Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Працую як заведзены». Як айцішнік даў рады дэфіцыту ўвагі (не блытаць з пракрастынацыяй!)

Іван — senior UX/UI- і прадуктовы дызайнер. Год таму ён западозрыў у сябе сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці — пацвердзіў і пачаў лячэнне. 

6 каментарыяў
«Працую як заведзены». Як айцішнік даў рады дэфіцыту ўвагі (не блытаць з пракрастынацыяй!)

Іван — senior UX/UI- і прадуктовы дызайнер. Год таму ён западозрыў у сябе сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці — пацвердзіў і пачаў лячэнне. 

Як жыць і будаваць кар’еру з СДУГ, Іван расказаў devby.io. 

«З некалькіх месцаў працы вылятаў за пару месяцаў»

Іван успамінае, што ўсё дзяцінства дарослыя лічылі яго «разумным, але несабраным» або «лянівым».

— Я шмат гадоў жыў, не разумеючы, што са мной не так. З першага і яшчэ некалькіх месцаў працы (не ў ІТ) вылятаў літаральна праз пару месяцаў. Я працаваў з усіх сіл, але ў нейкі момант станавілася невыносна. Не мог прымусіць сябе засяродзіцца на задачы — проста сядзеў і нічога не рабіў.

З пераходам у ІТ стала прасцей — «менш дысцыплінарнага кантролю», працадаўцу цікавіць толькі вынік. 

— У СДУГ, як ні дзіўна, ёсць і плюсы: мозг працуе бязладна — але вельмі хутка. Калі я сапраўды працаваў, я рабіў гэта з крэйсерскай хуткасцю. І часта ўсё паспяваў.

Але ў ІТ праблема не знікла: 

  • Часам фізічна «ламала» праз працу, даводзілася прымушаць сябе нешта рабіць. Перасоўваў мышкай аб’екты на экране, нібы кожны з іх важыць тону.
  • Мог міжволі пераключацца на сацсеткі і YouTube. Выглядала гэта так, быццам бы я забіваў на працу і глядзеў відэаролікі. Але насамрэч я мог пра нешта задумацца, і бах — прыйшоўшы ў сябе, выяўляў, што сяджу на YouTube. 
  • Забываў пра мітынгі і сустрэчы, не мог утрымаць у галаве ўсе таскі. 

З апошнім трэба было нешта рабіць, бо акрамя працы ў мяне куча іншых інтарэсаў. Такое жыццё патрабуе канкрэтнага планавання: сёння ў мяне музыка, заўтра — навучанне па працы.

Unsplash

Я ўвесь час прыдумляў сістэмы — у Ехсel, Notion— з дапамогай якіх спрабаваў сябе арганізаваць. Нейкі час удавалася. Але потым мог захварэць або стаміцца, прапусціць тыдзень-другі — і губляў цікавасць да сваёй сістэмы. Вярнуцца да яе было як быццам фізічна немагчыма, моцны ментальны супраціў. 

«Пачаў слухаць падкасты пра СДУГ у дарослых — і знаходзіць супадзенні»

Іван цікавіцца псіхалогіяй. Праз перажыванні, звязаныя з тым, што ён не можа працаваць, «як усе», у маладога чалавека было некалькі дэпрэсіўных эпізодаў, таму ён прыйшоў у тэрапію. Год таму яму трапіліся падкасты пра СДУГ у дарослых (гэты канал быў першым, а далей Іван вывучаў тэму тут). 

— Я пачаў слухаць — і знаходзіць супадзенні, аж да дробязяў. Напрыклад, чалавек з СДУГ расказвае, як ён дае рады: «Я прыдумаў такую рэч: каб памыць посуд, кажу сабе, што памыю толькі пару талерак, пакуль не надакучыць. Так яму значна лягчэй пачаць рабіць. І тут я разумею, што раблю гэтак жа. 

Ці вось яшчэ: усё важнае чалавек з СДУГ трымае на вачах. Я граю на гітары, і калі інструмент у мяне перад вачыма — граю часта. Але варта прыбраць гітару ў чахол — ужо значна радзей дастаю яе. А калі прыбраць, напрыклад, у шафу — то магу наогул ніколі не дастаць. 

Паслухаўшы падкасты, Іван вырашыў звярнуцца да псіхіятра — спецыяліст правёў гутарку + тэсціраванне і пацвердзіў здагадкі. Ён выпісаў Івану прэпарат на аснове атамаксеціна. 

— У Беларусі, наколькі я ведаю, гэтыя таблеткі да лютага-сакавіка гэтага года не прадаваліся. У Грузіі, дзе я жыву цяпер, — іх няма, але я езджу па іх у Турцыю: з Батумі і назад на мікрааўтобусе 3 гадзіны. 

«Цяпер працую, як заведзены. Трэба ставіць таймер»

— Лекі дапамаглі адразу. Я якраз выйшаў на новую працу — і калі я пералічу, колькі я паспеў зрабіць усяго за 3 месяцы там, то атрымаецца прыкладна столькі ж, колькі за 1-1,5 года на папярэдняй працы, калі я ўвесь час змагаўся з СДУГ.

