Пра ўзлёты і падзенні. Крыптавынікі 2022 і што яны значаць для рынку
У 2022 годзе рынак крыптавалют перажыў пастражэнне грашова-крэдытнай палітыкі ў ЗША, лічбавыя накапленні хутка абясцэньваліся. Крах праекта Terra, банкруцтва Celsius Network і Voyager Digital. Кульмінацыя — заняпад біржы FTX. Якімі фэйламі запомніўся крыптавалютны 2022 год, дзе ён цяпер і што яго чакае? Разбіраемся ў нашым аглядзе.
Мінулы год пачаўся адносна спакойна. Microsoft заявілі пра планы куплі Activision Blizzard за казачныя $68,7 млрд, колькасць заражаных COVID-19 у свеце перавысіла 300 млн чалавек, а 4 лютага ў Пекіне пачалася зімовая алімпіяда.
Тым часам заакіянскія тэхнакраты і фінансісты з першага шэрагу назіралі глабальны фінансавы фэйл. Фондавы рынак ЗША ўпаў на 16%, рынкі аблігацый — на 20%, а за імі пасыпалася і крыпта. Яна абясцэнілася ў сярэднім на 50% у параўнанні з пікавым значэннем у 2021 годзе.
Цэнтральныя банкі пачалі павышаць працэнтныя стаўкі, каб запаволіць інфляцыю і знізіць тэмпы эканамічнага росту. Пастрожыліся грашова-крэдытная і падаткова-бюджэтная палітыкі. Нерухомасць, акцыі буйных кампаній, купля дзярж. аблігацый ЗША, словам, уся рынкавая класіка адчула на сабе сур’ёзны ціск. А вось крыпта, здаецца, падрыхтавалася да самага вялікага адмоўнага скачка за сваю гісторыю. Аджа тое, што дазваляла ёй расці раней — прыемныя працэнтныя стаўкі, грашовая маса, якая расце, і глабальны эканамічны рост, — падрыхтавала глебу для яе падзення.
Прычыны падзення крыптавалюты ў 2022 годзе
Цікавасць інвестараў да крыпты была абумоўленая шэрагам фактараў. І на пачатку 2021 года дасягнула рэкордных максімумаў. Крыптавалютныя сэрвісы і праграмы, створаныя на блакчэйне, сур’ёзна нарасцілі базу карыстальнікаў.
Крыптабіржы прапаноўвалі даходнасць, якой нельга было знайсці на традыцыйных рынках (12-15% гадавых на крыптабіржы ў процівагу класічным 1-3%). З’явілася вера ў вечны крыптацуд. Трэйдары, інстытуцыйныя інвестары і спекулянты розных узроўняў выкарыстоўвалі пазыковыя сродкі, бралі грошы па нізкіх стаўках і ўсё больш разагравалі рынак.
Але пры канцы другога квартала 2022 года капіталізацыя крыптарынку рэзка ўпала на $1 трыльён. Прычына — павышэнне працэнтных ставак ЦБ буйных эканомік свету і палітыка па зніжэнні рынкавай ліквіднасці таргаваных актываў (уласцівасць актыву быць хутка прададзеным па цане, блізкай да рынкавай, — заўв.), якую яны праводзілі. Інвестары сталі пераводзіць сродкі з рызыкоўнай крыпты ў надзейнейшыя банкаўскія аблігацыі.
Вялікі зыход фундатараў справакаваў абвал і банкруцтва блакчэйн платформы Terra, а яе галоўны стэйблкойн UST скасаваў прывязку да долара ЗША. Дзясяткі блакчэйн платформаў падалі заяўкі пра банкруцтва, у тым ліку такія кампаніі, як Celsius Network і Voyager Digital. Інвестары страцілі мільярды долараў, і агульны рынак апынуўся ў яшчэ большым заняпадзе.
Што сталася з біржай FTX
Пры канцы лета 2022 года сітуацыя пачала паступова стабілізавацца. Упэўненасць вярталася на рынкі дзякуючы FTX. Буйной біржы, якая выратавала пляцоўку BlockFi ад банкруцтва. Памер дапамогі склаў $250 мільёнаў. Дырэктар FTX — Сэм Бэнкман-Фрыд — працягваў інвеставаць у крыптавалютныя кампаніі, ратаваць праблемныя стартапы. І заслужыў для FTX рэпутацыю крыптавалютнага Сусветнага банка.
Але ўвосень CoinDesk выпусціла расследаванне пра FTX і дачку кампаніі Alameda Research. Выявілася, што кіраўніцтва кампаніі ў асобе Сэма Бэнкмана-Фрыда выкарыстоўвала грошы ад буйных інвестараў і крэдытораў, наўзамен даючы віртуальныя забавязанні, якія не маюць рэальнай каштоўнасці. То-бок, іншымі словамі, біржы пагражаў немінучы крызіс неліквіднасці. Або, кажучы яшчэ прасцей, — інвестыцыі, якія паступалі, рана ці позна не змаглі б пакрыць выплаты па працэнтах іншым фундатарам.
Інвестары пачалі масава выводзіць грошы і прадаваць токен FTX — FTT. Кіраўнік крыптабіржы Binance паведаміў, што прадасць усе наяўныя токены кампаніі, пасля чаго курс манеты FTT упаў на 23%.
У выніку цана FTT звалілася ад $26 да $1. У рэшце рэшт біржа закрыла магчымасць вываду сродкаў. І пры канцы лістапада падала заяву пра абарону ад банкруцтва. Крыптавалютныя рынкі абваліліся. А інвестары пакінулі або спешна пакідалі карабель, які тануў.
Значыць, крыпта і блакчэйн — усё? Эксперты мяркуюць інакш
Апісаныя вышэй прыклады няўдач, банкруцтваў і правалаў не былі выкліканыя збоем базавай тэхналогіі блакчэйну. Наадварот, менавіта ў гэтай галіне назіраліся асноўныя прарывы. Так, Ethereum у 2022 годзе перайшоў ад блакчэйну з доказам працы (proof-of-work) да блакчэйну з доказам долі (proof-of-stake). Што, на думку экспертаў, добра паўплывала як на экасістэму Ethereum, так і на перспектывы тэхналогіі ў цэлым.
Заканадаўцы ў ЗША і свеце распрацоўваюць законы, каб зрабіць крыптавалюту бяспечнейшай для інвестараў і менш прывабнай для кіберзлачынцаў.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.