнараваць неаплачвальныя тэставыя ад маленькіх кампаній. «На жаль, гэты кейс сустракаецца часцей, чым хацелася б».
  • Глядзець на такія сітуацыі як на досвед. «Калі шукаў працу без досведу ў QA, браўся за любыя тэставыя. Калі не было адказу ці не падыходзіў, то разглядаў гэта як атрыманне досведу».

А як вы лічыце, неаплачвальнае тэставае = бясплатная праца?


Читать на dev.by