Што змянілася?

Па-першае, «сышлі» адцягненні. Пачаўшы прымаць лекі, я заўважыў, што ў мяне як быццам бы павялічыўся час да прыняцця рашэння. Мая свядомасць паспявае апрацаваць запыт: «А давай-ка клацнем на ўкладку Twitter» —  і я магу накласці вета, то-бок падумаць: «Не, не трэба! Працуем далей». У мяне больш кантролю над сваімі дзеяннямі.

Па-другое, няма адчування, што, выконваючы працу, ты нібы Сізіф валачэш на гару непад’ёмны камень. 

Я не ведаю, наколькі лекі набліжаюць мяне да нейратыповасці (думаю, што ў мяне застаюцца сімптомы СДУГ — проста яны не такія выяўленыя). Аднак цяпер я разумею, як няправыя былі тыя, хто называў мяне лянівым. Наадварот, я бачу: «Божухна, колькі ж я намаганняў прыкладваў, каб рабіць тое ж самае, што і мае калегі!» — ды мяне кім заўгодна можна назваць, але дакладна не гультаём. 

Цяпер я быццам бы атрымаў «суперсілу». Я працую як заведзены, — трэба ставіць таймер. Абраў для сябе схему 45/10: 45 хвілін працуеш — потым 10 адпачываеш. А часам і ён не дапамагае, тады прыходзіць жонка і кажа: «Ваня, ты ўжо 2 гадзіны сядзіш, адцягніся».

Па-трэцяе, значна менш памылак праз няўважлівасць. У мяне заўсёды былі складанасці з дробнай працай — пераканацца, што ва ўсіх іконак аднолькавая абводка, праверыць водступы, колеры. Я доўга збіраўся з сіламі, а потым усё роўна дапускаў памылкі, якіх людзі не чакаюць ад спецыяліста майго ўзроўню.

Нядаўна ў мяне было прыемнае пачуццё: я зразумеў, што магу рэкамендаваць сябе як спецыяліста — і ў мяне няма адчування, што я троху падманваю чалавека. Я і праўда добры работнік, які можа выдаваць вынік — і не ствараць сур’ёзных праблем, я магу за сябе паручыцца.

Цяпер я на сокавыціскальнай працы — але затое гэта добры тэст-драйв маіх новых здольнасцяў, бо няма ніякіх шанцаў, што такую працу вытрымаў бы Іван узору 2021.

Важны момант: разам з прыёмам таблетак я канчаткова перастаў ужываць алкаголь. І гэта таксама паўплывала, упэўнены. На маю нервовую сістэму алкаголь дзейнічае інакш — у мяне вельмі доўгае пахмелле: я туга цямлю, усё раблю павольна, мне хочацца спаць — і гэта можа доўжыцца 2-4 дні.

«Зразумець і прыняць, што ты не такі, як іншыя»: парады Івана людзям з СДУГ і сабе ў мінулым

Мы папрасілі Івана скласці спіс парад сабе ўзору 2021 года і ўсім, хто мае СДУГ. 

  1. Першае і галоўнае — дайсці да псіхіятра, каб дыягнаставаць СДУГ.
  2. Вельмі важна зразумець і прыняць, што ты не такі, як іншыя людзі. Нармальна ставіцца да сваіх асаблівасцяў і індывідуальных спосабаў вырашыць праблему. Напрыклад: «Я памыю некалькі талерак, а там — як пойдзе». Не варта ставіць сабе план накшталт «гадзіну на дзень займацца англійскай». Стаўце «смешныя» мэты: адкрыць падручнік па англійскай — і прачытаць 2 выпадковыя словы. Як паказвае мая практыка, часта ты працягваеш чытаць далей. І не варта баяцца мяняць методыкі: давайце мозгу разнастайнасць!
  3. Хутчэй за ўсё пры СДУГ вы маеце праблемы з сацсеткамі.  Праграмы для кантролю могуць блочыць Instagram, Twitter і іншыя сацсеткі праз пазначаны час. 
  4. А з тэлефонам я раблю яшчэ прасцей — закідваю на канапу ў іншым канцы пакоя, і так павялічваю час на прыняцце рашэння. Гэты час, дарэчы, можна карэктаваць сабе на карысць. Напрыклад, калі ты хочаш навучыцца граць на гітары, яна мае быць у зоне доступу. А тэлефон — наадварот далёка, калі ты не хочаш у ім заліпаць. 
  5. Не ленавацца тлумачыць людзям, чым ты адрозніваешся, у чым твае моцныя і слабыя бакі. Калі хоць бы блізкія перастануць накладваць на цябе непасільныя чаканні, гэта ўжо значна паўплывае на ўзровень жыцця. А ўжо калі калегі або працадаўца ўвойдуць у становішча, то наогул супер!
Unsplash

Іван лічыць, што аддаленая праца — таксама выхад для чалавека з СДУГ: працадаўца ацэньвае вынік у абумоўленыя тэрміны.

У людзей з СДУГ часам бывае emotional overwhelm — і ім проста неабходна пайсці гадзіну паспаць, а потым працаваць далей. У ІТ-офісах часта ёсць рэст-румы. У Gurtam, напрыклад, нармальна ставіліся да таго, што перыядычна я сыходзіў паляжаць на канапе. Але заўсёды знаходзіўся хтосьці, хто пытаўся: «О, а чаго ты тут ляжыш?» Замест адпачынку трэба было тлумачыць.

Што рэкамендуе псіхолаг, якая працуе з СДУГ

Алёна больш за чатыры гады дапамагае кліентам з СДУГ знаходзіць лайфхакі, рэкамендуе віды тэрапіі, якія могуць быць ім карысныя. 

— Цікавасць да СДУГ расце, гэтая праблема вельмі актуальная сёння. Людзі займаюцца самадыягностыкай, дзякуючы каналам на YouTube і TikTok, або знаходзяць па рэкамендацыях спецыялістаў (другое, вядома, дакладнейшае).

Сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці — гэта і дар, і бяда. Як правіла, у ІТ-спецыялістаў з ім ёсць асаблівыя рысы: кемлівасць, энергічнасць, заразлівая эмацыйнасць, здольнасць генераваць ідэі, натхняць, рабіць творчую працу хутка, калі яна ім падабаецца. З іх атрымліваюцца добрыя нефармальныя лідары. Мінусы: нежаданне выконваць руцінныя справы, няздольнасць сканцэнтравацца ў патрэбны момант, вельмі складана выбіраць прыярытэты, даводзіць да канца задачы, якія складаюцца са мноства крокаў, хуткае згасанне цікавасці да праектаў, людзей, кампаній, адносін.

Іван адказна паставіўся да свайго стану, атрымаў медыкаментозную дапамогу і псіхатэрапію, шукае спосабы сябе «прапампаваць» — гэта выдатна.

І ў той жа час я бачыла ў сваёй практыцы людзей з СДУГ цяжкай ступені, у якіх attention span (час канцэнтрацыі на задачы) складаў не больш за 1-2 хвіліны. Атамаксецін быў тады недаступны, а індывідуальная тэрапія, на жаль, не прыносіла значных вынікаў.

Кар’ерны шлях у такіх выпадках вельмі перарывісты — і гэта сумна.

Часта такія спецыялісты сыходзяць з ІТ у іншыя сферы, дзе шмат дынамікі, зносін, перасоўванняў, і адчуваюць сябе там нашмат лепш. Я зрабіла гэтак жа ў свой час.

У Беларусі цяпер праводзяцца трэнінгі навыкаў арганізацыі і планавання для людзей з СДУГ. Я праходзіла такі сама і ўвесь час пераконваюся, што ён эфектыўны. Людзі ў групе матывуюць адно аднаго выконваць практыкаванні на пастаноўку мэтаў, пераадоленне пракрастынацыі, заснаваныя на кагнітыўна-паводзіннай тэрапіі. Дапамагаюць не заплюшчваць вочы на дэпрэсію, выгаранне, імпульсіўнасць, і абменьваюцца парадамі. Прайсці такі трэнінг — мая першая рэкамендацыя. 

Дапаможа таксама падтрымка супольнасці людзей з СДУГ — для беларусаў такое таксама ёсць. Дзіўна, наколькі сыходзяцца праблемы ў СДУГ-шак і як бывае прыемна выгаварыцца. Пагаварыць пра сваё жаданне поспеху, пра дысфарыю адчувальнасці да адхілення, пра безуважлівасць і «заліпанне» на пэўных тэмах.

Знаходзьце сваіх псіхіятраў, псіхолагаў, аднадумцаў, прэпараты, віды тэрапіі — і СДУГ будзе пад кантролем.

«Уходил с проектов через месяц-другой физически не мог заставить себя работать». Как разработчик-сеньор сменил континент и справился с синдромом дефицита внимания
«Уходил с проектов через месяц-другой, физически не мог заставить себя работать». Как разработчик-сеньор сменил континент и справился с синдромом дефицита внимания
По теме
«Уходил с проектов через месяц-другой, физически не мог заставить себя работать». Как разработчик-сеньор сменил континент и справился с синдромом дефицита внимания

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

dimonn12
dimonn12 программист в 2013-08-01
3

Можно контакты психиатра, который поставил диагноз? А то сплошь и рядом инфоцыгане. Остается только идти в государственные поликлиники

Johannes Kepler
Johannes Kepler Наливатель и закусыватель в Наливаем и закусываем
-5

"Когда я действительно работал, я делал это с крейсерской скоростью. И часто всё успевал."
Крейсерская скорость от слова крейсер? Ну тут даже психиатора не надо, клиент сам о себе все рассказал

4

Удачи парниша! Вовремя и правильно поставленный диагноз почти наверняка успех.

Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 17 красавіка 2024, 16:17

slacker
slacker DevOops в dev/null
3

всё будет хорошо

3

Да, и контакты Алены тоже хочется узнать!

2

можно писать на email [email protected]